Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выбараў няма, а нацыянальны сьцяг — ёсьць», — магілёўцы пра бел-чырвона-белы сьцяг


Збор подпісаў пад забароненым сьцягам
Збор подпісаў пад забароненым сьцягам

У Магілёве толькі на адным выбарчым пікеце выкарыстоўваюць бел-чырвона-белы сьцяг. На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах нацыянальнай сымболікі было куды больш. Аднаго разу наладзілі нават ланцуг пікетаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Як рэагуюць магілёўцы на зьяўленьне забароненага ў міжвыбарчы час сымбалю? Што ведаюць пра яго?

Адзіны пікет пад бел-чырвона-белым сьцягам у горадзе ўпершыню за пяць год выставілі на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Пікетоўцы зьбіраюць подпісы за Тацяну Караткевіч. Паводле актывістаў партыі БНФ, сымбаль ня раз рабіўся нагодай для спрэчак.

«Многія кажуць: „Мы б аддалі подпіс, але не пад гэтым сьцягам. Вазьміце цяперашні дзяржаўны і вывесьце яго, але толькі ня гэты“ », — апавядае пра рэакцыю мінакоў актывістка партыі БНФ Валянціна Шчэтнікава.

«Чамусьці ўсе баяцца гэтага сьцяга. Ніхто ня памятае, што ён быў дзяржаўным. Дужа шмат людзей падыходзяць і кажуць: „Вось вы тут сядзіце толькі, калі выбары. Вас нідзе больш не відаць, і вы нікому не патрэбныя“. Такія не разумеюць зусім, што да нас могуць падыйсьці і забраць гэты сьцяг».

За гадзіну гутарак журналіста зь мінакамі ля пікету не адбылося ніводнай спрэчкі. За гэты час за Караткевіч падпісалася каля двух дзясяткаў чалавек. Многія зь іх прызнаваліся, што зьвярнулі ўвагу на бел-чырвона-белы сьцяг.

«Гэта наш першы сьцяг, які пасьля рэфэрэндуму 1995 году замянілі на той, якім мы карыстаемся сёньня, — кажа адна з падпісантак. — Я неяк цікавілася ў настаўніцы гісторыі: чаму народ не прагаласаваў за яго. Яна мне адказала, што ў гады Вялікай Айчынай вайны шмат калябарантаў выкарыстоўвалі яго».

Дзяўчына на пытаньне, чаму падчас выбарчай кампаніі гэты сымбаль дазваляюць выкарыстоўваць, а пасьля выбараў забараняюць, адказала:

«Гэта ўсё палітыка. Трэба паказаць, калі на цябе глядзіць шмат народу, што ў цябе ёсьць прагрэс, а калі не глядзяць, то можна рабіць тое, што табе больш падабаецца».

«Я ведаю, што гэты сьцяг быў у Беларусі да Лукашэнкі», — даводзіць журналісту яшчэ адзін малады чалавек, які, аднак, ня стаў падпісвацца за Караткевіч.

«І шмат людзей хацелі б бачыць гэты сьцяг і цяпер за дзяржаўны, — зазначае суразмоўца. — Таму перад выбарамі і яго дазваляюць, бо гэта такая гульня з электаратам, якую вядуць шмат год».

Наступны суразмоўца, які таксама абмінуў пікет увагаю, а ў гутарцы з журналістам сказаў, што ў Беларусі выбараў няма, а ёсьць іх муляж, пра бел-чырвона-белы сьцяг выказаўся наступным чынам:

«Як пачаўся развал Савецкага Саюзу, у Беларусі быў прызнаны гэты сьцяг, і Беларусь цяпер павінна нешта зьвязаць з гэтым сьцягам, бо нашыя продкі пад гэтым сьцягам ваявалі калісьці».

Пра рэфэрэндум 1995 году мужчына ведае, тым ня менш, у яго свой погляд на прычыны зьмены дзяржаўнай сымболікі.

«Мазгоў замала было. Не было, пэўна, у чалавека радзімы, гісторыі сваёй». Што да дазволу падчас выбарчай кампаніі выкарыстоўваць бел-чырвона-белы сьцяг, то суразмоўца мяркуе, што тут кан’юнктурны падыход улады:

«Каб паказаць сьвету, што мы — дэмакратычная дзяржава. Даюць дазвол гаварыць, вывешваць, а потым...»

«Калі разабрацца з гісторыяй, то гэты сьцяг больш адпавядае нашай рэспубліцы», — выказвае меркаваньне мужчына сярэдняга веку, які таксама прамінуў увагаю пікет.

«Ён жа значна старэйшы за наш цяперашні», — робіць выснову суразмоўца.

Немалая частка апытаных мінакоў казала пра бел-чырвона-белы сьцяг як пра сымбаль апазыцыі.

«Гэта зь нейкай апазыцыі сьцяг. Калі гэта так, то, калі апазыцыя прыйдзе да ўлады, то і сьцяг дзяржаўны зьменіць на свой. А чаму яго забараняюць? Гэтага я ня ведаю. Хутчэй за ўсё, улада хоча пагасіць гэтую апазыцыю. Прыбраць, каб яе не было», — давёў адзін з такіх суразмоўцаў.

Большасьць жа суразмоўцаў, пачуўшы пытаньне пра бел-чырвона-белы сьцяг, знаходзіла прычыну, каб ня гутарыць з журналістам на гэтую тэму. Адна з характэрных такіх гутарак:

«Што вы ведаеце пра гэты бел-чырвона-белы сымбаль?» — пытаю ў мужчыны сярэдняга веку. Ён прызнаецца: «Нічога, калі чэсна». Пасьля напаміну пра пачатак дзевяностых суразмоўца адрэагаваў: «Давайце лепей я ня буду гаварыць на гэтую тэму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG