«Беларускі партызан» атрымаў інфармацыю аб арышце ўплывовага бізнэсмэна, аднаго з саўладальнікаў холдынгу «Трайпл» Уладзіміра Япрынцава.
Паводле крыніцы «Беларускага партызана», арыштавалі Уладзімера Япрынцава ў Менску, адразу пасьля яго вяртаньня з Масквы. Аднаго з самых уплывовых і багатых бізнэсоўцаў Беларусі бралі па ўсіх правілах сілавога «маскі-шоу» з удзелам спэцназу.
Ніякіх падрабязнасьцяў крымінальнай справы супраць партнэра Юрыя Чыжа, саўладальніка «Трайплу» пакуль няма. Сілавыя структуры Беларусі ніякіх камэнтароў не даюць. Беларускія бізнэсмэны, якія вялі справы з Япрынцавым і групай «Трайпл», адмаўляюцца што-небудзь казаць наогул. Ніхто не разумее прычын здарэньня.
Тэлефон Уладзімера Япрынцава не адказвае. Немагчыма датэлефанавацца і да яго найбліжэйшай памочніцы ў кампаніі.
Асабістая памочніца Юрыя Чыжа на пытаньні журналіста «Беларускага партызана» сказала, што нічога камэнтаваць ня будзе і ня можа ні пацьвердзіць, ні абвергнуць гэтую інфармацыю.
Уладзімер Япрынцаў — трохразовы чэмпіён сьвету па самба, трохразовы чэмпіён Эўропы па самба, уладальнік Кубку сьвету і нават доктар філязофскіх навук. Ён віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскай асацыяцыі самба, старшыня Беларускай фэдэрацыі самба і Беларускай фэдэрацыі дзюдо. Чэмпіён сьвету па самба сярод вэтэранаў.