Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Протаіерэй Аляксандар Балоньнікаў: Каложа яднае людзей, якія моляцца па-беларуску


Протаіерэй Аляксандар Балоньнікаў з кнігамі пра Ларысу Геніюш
Протаіерэй Аляксандар Балоньнікаў з кнігамі пра Ларысу Геніюш

Восем стагодзьдзяў стаіць на стромым беразе Нёмана гарадзенская Калоская царква. Чым сёньня жыве старажытны храм? Як часта гучыць у ім беларуская мова? Куды зьнік старажытны абраз Маці Божай Калоскай? Госьцем перадачы — настаяцель Каложы протаіерэй Аляксандар Балоньнікаў.

— Айцец Аляксандар, служыць у Каложы — гэта, мабыць, вялікая адказнасьць. Усё ж храму больш за васямсот гадоў.

— Служыць Богу — адказна ўсюды, дзе б ты ні стаяў перад алтаром, ты павінен адчуваць прысутнасьць Бога. Гэта калі казаць увогуле аб сьвятарскім служэньні. Але калі гаварыць пра службу ў Калоскай царкве, то, вядома ж, мы тут добра ўсьведамляем, што кожная плінфачка гэтай царквы, кожная цаглінка за больш чым восем стагодзьдзяў адшліфаваная малітвай людзкой. І тут яшчэ большая адказнасьць за тое, як ты молісься, зь якім настроем ты ўваходзіш у храм, як ты адчуваеш сябе ў цэлай плеядзе і сьвятароў, і вернікаў, якія з ХІІ стагодзьдзя тут маліліся за свае сем’і, за сваю айчыну. Вядома ж, гэта вялікая адказнасьць, але і вялікая радасьць.

— Каложа за такі вялікі пэрыяд часу чула набажэнствы на розных мовах. Ці прыжылася ў храме мова беларуская?

— Прыжылася, прычым ад самага пачатку. Як толькі ў другой палове 80-х гадоў царква была перададзеная вернікам, як толькі пачало зьдзяйсьняцца набажэнства, тут адразу пачалі гуртавацца людзі, якія вельмі любяць сваю айчыну. І на сёньня вакол Каложы аб’ядналіся людзі, якія любяць і малітву па-беларуску. Кожную суботу і кожную першую нядзелю месяца мы служым літургію па-беларуску. Калі вернікі зьвяртаюцца да нас, каб нейкае Таемства (хрышчэньне, шлюб ці іншае) было зьдзейснена па-беларуску, мы заўсёды з радасьцю служым. Можна сказаць, што Каложа яднае людзей, якія хочуць маліцца па-беларуску.

Калоская царква ў Горадні
Калоская царква ў Горадні

— Прыкладна 150 гадоў таму адна са сьценаў Каложы абрынулася ў Нёман, падмытая паводкай. Доўгі час ідуць размовы пра рэстаўрацыю. Якім вам бачыцца аднаўленьне храма? А мо варта пакінуць усё так, як ёсьць?

— Пакінуць так, як ёсць — гэта безадказнасьць перад Каложай і гісторыяй. Гэтай абрынутай сьцяной гісторыя нібы прамаўляе да нас, сёньняшніх беларусаў. Калі адбылося абрушэньне берага і паўднёвай сьцяны царквы, то ў стане руінаў яна прастаяла каля 50 гадоў. Чаму так сталася? Чаму нашы продкі паўвека глядзелі на руіны? І толькі ў 1906 годзе ў Санкт-Пецярбургу быў заказаны праект адбудовы. Значыць, адбудова ўсё ж плянавалася. Але потым была Першая сусьветная, потым Горадня ўвайшла ў склад Польшчы, у 1939-м — ізноў вайна. А ў пасьляваенны час у Каложы разьмяшчалася філія музэя архэалягічнага, а потым увогуле — філія музэя атэізму. І толькі з канца 80-х — пачатку 90-х пачынаецца сапраўднае жыцьцё царквы, пачынаецца сур’ёзная падрыхтоўка да рэстаўрацыі.

— Але аднавіць помнік архітэктуры ХІІ стагодзьдзя надзвычай складана. Гісторыкі кажуць, што ў нас няма адпаведных адмыслоўцаў, няма патрэбных матэрыялаў...

