«Нельга сказаць, што сёньняшняе рашэньне Аляксандра Лукашэнкі аб вызваленьні палітвязьняў было раптоўным, як сьнег на галаву. Кіраўнік дзяржавы анансаваў яго яшчэ на сустрэчы з прадстаўнікамі незалежных СМІ. Тады прагучала фраза, што калі і вызваляць Статкевіча датэрмінова — то менавіта перад выбарамі. Лукашэнка тады прагаварыўся пра свой цынічны разьлік, каб па выніках выбараў атрымаць ляяльную ацэнку Захаду і стварыць глебу для нармалізацыі стасункаў з Эўразьвязам і ЗША. Раней Лукашэнка казаў пра Статкевіча, што калі той ня хоча пісаць прашэньне аб памілаваньні, то хай сядзіць, і дэманстраваў гэтым асабістую непрыязь да асобы Статкевіча.
Мікола Статкевіч зьяўляўся змрочным сымбалем расправы за Плошчу. І відавочна, што цяпер Лукашэнка саступае Захаду і тым самым павышае свае шанцы, каб выйсьці са становішча ізгоя і атрымаць пэўныя выгоды ад ЭЗ, новыя крэдыты МВФ.
Да таго ж, прыклад Украіны сьведчыць, што прывязка Беларусі да Масквы небясьпечная, і Беларусі трэба ўмацоўваць падмурак незалежнасьці, паляпшаючы дачыненьні з Захадам.
Але, як паказвае ранейшая практыка, няма ніякіх гарантый, што пры гэтым рэжыме не зьявяцца новыя палітвязьні. Не выпадае чакаць істотнай лібэралізацыі, пакуль кіруе Аляксандар Лукашэнка».