Мы папрасілі пракамэнтаваць прысуд прэсавага сакратара партыі «Правы Сэктар» Арцёма Скарападскага.
Скарападскі: Афіцыйная пазіцыя «Правага Сэктару» — гэтыя людзі невінаватыя. Там не адзін, там некалькі чалавек.
Там сытуацыя якая: зьвярнулася ў кіеўскую гарадзкую арганізацыю «Правага Сэктару» жанчына, у якой нейкі бізнэсмэн спрабаваў адабраць кватэру. Яны прыехалі туды, перашкодзіць захопу, а гэты бізнэсмэн чакаў іх там зь міліцыяй, іх арыштавалі. Бізнэсмэн заявіў, што яны яго вывезьлі кудысьці ў лес, хоць гэта няпраўда, яны прыехалі на таксі прама туды, нікуды яны ў лес нікога не везьлі. Натуральна, гэта была сплянаваная правакацыя супраць кіеўскага «Правага Сэктару».
У нашай арганізацыі ёсьць і беларусы, і расейцы, безумоўна мы будзем іх абараняць, судзіцца, падаваць апэляцыі. Гэтыя людзі не вінаватыя, яны хацелі дапамагчы жанчыне, якая была на судзе са сваім сынам і чарговы раз дала паказаньні, што ўсё тое, што ім інкрымінуюць — гэта абсалютна ня мае дачыненьня да рэчаіснасьці, гэта проста правакацыя.
РС: Як так здарылася, што нягледзячы на тое, што там быў выклік таксі, іншыя доказы, суд усё ж-такі вынес абвінаваўчы прысуд?
Скарападскі: Мы бачым што «Правы Сэктар» працягвае крытыкаваць цяперашнюю ўладу і здараецца непаразуменьне з-за гэтага з партыяй улады. Мы — ня партыя ўлады, мы апазыцыйная партыя, мы крытыкуем і парлямэнт, і прэм’ер-міністра Яцанюка, мы крытыкуем законапраекты цяперашняй улады — таму мы лічым, што гэта адзін з элемэнтаў ціску цяперашняе ўлады на «Правы Сэктар».
РС: Гэта значыць, што не згаданы бізнэсмэн даў хабар судзьдзі, а менавіта на ўзроўні ўлады вырашалася?
Скарападскі: Я не магу такога сьцьвярджаць, я магу казаць пра агульную тэндэнцыю ў стаўленьні ўлады да «Правага Сэктару». Вось, дапусьцім, мы зараз падалі заяўку ў Адміністрацыю прэзыдэнта, каб беларусам і расейцам, якія ваююць у добраахвотніцкім корпусе «Правы Сэктар», далі ўкраінскае грамадзянства. Я нагадваю, што Прэзыдэнт Парашэнка абяцаў грамадзянства даваць ня толькі грузінам — я кажу пра міністраў, але і добраахвотнікам, якія ваююць за Украіну. Наша заяўка да гэтага часу не разгледжаная, нікому грамадзянства не далі, хоць там амаль 40 чалавек. Акрамя тых людзей, пра якіх мы гаворым цяпер, былі арыштаваныя актывісты абсалютна невінаватыя, якія выйшлі выказаць пратэст супраць гей-прайду ў Кіеве. Бачым агульную тэндэнцыю перасьледу актывістаў «Правага Сэктару».
РС: А якія канкрэтна крокі «Правы Сэктар» будзе выкарыстоўваць для абароны сваіх актывістаў?
Скарападскі: Прысуд будзе абскарджаны ў іншых інстанцыях — гэта безумоўна, у іх ёсьць адвакаты, якіх ім забясьпечыў «Правы сэктар», але мы больш хочам каб гэта быў грамадзкі рэзананс, каб людзі зразумелі: нягледзячы на тое, што ўлада памянялася — судовая сыстэма не памянялася. І стаўленьне ўлады да тых, хто яе крытыкуе, не памянялася, гэтыя людзі — невінаватыя.
Мы таксама зьвярнуліся па камэнтар у суд Абалонскага раёну Кіева, але пакуль не атрымалі адказу.