Што б ні адбывалася ў сьвеце, заўсёды знойдзецца нагода напісаць пра Жузэ Сарамагу, партугальскага пісьменьніка і ляўрэата Нобэлеўскай прэміі (1998). Вось і цяпер — Беларусь без асаблівага трымценьня чакае чарговых выбараў, і каб чымсьці гэтае ня надта напружанае чаканьне забавіць, так і хочацца перачытаць яго раман «Пра зоркасьць» (Ensaio Sobre a Lucidez, 2004), у рускім перакладзе вядомы як «[Про]зрение». Пераклаўшы гэты раман на рускую мову ў 2013 годзе, Аляксандр Багданоўскі напісаў у прадмове: «З таго часу [з моманту выданьня раману] ня здарылася ніводнай палітычнай падзеі, якая не была б цалкам ці часткова апісаная ў гэтым рамане. Я кажу не пра Партугалію». Паглядзім, ці ёсьць там нешта пра Беларусь.
Існуе пэўная спакуса назваць раман «Пра зоркасьць» палітычным — у цэнтры твору стаяць выбары ў асобна ўзятай дэмакратычнай краіне, пра якую мы амаль нічога ня ведаем, апроч аднаго вельмі цікавага факту, пра які трошкі пазьней. Жанр палітычнага раману вызначаецца па-рознаму: гэта можа быць і твор, які прапануе бачаньне ідэальнага сьвету (і, адпаведна, ідэальнага палітычнага ладу — то бок фактычна палітычная ўтопія), і твор пра закулісныя палітычныя інтрыгі, брудныя, але такія захапляльныя, і твор пра кар’еру таго ці іншага сапраўднага ці выдуманага палітыка. Самы знакаміты палітычны раман такога пляну, заснаваны на рэальных падзеях, — «Усе ваяры караля» (All the King’s Men) Робэрта Пэна Ўорэна — апавядае пра беспрынцыповага губэрнатара штату, які спрабуе любым коштам падняцца па прыступках улады і высунуцца ў Сэнат. Аднак у рамане Сарамагу межы паміж палітычным і магічным сьціраюцца, а палітычны выбар кожнага з герояў твору спрычыняецца да цуду, хоць цудам па сутнасьці не зьяўляецца.
У шэрагу сваіх раманаў Сарамагу дасьледуе грамадзтва, ставячы яго ў надзвычайныя ўмовы. Так, напрыклад, у рамане «Каменны плыт» Пірэнэйскі паўвостраў аддзяляецца ад астатняй Эўропы і пачынае свабодна дрэйфаваць у акіяне, у рамане «Перабоі ў сьмерці» людзі перастаюць паміраць, не перастаючы пры гэтым цярпець ад хваробаў і ран, а ў адным з самых значных раманаў Сарамагу «Сьлепата» жыхары той самай асобна ўзятай дэмакратычнай краіны, пра якую пасьля будзе напісаны раман «Пра зоркасьць», нечакана пачынаюць траціць зрок. І калі ў першых двух раманах аўтар дазваляе сваім героям застацца людзьмі — яны панікуюць, кідаюцца ў крайнасьці, зьдзяйсьняюць злачынствы, аднак усё яшчэ пакідаюць чытачу шанец убачыць у творы хай і не пазбаўлены долі праўды, але ўсё ж жарт, то раман «Сьлепата» разьбівае любыя ілюзіі наконт здольнасьці чалавецтва захаваць у надзвычайных абставінах чалавечы твар. У сваёй нобэлеўскай лекцыі Сарамагу гаворыць пра раман «Сьлепата» так: «Вучань падумаў „Мы сьляпыя“ і пачаў пісаць „Сьлепату“, каб нагадаць магчымаму чытачу, што мы здраджваем розуму, калі зьневажаем жыцьцё, што чалавечая годнасьць штодзень абражаецца моцнымі гэтага сьвету, што паўсюдная хлусьня заняла месца шматлікіх ісьцін, што чалавек страціў самапавагу тады, калі страціў павагу да бліжняга» (тут і далей пераклад лекцыі з партугальскай Натальлі Козінцавай).
