Спакойна ставячыся да цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі, мастак перакананы, што праз 5 год краінай будзе кіраваць Аляксандар Лукашэнка. Калі Беларусь застанецца сувэрэннай дзяржавай, Алесь Пушкін правядзе свой другі пэрформанс каля прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі — падорыць Лукашэнку ружы.
— Алесь, як трэба ставіцца да таго, што калі чалавек адзначае юбілей, яго просяць падвесьці пэўныя вынікі, назваць галоўныя дасягненьні?
— Гэта вельмі правільна. Падвесьці вынікі ў дзень 50-годзьдзя — гэта найважнейшая рэч, калі чалавек яшчэ не стары, але пасьпеў шмат зрабіць. Трэба адкрыта адказваць усім — і журналістам, і суседзям, і родным, а таксама сабе самому. Трэба казаць пра тое, што зроблена, і пра тое, што не атрымалася. Таму я добра стаўлюся да такога пытаньня і вынікі для сябе адназначна падводжу.
— Распавядзіце тады, што лічыце сваім самым вялікім дасягненьнем.
— Калі казаць пра сёньня, то найбольш мяне радуе тое, што 1 жніўня я стаў дзедам маленькаму хлопчыку, якога нарадзіла мая старэйшая дачка Ганна. Я вельмі рады гэтаму прыгожаму, здароваму беларусіку і хачу як мага хутчэй пабачыць яго і дачку. Гэта з асабістага.
Калі казаць пра творчасьць, то я лічу, што мастака дастаткова ведаць па адной ці некалькіх карцінах. У мяне такія — «Эпітафія дзеду» і «Зь мінулага». Тое, чым я ганаруся і па чым мяне ведаюць.
Калі нехта ня ведае іх, то пэўна памятае мой пэрформанс 1999 году — тачка гною з праколатым віламі партрэтам. Я тады выразна паказаў: ня ўвесь народ згодны з такім разьвіцьцём падзей, Лукашэнка — не адзіны шлях для Беларусі. Гэта быў гумарны мірны пратэст у мастацкай форме. Я ніколі ад яго не адмоўлюся. Нельга быць пасіўнымі і моўчкі назіраць за тым, што з намі робяць. Мастацкая супольнасьць можа быць спакойнай, бо сярод яе ёсьць адзін чалавек, які сказаў, што так нельга жыць, нельга ламаць Канстытуцыю, нельга сябе пажыцьцёва ў прэзыдэнты запісваць, нельга гвалціць усю краіну.
Ну, і апошняе — гэта мая праца як мастака-манумэнталіста: росьпіс Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка і праца, якую я лічу сваім галоўным мастацкім здабыткам, — росьпіс царквы Сьвятога Міколы ў маёй вёсцы Бобр. На галоўнай фрэсцы — карціна Страшнага Суду, дзе я мэтафарычна адлюстраваў падзеі 1996 году, калі адзін чалавек згвалціў цэлую краіну. На жаль, царква цалкам згарэла ноччу 17 лютага 2011 году, я лічу гэта велічэзнай стратай для нашай мясцовасьці. Цікава, што прычыны пажару да гэтага часу засакрэчаныя. Будзем спадзявацца, што я расьпішу гэты храм яшчэ раз — цяпер яго аднаўляюць, і ніхто, апроч мяне, гэты росьпіс ня зробіць.
Цяпер як манумэнталіст я рэалізуюся ў Вішневе, дзе працую навуковым кіраўніком у царкве Дзевы Марыі.
— Ведаеце, вы зьмяніліся. Раней былі мастаком-бунтаром. Ня будзем забываць, што менавіта Алесь Пушкін зрабіў першую публічную акцыю ў дзень абвяшчэньня БНР — 25 сакавіка — у 1989 годзе каля Тэатральна-мастацкага інстытуту. Тады вы трымалі на сьпіне плякат «Беларусь без жыдоў і камуністаў». Пасьля тачка з гноем, карціны на палітычную тэму. Цяпер вы — засяроджаны на сям’і чалавек, які працуе ў храме...
— Я прайшоў праз пошукі шчасьця. Гэта натуральны шлях любога чалавека, не абавязкова творчага. Я ўдзячны Богу, што мае пошукі шчасьця завяршыліся ўдала. Свой дом на беразе ракі, у якім гуляюць дзеткі, а жонка пячэ пірог. Здароўе. Мае карціны і плякат «Пушкін з намі», якімі мы абвесілі хату, чакаючы сёньняшніх гасьцей. Запатрабаванасьць маёй працы на радзіме — мне ніколі ня трэба было ехаць на заробкі ні на Захад, ні ў Расею. Бел-чырвона-белы сьцяг, які вісіць над хатай. Гэта ціхае і спакойнае жыцьцё.
Мае пошукі шчасьця завяршыліся ўдала. Я гэта цаню, бо ведаю, што процьма творчых людзей вельмі самотныя і нешчасьлівыя ў асабістым пляне. Я станаўлюся цішэйшым, менш прыкметным, спакойным. Хачу гарэць ціха, як сьвечачка. Чытаю шмат мэмуарыстыкі, дзёньнікавыя запісы. Вельмі люблю прымаць гасьцей. Хачу, каб і далей у мяне ладзіліся Купальлі і Каляды.
І каб не паўтарылася трагедыя, якая здарылася ў маёй сядзібе ў 2013 годзе, калі ў выніку невыкананьня правілаў тэхнікі бясьпекі тры чалавекі атрымалі апёкі. Той выпадак я лічу важным знакам і вельмі сур’ёзна цяпер стаўлюся да тэхнікі бясьпекі, да агню, да алькаголю. Проста не ўяўляю, як бы я мог цяпер гаварыць пра фрэскі і карціны, калі б трагедыя скончылася яшчэ больш трагічна... Пастаянна памятаю пра гэта.
— Цяпер вы робіце менш публічных акцыяў, канцэнтруючыся на сям’і і мастацкай творчасьці. Але ж гэта ня значыць, што ня сочыце за тым, што адбываецца ў краіне. Як ставіцеся да прэзыдэнцкай кампаніі? Ці падтрымліваеце каго-небудзь?
— Скажу нечаканае. Вось гляджу на ўсё гэта і вельмі хачу, каб, па-першае, усё прайшло вельмі спакойна, і, па-другое, каб «рвущийся к власти навластвовался всласть». Я вось што думаю: пройдзе яшчэ 5 год, і можна будзе да 25-гадовага юбілею кіраваньня Лукашэнкі завезьці да ягонай рэзыдэнцыі тачку ружаў. Хацелася б зрабіць гэты пэрформанс. У параўнаньні зь іншымі дзеячамі, напрыклад, Пуціным ці Януковічам, ён заслугоўвае кветак. Калі да 2020 году краіна застанецца сувэрэннай, калі зьменшыцца ўзровень сьмяротнасьці, павысіцца дэмаграфічны прырост, калі павысяцца эканамічныя паказьнікі. Галоўнае, каб ня здарылася наадварот — каб тут не было «зялёных чалавечкаў», расейскага рубля, расейскай вайсковай тэхнікі, тады будзе жах...Трэба, каб запрацавалі мэханізмы, у выніку якіх сувэрэнітэт Беларусі быў бы несумнеўны, як у Польшчы ці Швэцыі. Але пакуль я вельмі трывожуся за незалежнасьць Беларусі.
— Свой юбілей адзначыце пэрформансам?
— Усё будзе дома. Запрашаю ўсіх сяброў і сваякоў. Усе, хто завітаюць, пабачаць, што вакол падворку разьвешаныя мае карціны, у двары стаіць стол з пачастункамі, за якім увіхаецца мілая мая жоначка. Вось такія цяпер у мяне пэрформансы.