У Горадні подпісы за сваё вылучэньне сёньня зьбірала Тацяна Караткевіч, а на пікет Анатоля Лябедзькі напаў невядомы.
Пікет па зборы подпісаў за Тацяну Караткевіч зладзілі побач з польскім кансулятам. Хоць гэта даволі люднае месца і людзі сюды прыходзяць з пашпартамі, каб здаваць на візы, ахвотных паставіць подпіс было ня так і шмат.
Падыходзілі, як правіла, маладзейшыя, падоўгу размаўлялі з Караткевіч, задавалі пытаньні. Я пацікавіўся ў маладых людзей — чаму яны ставяць подпісы за Караткевіч?
Хлопец адразу зазначыў, што апазыцыі варта ўдзельнічаць у выбарах і ён не падтрымлівае тую частку апазыцыі, якая іх байкатуе.
— На маю думку, байкот выбараў нічога добрага не прынясе, бо варта працаваць нават дзеля асьветы народа. Пакуль народ будзе сядзець і нічога ня ведаць, да таго часу і выбараў ня будзе. Трэба над гэтым працаваць, бо, як заўсёды, выбары нібыта ёсьць, а выбару — няма.
— Але, зь іншага боку, вынік выбараў вядомы ўжо цяпер...
— Думаю, так, але калі нічога не рабіць, то нічога і ня зьменіцца. Калі не спрабаваць, то нічога і не атрымаецца.
Зьбіральнік подпісаў Вадзім Саранчукоў кажа, што параўнальна зь мінулымі прэзыдэнцкімі кампаніямі сёлета подпісы ставяць ахвотней. Паводле яго, ад людзей часьцей чуваць словы падтрымкі.
— Людзі падыходзяць і кажуць, што мы малайцы, бо трэба нешта рабіць у гэтай сытуацыі, нешта зьмяняць. А яшчэ мы пастаянна стаім пад бел-чырвона-белым сьцягам, і я заўважаю, як людзі ідуць наўпрост на сьцяг, а не глядзяць, за каго там зьбіраюць подпісы і што напісана на стэндах. Яны хочуць зьменаў.
Сама Тацяна Караткевіч кажа, што сёлетняя выбарчая кампанія праходзіць пры вельмі абмежаваных магчымасьцях, у працэсе ўдзельнічае менш людзей, на вуліцах няма парада пікетаў. Але ў той самы час, паводле яе, сам працэс застаецца напружаным і прыцягвае багата людзей.
Караткевіч заўважыла Свабодзе, што сустрэчы з выбарцамі ў розных рэгіёнах Беларусі паказалі: электарат хоча зьменаў і шукае іх найперш у тых кандыдатах, якія сябе прапаноўваюць. Яна заўважае, што выбарцам нестае інфармацыі пра новых людзей, кандыдатаў, і яны шукаюць яе на пікетах.
— Таму мой удзел у пікетах, паездкі па краіне становяцца вельмі важнымі. Людзі часта пытаюцца — як пражыць на гэтыя пэнсіі. Вельмі многіх цікавяць эканамічныя пытаньні. Вось учора да мяне падышлі хлопцы маладыя, якія працуюць у дзяржаўных установах. Яны падпісаліся, і мы размаўлялі менавіта на эканамічныя тэмы, бо маладых цікавіць іхняя будучыня. А вось яшчэ падышла сям’я мэдыкаў, якія распавялі, што ня могуць пражыць на свае заробкі. І як людзей пакінуць адных?
Паводле Караткевіч, за тыдзень збору подпісаў яна яшчэ болей упэўнілася, што браць удзел у выбарчай кампаніі варта. Яна перакананая, што палітык павінен ісьці да канца, паставіўшы сабе мэту. А па-другое, ёй відавочна, што калі апазыцыйныя палітыкі ня будуць браць удзел у гэтых выбарах, то Лукашэнка атрымае легітымную перамогу.
— Частка электарату жыве мінулым, многія толькі цяперашнімі праблемамі, маўляў, а гэты — дурань, а той ня ўмее кіраваць. Яны крыўдуюць і скардзяцца. І вельмі мала людзей задумваюцца над будучыняй і думаюць пра яе пазытыўна. І вельмі б хацелася, каб гэта зьмянілася, бо мы тады людзі, калі памятаем мінулае, асэнсоўваем, што адбываецца цяпер, і бачым будучыню. Мая кампанія вось пра гэта.
На пікетах подпісы ў Горадні зьбіраюць яшчэ толькі за Анатоля Лябедзьку. Пікетаў за Лукашэнку апошнімі днямі не відаць. Сёньня здарыўся інцыдэнт на пікеце па зборы подпісаў за Лябедзьку —у гарадзенскім мікрараёне Фарты на зборшчыка подпісаў напаў невядомы.
Паводле Міколы Ворана, які стаяў у пікеце адзін, нападніку было гадоў каля трыццаці.
— Ён адразу пачаў мяне абражаць, што я здраднік радзімы, што працую на Амэрыку і атрымліваю даляры, што я супраць Расеі, Пуціна і Лукашэнкі. Я ўжо практычна адбіваўся, добра, што людзі пачалі мяне бараніць. Я патэлефанаваў у міліцыю, і тады ягоны сябра яго адцягнуў, пасадзіў у таксі і павёз.
Паводле Ворана, калі прыбыў нарад міліцыі, нападнік са сваім сябрам ужо ад’ехалі.