У рамане «Пра зоркасьць» аўтар таксама ставіць экспэрымэнт. Пасьля падліку галасоў на выбарчых участках аказваецца, што пры беспрэцэдэнтна высокай яўцы выбаршчыкаў агучыць вынікі галасаваньня няма ніякай магчымасьці: 75% бюлетэняў трапіла ў урну ў незапоўненым выглядзе. Паўторныя выбары сытуацыю не ратуюць — незапоўненымі аказаліся 83% бюлетэняў. Такое рашэньне людзей, якія выканалі свой грамадзянскі доўг паўдзельнічаць у выбарах, але скарысталіся сваім дэмакратычным правам нічога падчас іх не выбіраць, мела эфэкт, супастаўны з аддзяленьнем Пірэнэйскага паўвостраву ад кантынэнту. Паставіўшы жыхароў сваёй краіны ў такія ўмовы, аўтар паказаў тую прорву, якая ляжыць паміж уладай і адчужанымі ад яе грамадзянамі, і змадэляваў канфлікты, якія такая сытуацыя можа справакаваць. Агульнае напружаньне ў грамадзтве выбухае тэрактам у мэтро, які ставіць перад героямі рамана новыя пытаньні, адказу на якія ні ў каго няма.
«Пра зоркасьць» прачытваецца і як асобны твор, аднак аўтарам ён задумваўся як сіквэл да раману «Сьлепата», які шмат дадае да разуменьня дзіўнага твору пра выбары. Той, хто прачытаў «Сьлепату», ведае, што некаторы час таму ў асобна ўзятай дэмакратычнай краіне панавала эпідэмія: хвароба рабіла людзей невідушчымі, яны пакутавалі на «белую сьлепату», калі перад вачыма ў чалавека стаіць толькі малочная белізна. Грамадзтва прайшло жахлівыя выпрабаваньні і ў адзін цудоўны дзень зноў пачало бачыць, і гэтая новая зоркасьць — у тым ліку палітычная, новае разуменьне жыцьця сваёй краіны — паказаная аўтарам праз вобраз «белых бюлетэняў». Грамадзяне не выходзяць на вуліцу з пратэстамі, яны жывуць сваім мірным жыцьцём, бяруць на сябе адказнасьць, ад якой адмаўляецца ўлада — і гэтага дастаткова для таго, каб эпідэмія зоркасьці перавярнула іх сьвет чарговы раз.
Жузэ Сарамагу — пісьменьнік левых поглядаў, якія знаходзяць адлюстраваньне ці не ў кожным яго творы. Аднак зводзіць раман «Пра зоркасьць» да гэтых поглядаў нельга — ды і немагчыма. Раман «Пра зоркасьць» — гэта і сатыра, і прыпавесьць, і нават рашучыя палітычныя праціўнікі аўтара ацэняць яго апавядальніцкае майстэрства. Гаворачы ў нобэлеўскай лекцыі пра герояў іншага свайго раману — а па вялікім рахунку, любога са сваіх твораў, у тым ліку раману «Пра зоркасьць» — Сарамагу адзначае: «І гэтыя мужчыны й жанчыны, што падняліся зь зямлі, спачатку рэальныя, потым кніжныя, навучылі мяне быць цярплівым і давяраць часу, таму часу, што адначасова стварае і разбурае нас, каб потым ізноў стварыць і зьнішчыць. Я толькі ня ўпэўнены, што напоўніцу засвоіў рысу, якая дзякуючы цяжкім выпрабаваньням зрабілася цнотаю гэтых людзей, — прыродную стойкасьць у сутыкненьнях з жыцьцём. Аднак тое, што гэты ўрок і цяпер, праз дваццаць гадоў, мая памяць ашчадна захоўвае, што кожны дзень я адчуваю ў душы яго пастаянную прысутнасьць, значыць, што ў мяне яшчэ ёсьць надзея стаць вартым узораў велічнай годнасьці, бачаных на неабсяжных раўнінах Алентэжу. Час пакажа».