Жыве ён у вёсцы і забясьпечвае свойскай бульбай чатыры сям’і. Гаспадар дваццаці сотак агароду цьвердзіць: эфэктыўнасьць ягонай працы вышэйшая за прэзыдэнцкую. На ягоную думку, кіраўнік дзяржавы мусіць больш дбаць пра дабрабыт беларускага народу, а не займацца сумнеўным піярам сваёй гаспадарчай дзейнасьці.
Пётар Мігурскі — жыхар вёскі Дабрэйка Шклоўскага раёну. Чалавек ён вядомы ня толькі сярод аднавяскоўцаў, але і сярод сваіх калег аграрнікаў. Некалі кіраваў мясцовым калгасам, займаўся фэрмэрствам ды выкладаў эканамічныя дысцыпліны ў Магілёўскім унівэрсытэце харчаваньня. Ягоная дасьведчанасьць у сельскай гаспадарцы запатрабаваная. Нярэдка ён выступае экспэртам у праектах грамадзкіх арганізацыяў.
«У мяне з дваццаці сотак агароду дзевяць займае бульба. Гэта трыццаць восем баразёнак. З кожнай маю па два мяхі бульбы. Зьбяру ня менш за 80 мяхоў», — прагназуе свой бульбяны ўраджай Пётар Мігурскі.
«Паводле маіх разьлікаў, прэзыдэнцкі ўраджай бульбы склаў меней за 163 цэнтнэры з гектару. А гэта дужа сьціпла, — разважае суразмоўца. — Многія ж раёны ў Беларусі зьбіраюць больш за 300 цэнтнэраў з гектару. У мяне ж ураджайнасьць — 369 цэнтнэраў. Гэта нармальная сярэдняя ўраджайнасьць бульбы для асабістай падсобнай гаспадаркі».
Пётар Мігурскі капаць бульбу пакуль не сьпяшаецца, аднак, як ён кажа, для «кухонных патрэбаў» патроху яе выбірае. На бульбяное поле сям’ёю зьбіраецца празь месяц. Бульбоўнік пакуль ня зжух, адзначае гаспадар. Стаіць зялёным. Суразмоўца падкрэсьлівае: бульбу высаджвае і капае традыцыйна, па-вясковаму, канём.
«Мы не выкарыстоўваем дарагія дэфіцытныя гаруча-змазачныя матэрыялы ды тэхніку, не наймаем людзей, — даводзіць ён. — А ў прэзыдэнта мы бачым, што бульба высаджвалася саджалкай. Акрамя таго, прэзыдэнту, відаць, не высаджвалі бульбы масавых гатункаў. Гэта былі элітныя гатункі. І калі я бачу, што эліта дала такі вынік, то я не зусім разумею, навошта было рэклямаваць неэфэктыўны вынік такой працы. Я б у працы палітыка зьвяртаў увагу на куды больш важны складнік яе выніку — узровень дабрабыту народа, а ён у нас падае».
Не пад кожным бульбяным калівам на полі Мігурскага клубні былі буйнымі, і іх было шмат. Траплялася і нямала драбнаты. Яе, даводзіў гаспадар, скарыстаем на корм жывёле. Не прамінаў ён, уздымаючы каліва, адзначаць, што яго бульба яшчэ расьце.
Паводле суразмоўцы, чакаць сёлета вялікага ўраджаю бульбы і іншых сельскагаспадарчых культур не выпадае, бо год выдаўся неспрыяльны для іх.
«Завысокія былі тэмпэратуры, бракавала вільгаці, — тлумачыць ён. — Калі кажуць, што ўраджайнасьць зерневых, да прыкладу, будзе гэткай ж, як і летась, то я ў гэта ня веру, бо ня тыя ўмовы. Аднак, зь іншага боку, для нармальнага гаспадара ўмовы надвор’я не настолькі вызначальныя. Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць атрымліваць высокія ўраджаі пры любых абставінах. Павінны выкарыстоўвацца найноўшыя тэхналёгіі, распрацаваныя на навуковай базе».
Адгарнуўшы чарговае каліва, суразмоўца працягнуў разважаць над сюжэтам пра бульбяны ўраджай Аляксандра Лукашэнкі. Заўважае, што некаторыя ягоныя знаёмцы наважваліся яму выказваць сваё стаўленьне да ўбачанага, і яно было ня дужа пазытыўным:
«Сяляне пасьмейваліся ды падзівіліся, як прэзыдэнт, аграрнік, які мусіў разьбірацца ў такіх справах і дапусьціў, каб гэтак нязграбна выглядаць. І тое, што сын Коля па полі бегаў, нібы галоўны бульбавод краіны, і што ў белай вопратцы бульбу капалі, і тое, што на полі сабраліся бізнэсмэны...», — пераказвае словы сялян Мігурскі.
Ён лічыць: гаспадарамі на зямлі застаюцца фэрмэры і падсобныя прыватныя гаспадаркі. Яны робяць значны ўнёсак у трываласьць харчовай бясьпекі краіны, нягледзячы на неспрыяньне з боку чыноўнікаў:
«Калі пачалі змагацца з падсобнымі прыватнымі гаспадаркамі літаральна з 1995 году, то яны не ўлічылі, што ілюзія пасьпяховасьці сельскагаспадарчай вытворчасьці базавалася на аб’ёмах вытворчасьці ў прыватных сельскіх гаспадарках. Тады малака выраблялі да 60 працэнтаў, мяса ад 45 да 65 працэнтаў. Тады гэтыя гаспадаркі фармавалі харчовы кош беларускага насельніцтва. Пачалі зьнішчаць вытворчасьць сельскагаспадарчай прадукцыі, якая дагэтуль трымаецца на прыватнай форме ўласнасьці і на асабістым працоўным удзеле сялян, і ўся сельская гаспадарка кожны год патрабуе ўсё больш фінансавых укладаньняў з боку дзяржавы, і пэрспэктываў у такой сельскай гаспадаркі няма».
Пётар Мігурскі свойскую бульбу падзеліць з сваімі дзецьмі. Прадаваць яе не зьбіраецца. Пакуль гутарылі зь вяскоўцам, ён накапаў, як выказаўся, прэзыдэнцкі мех бульбы — 42 кіляграмы.
Аляксандар Лукашэнка капаў бульбу ў сваёй рэзыдэнцыі ў Драздах у мінулыя выходныя. Паводле прэсавага сакратара кіраўніка дзяржавы Натальлі Эйсмант: «З участкам 18 сотак справіліся за паўтары гадзіны. Ураджай парадаваў — сем дзясяткаў мяхоў бульбы». Заяўлялася, што скапаная гародніна будзе перададзеная ў дзіцячыя дамы і дамы для састарэлых. Разам з Аляксандрам Лукашэнкам капаў бульбу і ягоны малодшы сын Мікалай. Дапамагала ім немалая грамада народу.