— Ды няпраўда гэта. Вось я быў у Сэрбіі, бачыў храмы таго ж пэрыяду — ІХ-ХІІ стагодзьдзяў, якія былі моцна пашкоджаныя ў час Другой сусьветнай вайны. Яны адбудаваныя, у іх ідуць набажэнствы, храмавыя будынкі ўключаныя ў міжнародны сьпіс ЮНЭСКА. Што да Каложы, то шмат чаго зроблена нашымі папярэднікамі. Вось мы зусім нядаўна арганізавалі міжнародную канфэрэнцыю па пытаньні захаваньня царквы. Канфэрэнцыя прайшла, на мой погляд, вельмі ўдала. У ёй прымалі ўдзел найлепшыя беларускія спэцыялісты, а таксама адмыслоўцы з Польшчы, Літвы, Расеі. Усе яны пацьвердзілі, што тая праца, якая была праведзена беларускімі спэцыялістамі, вельмі якасная. Таму я ня згодны з тым, што ў нас няма прафэсіяналаў-рэстаўратараў. Другая справа, што мы павінны разважаць разам: што адбываецца сёньня з царквой, і што мы павінны зрабіць. Геадэзісты і іншыя адмыслоўцы сёньня праводзяць дасьледаваньні, як паводзіць сябе зямля пад Каложай.

— Спаўзаньне берага працягваецца?

На сёньня істотных зрухаў берага няма — усяго 0,012 мм за год

— На сёньня істотных зрухаў берага няма — усяго 0,012 мм за год. Гэта маніторынг гарадзенскіх геадэзістаў. Мы не сьпяшаемся: запрасілі спэцыялістаў зь Менску і Наваполацку — хай яны таксама правядуць замеры. А вось калі ўсе вынікі сыдуцца, можна будзе распачынаць канкрэтную працу. На мой погляд, калі гаворка ідзе пра ўключэньне Каложы ў міжнародны сьпіс ЮНЭСКА, то павінен быць і міжнародны конкурс праектаў рэстаўрацыі Каложы.

— Гэтымі днямі споўнілася 105 гадоў з дня народзінаў выдатнай паэткі Ларысы Геніюш. У свой час у Каложы ладзіліся Геніюшаўскія чытаньні. Чаму яны ня ладзяцца цяпер?

— Я ў Калоскай царкве служу два гады. На маёй памяці нічога такога не адбывалася. Мне ніхто з маіх папярэднікаў-сьвятароў не перадаў такой традыцыі. На мой погляд, калі б гэта была сапраўды моцная традыцыя, яе ніхто ня змог бы спыніць. Зусім нядаўна я перачытваў «Споведзь» Ларысы Геніюш і яшчэ раз пераканаўся, якой сапраўднай беларускай, якой шчырай патрыёткай сваёй бацькаўшчыны яна была. Пра згаданыя вамі чытаньні я нагадаю старэйшым прыхаджанам. А ў нас ёсьць і тыя, хто з самых першых дзён адкрыцця Каложы ходзіць у храм, нават ёсьць і такія, хто працаваў тут у музэі атэізму. Цяпер яны ўсе — нашы прыхаджане і вельмі шчырыя людзі. Калі Геніюшаўскія чытаньні ў нас сапраўды мелі месца, я параюся з прыхаджанамі і прапаную ім, калі яны пажадаюць, іх аднавіць.

— Такія чытаньні традыцыйна ладзяцца ў Зэльве, пры Сьвята-Троіцкай царкве. Вось і сёлета яны прайшлі з чынным удзелам айца Георгія Субаткоўскага, за што яму вялікі дзякуй. Але імя Ларысы Геніюш па-ранейшаму выклікае насьцярогу зэльвенскіх уладаў. Хай бы яны ўзялі прыклад з царквы — у такіх пытаньнях царква ж не памыляецца.

Тое, што помнік Ларысе Геніюш усталяваны на тэрыторыі царквы, — гэта яшчэ большая пашана паэтцы.

— Я так не лічу. Царква, як Цела Хрыстова, вядома ж, не памыляецца. Але сьвятары, якія служаць у царкве, маюць права на памылку, як і ўсе людзі. У любой справе мы павінны пачынаць зь сябе. Вось, напрыклад, у мяне тры дачкі. Колькі вершаў Ларысы Геніюш яны ведаюць напамяць? Нягледзячы на тое, вывучаюцца тыя вершы ў школе ці не. Я іх вывучаў, калі быў студэнтам Жыровіцкай духоўнай сэмінарыі. І творы Геніюш мне падабаюцца. Таму я і кажу сваім дзецям: «Паглядзіце, якія выдатныя вершы на беларускай нашай мове, як яна прыгожа гучыць, зь якой любоўю паэтка піша пра кожны кавалачак беларускай зямлі». Давайце мы ўсе спытаем самі ў сябе: а якія творы Геніюш ведаюць нашы дзеці? А тое, што помнік Ларысе Геніюш усталяваны на тэрыторыі царквы, — гэта яшчэ большая пашана паэтцы. Ён стаіць на царковішчы і кожную службу нагадвае нам пра тое, каб мы маліліся за яе. Нагадвае нам пра тое, што Ларыса Антонаўна была сапраўднай патрыёткай і хрысьціянкай, якая клапацілася пра зэльвенскі храм. Скажам, электрычнасьць у царкву была праведзеная за яе кошт. А якая ў яе пэнсія была — вы самі ведаеце... А стаяў бы помнік пры вуліцы, дзе і п’яныя ходзяць, і плюнуць, і брыдкасловяць, і ўсё што хочаш... Гэта ізноў жа пытаньне нашай культуры. А сёньня помнік стаіць на царковішчы, куды людзі заходзяць толькі для малітвы. Я лічу, што ў гэтым міласьць Божая, міласьць Провіду Божага да Ларысы Геніюш, якая заслужыла на такое ўшанаваньне.

— Падчас Першай сусьветнай вайны з вашага храма зьнік каштоўны старажытны абраз Маці Божай Калоскай. Ці рабіліся спробы яго адшукаць?

— Сапраўды, у 1915 годзе праходзіла эвакуацыя царкоўных каштоўнасьцяў, разам з архівамі і іншымі матэрыяламі, паколькі набліжалася лінія фронту, кайзэраўскія войскі падыходзілі да Горадні. Усе каштоўнасьці былі часова вывезеныя ў Расею, а пасьля вайны мусілі быць вернутыя. Тое самае, дарэчы, было і з іконай Божай Маці Жыровіцкай.

— Але ж яна была вернутая ў Жыровічы.

Ікона была вельмі маленькая, і епіскап перавёз яе праз польскую мяжу ў слоіку з варэньнем!

— Так, яна была вернутая. А вы ведаеце, якім чынам? Ікона была вельмі маленькая, і епіскап перавёз яе праз польскую мяжу ў слоіку з варэньнем! А Калоская ікона — гэта медная дошка, на якой намаляваны вобраз Маці Божай. Яна была вывезена ў Маскву, дзе яе сьлед і згубіўся. Пошукі вяліся вельмі даўно, у тым ліку і дзяржаўнымі ўладамі. Мы зьвярталіся з афіцыйнымі лістамі ў маскоўскія музэі — у Пушкінскі, у Гістарычны, у Трацьцякоўскую галерэю, у іншыя установы. На жаль, безвынікова. Але па фатаздымках, якія захавалі нам вобраз Калоскай Прасьвятой Багародзіцы, па тых апісаньнях, якія дайшлі да нашага часу, абраз быў адноўлены. Сёньня ў нашай царкве ён займае пачэснае месца, і мы бачым, як людзі прыходзяць менавіта да яго. Аднойчы перад тым, як зачыняць царкву, я падышоў да абраза і ўбачыў на падлозе перад ім звычайны пакет. Разгарнуў, а там — срэбны бранзалет і запіска: «У падзяку за цяжарнасьць». Нейкая жанчына, як бачна, доўгі час не магла нарадзіць, малілася аб гэтым, атрымала гэты цуд ад Божай Маці, і так падзякавала ёй. І гэта не адзінкавы падобны выпадак. Так што адноўленая ікона Божай Маці Калоскай цудадзеіць.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG