Працэс адбываецца ў расейскім Растове-на-Доне, у Паўночна-Каўказкім акруговым ваенным судзе.
Алега Сянцова абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме. Для палітычнага актывіста Аляксандра Кольчанкі, які таксама абвінавачаны ў гэтай справе, пракурор папрасіў 12 гадоў пазбаўленьня волі з абмежаваньнем волі на адзін год і шэсьць месяцаў.
Сёньня ў судзе пачаліся спрэчкі па гэтай справе. Сянцоў і Кольчанка адмовіліся выступаць у спрэчках
Абарона Алега Сянцова заклікала судзейскую калегію апраўдаць ўкраінскага рэжысэра. «Прашу цалкам апраўдаць Сянцова, які ніякай тэрарыстычнай арганізацыі не ствараў», — заявіў адвакат Уладзімер Самохін.
На сёньняшняе пасяджэньне па справе Сянцова і Кольчанкі прыехала Вера Саўчанка, сястра ўкраінскай вайскоўкі Надзеі Саўчанкі, якую ў Расеі абвінавачваюць у дачыненьні да забойства двух журналістаў. Але Веру Саўчанку не пусьцілі ў залю, патлумачыўшы гэта недахопам месцаў.
Сянцоў быў затрыманы супрацоўнікамі ФСБ РФ у траўні 2014 году ў анэксаваным Расеяй Крыме.
Шэраг расейскіх і замежных дзеячаў мастацтва і праваабаронцаў ня раз выказваліся ў абарону і падтрымку ўкраінскага рэжысэра і лічаць абвінавачваньні, вылучаныя супраць яго, надуманымі і палітычна матываванымі. Эўрапейская кінаакадэмія ўчора апублікавала новы ліст да расейскіх уладаў з патрабаваньнем вызваленьня Алега Сянцова.