«Я ўпэўнены, што 10 красавіка мне прадставяць прыгожую, ахайную справу, дзе будзе заяўлена 20 гадоў. Гэты тэрмін мне назвалі яшчэ ў першы дзень майго затрыманьня. Гэта вырашанае пытаньне, і пра гэта ўвесь час кажуць мне і майму адвакату», — сказаў Сянцоў падчас пасяджэньня Ляфортаўскага суда ў Маскве.
Паводле рэжысэра, яму пагражаюць «цяжкім і вельмі цікавым жыцьцём у лягеры», калі ён наогул туды патрапіць.
«Я не баюся гэтых пагрозаў, і гэты тэрмін — 20 гадоў — мне ня страшны. Я ведаю, што эпоха праўленьня крывавага карліка ў вашай краіне скончыцца раней», — заявіў Сянцоў.
8 красавіка суд у Маскве працягнуў тэрмін утрыманьня пад вартай украінскага рэжысэра да 11 траўня. Такім чынам, суд задаволіў хадайніцтва галоўнага сьледчага ўпраўленьня ФСБ Расеі.
Алег Сянцоў быў затрыманы ў Крыме супрацоўнікамі ФСБ Расеі ў траўні 2014 году. З тых часоў ён знаходзіцца пад вартай. Яго абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрактаў у Сімфэропалі, Ялце і Сэвастопалі з мэтай дэстабілізацыі палітычнай сытуацыі на паўвостраве. Адвакат Сянцова заяўляў, што ў крымскім СІЗА яго катавалі. Рэжысэр віну не прызнае. Акрамя яго, у гэтай справе арыштаваныя яшчэ тры чалавекі.
Вызваліць Сянцова заклікаюць многія яго калегі і праваабаронцы, якія лічаць яго палітычным зьняволеным. На іх думку, абвінавачваньні супраць Сянцова сфабрыкаваныя, а рэжысэр быў затрыманы за сваю грамадзянскую пазыцыю. Сянцоў — актыўны ўдзельнік Эўрамайдану.