У дачыненьні да юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі «Газеты Слонімскай», завялі адміністрацыйную справу паводле арт. 23.33 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях — «распаўсюд заведама ілжывых зьвестак, што зьневажаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».
5 жніўня галоўнага рэдактара «Газеты Слонімскай» выклікалі ў раённую міліцыю. Падставай стаў артыкул Ганны Валадашчук «Голас зь вёскі. Галоўнае, што гаварыць прэзыдэнт добра ўмее» (нумар ад 29 ліпеня, рубрыка «Выбары-2015»).
Галоўны рэдактар выданьня Віктар Валадашчук пад пратакол даваць паказаньні адмовіўся, сказаў, што выклік у міліцыю для яго нечаканы. Міліцыянты адклалі размову.
«Публікацыя заснаваная на апытаньні жыхароў адной зь вёсак у Слонімскім раёне на тэму выбараў. Які канкрэтны фрагмэнт артыкула стаў нагодай для завядзеньня справы, мне не паведамілі. Але ў нас ёсьць дыктафонны запіс усяго апытаньня, прычым у артыкул увайшло далёка ня ўсё. Было сказана шмат чаго, але мы выбралі найбольш цікавыя, на наш погляд, моманты. Прычым людзі выказваліся не ананімна, а называлі свае імёны і прозьвішчы.
Нам ужо вядома, што вяскоўцаў, якія выказвалі свае меркаваньні нашаму карэспандэнту, ужо апыталі пад пратакол, зь імі сустракаўся супрацоўнік міліцыі, якому яны давалі тлумачэньні. Так што працэс пайшоў, як кажуць».
Як патлумачылі юрысты, недзяржаўнаму выданьню можа пагражаць штраф да 500 базавых велічыняў (90 мільёнаў рублёў) за «распаўсюд заведама ілжывых зьвестак, што зьневажаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».
У 2002 годзе за абразу гонару і годнасьці прэзыдэнта журналісты гарадзенскай газэты «Пагоня» Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка былі асуджаныя да 2 і 2,5 года абмежаваньня волі (так званай «хіміі»). У тым жа годзе рэдактара газэты «Рабочы» Віктара Івашкевіча асудзілі на 2 гады «хіміі».
У 2011 годзе за абразу прэзыдэнта Беларусі на тры з паловай гады з адтэрміноўкай выкананьняпрысуду быў асуджаны Андрэй Пачобут. У 2012 гарадзенская абласная пракуратура завяла супраць яго новую справу за абразу прэзыдэнта (частка 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу РБ), а таксама за паклёп на прэзыдэнта (частка 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу РБ), але потым крымінальную справу закрылі.