Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка чарговы раз кінуў костку, — Марына Адамовіч


Марына Адамовіч
Марына Адамовіч

Жонка палітвязьня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч пракамэнтавала ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды выказваньні кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі пра лёс палітвязьня.

— Вашы ўражаньні ад сказанага чарговы раз Аляксандрам Лукашэнкам адносна лёсу Мікалая Статкевіча?

— Я Лукашэнку ніколі не цытую і не лічу гэта мэтазгодным. Бо навошта прыцягваць увагу да таго, што ня мае пад сабой ніякага грунту?

Па другое, я з гэтай нагоды кажу, што першы раз віншаваньні з тым, што Мікола заўтра будзе на волі, я прымала 20 траўня 2011 году, пасьля такога ж кшталту выступу.

То бок гэта камэнт Астапа Бэндэра: раніцай грошы, вечарам крэслы. І ня больш за тое. Буду камэнтаваць, толькі калі змагу абняць Міколу на волі.

— Аднак Лукашэнка кажа, што пытаньне пра Мікалая Статкевіча стаіць на парадку дня, і прызнае, што пытаньне аб вызваленьні можа вырашыць толькі ён.

— Я магу пракамэнтаваць з таго гледзішча, што чалавек чарговы раз нагаварыў самі ведаеце на што. Ён прызнае, што ў краіне няма закону, што людзі знаходзяцца ў зьняволеньні толькі па яго асабістай волі. Здаецца, што гэта патрабуе іншых камэнтароў і ў нармальнай краіне стала б падставай для абсалютна іншых дзеяньняў судовай і гэтак далей улады.

— Тут, канечне, можна казаць толькі пра адчуваньні: у вас ёсьць адчуваньне, што Міколу могуць вызваліць «да выбараў»?

— Здаровы сэнс, любыя чалавечыя адчуваньні цягнуцца з таго, што навошта гэта было рабіць у 2010 годзе? Навошта ставіць краіну ў залежнасьць ад прыхамаці аднаго чалавека? Здаровы сэнс вымагае таго, каб усе гэтыя палітвязьні былі дома.Тым больш калі табе чарговы раз хочацца захаваць уладу.

Таму ўсё гэта ня хочацца камэнтаваць. Костку кідаюць, і ўсе кідаюцца яе абсмоктваць. Ну што тут смактаць? Гэта чарговае адцягваньне часу: дайце нам грошы і пачакайце, пакуль я тут вызначуся. Потым пра закон згадаць. То бок — «песня хороша, начинай сначала».

— Лукашэнка зноў згадаў прашэньне аб памілаваньни. Ён кажа, што Мікола, маўляў, хоча быць у турме і выйсьці адтуль героем...

— Гэта сьведчыць толькі пра тое, што самому гэтаму грамадзяніну ўся сытуацыя, у якую ён загнаў краіну дзякуючы сваёй дурной, нядобрай волі, не дае спаць.

Мікола ж сваю пазыцыю шмат разоў выказваў. Ён казаў, што ня можа здрадзіць тым людзям, якія яму паверылі і па яго закліку прыйшлі на плошчу, якія галасавалі за яго і іншых дэмакратычных кандыдатаў.

У гэтым выпадку напісаць прашэньне — па сутнасьці, прызнаць, што ты ня меў рацыі, што ты ня меў права на тое, што адбылося. І што далей намі можа кіраваць гэтая ўлада так, як лічыць для сябе прымальным. То бок — зьнішчаць апанэнтаў, жорстка зьбіваць і кідаць у турмы грамадзянаў сваёй краіны па сфальшаваных абвінавачваньнях.

Я ня думаю, што ўсё гэта варта камэнтару. Мне так не падабаецца, калі гэты чалавек нешта кажа і журналісты пачынаюць гэта абсмоктваць. Ну, кідаюць костку.

20 чэрвеня 2011 году, калі павінны былі абвясьціць вырак Міколу, нас выгналі з залі суду. І ён недзе паехаў у Казахстан і вяшчаў, што ў яго тут усе вызваленыя, засталіся двое-трое, і тых мяркую вызваліць. І нас раптам выганяюць з залі суду, калі мы прайшлі праз усе кардоны, у сувязі з тэрміновай хваробай судзьдзі. І мяне пачынаюць віншаваць: ну, усё, гэты ж сказаў, заўтра Мікола будзе на волі.

Бачыце, з таго часу прайшло больш за чатыры гады. Агулам амаль 1800 дзён. То бок ён гаворыць, ён таргуецца, цягне час, спрабуе ставіць ультыматумы эўрапейцам. Маўляў, прымайце мяне такім, які я ёсьць, дайце грошай і нічога ўзамен не патрабуйце. Нам ад гэтага не лягчэй. Што нам камэнтаваць? Мы жывём штодзённым чаканьнем.

____________________________________

4 жніўня ў інтэрвію недзяржаўным СМІ Лукашэнка прызнаў, што пытаньне пра Мікалая Статкевіча — «на парадку дня»:

«Вырашыць гэта магу толькі я. Але я не вызначаўся, калі гэта будзе. Я гэтае пытаньне ў такім ключы не разглядаў. Калі яго выпускаць, то выпускаць да выбараў. Калі не выпускаць, то не выпускаць. У бліжэйшы час вы будзеце пра гэта ведаць. Калі другі варыянт, то часу шмат», — сказаў Лукашэнка.

Разам з тым Лукашэнка распавёў, што даваў магчымасьць Статкевічу напісаць прашэньне аб памілаваньні: «Я магу выпусьціць, калі чалавек зьвернецца да мяне з прашэньнем, але ён не зьвяртаецца, таму што хоча быць героем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG