Вызваленьне палітвязьняў у Беларусі камэнтуе Рыгора Ёфэ, амэрыканскі палітоляг, прафэсар Рэдфардзкага ўнівэрсытэту, аўтар кнігі «Пераацэньваючы Лукашэнку: Беларусь у культурным і геапалітычным кантэксьце».
Ёфэ: Лукашэнка дакладна разьлічыў, калі варта вызваліць людзей, якіх Захад лічыў палітвязьнямі. Гэта зроблена да прэзыдэнцкіх выбараў, што пазбаўляе Эўразьвяз і ЗША галоўнага аргумэнту на карысьць працягу санкцыйнай палітыкі. Па геапалітычных меркаваньнях, Захад даўно хацеў бы зьняць гэтыя санкцыі і, цалкам магчыма, прызнаць вынікі выбараў, але прынцып захаваньня твару не дазваляў гэта зрабіць без вызваленьня палітвязьняў. Лукашэнка вызваліў гэтых людзей ня проста да выбараў, а за паўтара месяцы да іх — тэрмiн недастатковы для таго, каб Мікалай Статкевіч мог паўплываць на перадвыбарчы расклад, але цалкам дастатковы для таго, каб і без таго бездапаможная апазыцыя апынулася ў роспачы.
Зыходзячы зь першых заяваў Статкевіча, байкот выбараў цяпер не ўяўляецца магчымым, паколькі гэта ня той плян, які рэалізуюць з пазыцыі слабасьці, калі некалькі статусных кандыдатаў схібілі, не сабраўшы подпісаў. Цяпер яшчэ нядаўна нікому не вядомая Тацяна Караткевіч стане дэ-факта адзіным кандыдатам ад апазыцыі, і тут магчымыя ўсякія варыянты: ад ідэйнага саюзу са Статкевічам да братаньня з афіцыёзам. І ніхто не зможа папракнуць Лукашэнку, што ён перашкодзіў апазыцыйным кандыдатам зьбіраць галасы. Адным словам, чарговая элегантная перамога!
Не забудзем яшчэ і пра страшэнную патрэбу ў заходніх крэдытах. Яны патрэбныя і як проста жывыя грошы, і для таго, каб збалянсаваць фінансавую залежнасьць ад Расеі. Зараз шлях да крэдыту МВФ адкрыты. І Расея ня зможа відавочна процідзейнічаць далейшаму паляпшэньню адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам. Лукашэнка ня даў ёй фармальных падстаў для незадаволенасьці. Адным словам, Аляксандр Рыгоравіч ізноў усіх паклаў на лапаткі.