Прынцып, паводле якога Рада Эўразьвязу зьняла санкцыі з 26 беларускіх чыноўнікаў і 4 кампаніяў, застаецца незразумелым. Але экспэрты бачаць у гэтым рашэньні саступкі Брусэля афіцыйнаму Менску.
31 ліпеня Рада ЭЗ скасавала санкцыі адносна 24 беларускіх чыноўнікаў. 13 ліпеня былі скасаваныя санкцыі супраць яшчэ двух чыноўнікаў і чатырох беларускіх кампаніяў, якія належаць вядомаму алігарху Юрыю Чыжу.
Імёны фізычных і юрыдычных асобаў, якія былі выведзеныя з-пад санкцыяў, абвясьцілі толькі ўчора. У прыватнасьці, з «чорнага сьпісу» былі выключаныя Натальля Пяткевіч, Леанід Мальцаў, Генадзь Нявыглас, Анатоль Рубінаў, Яўген Полудзень, Уладзімер Палуян ды інш.
У Брусэлі так і не патлумачылі, чаму менавіта гэтыя асобы былі выведзеныя з-пад санкцыяў — у камэнтары Прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі адзначаецца толькі, што Рада ЭЗ вырашыла, што для далейшага знаходжаньня гэтых людзей у «чорным сьпісе» больш няма падстаў.
Відавочнай прыкметы, якая б аб’яднала ўсе 26 фізычных асобаў, выключаных з санкцыйнага сьпісу, не праглядаецца. З аднаго боку, значная частка зь іх — гэта былыя чыноўнікі, якія ўжо не займаюць нейкіх дзяржаўных пасадаў. Але разам з тым, напрыклад, у сьпісе прысутнічаюць чатыры кіраўнікі беларускіх навучальных устаноў (рэктар БДУ Сяргей Абламейка, рэктар БДУІР Міхаіл Батура, рэктар МГЭІ Тамара Алпеева, дырэктар МДПК Генадзь Падгайскі). А іхнія пасады з моманту ўключэньня ў «чорны сьпіс» не мяняліся.
Але найбольш увагі на сябе зьвяртае выключэньне з «чорнага сьпісу» старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэту Леаніда Мальцава — адзінага з 26 асобаў, каго можна аднесьці да топа беларускіх чыноўнікаў.
Мальцаў быў уключаны ў сьпіс, яшчэ калі быў кіраўніком Савету бясьпекі (гэтую пасаду ён займаў з 2009 па 2013 год). Раней ён быў міністрам абароны (з 1995 па 1996 і з 2001 па 2009 год), а ў 2012 годзе на кароткі час нават выконваў абавязкі старшыні КДБ (адразу пасьля скандальнага «падзеньня» Вадзіма Зайцава).
Прэзэнт для Мальцава
Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў інтэрвію Радыё Свабода, разважаючы над сьпісам асобаў, выведзеных з-пад санкцыяў, перш за ўсё зьвяртае ўвагу на наяўнасьць у ім 12 судзьдзяў.
«Па-першае, у гэтым сьпісе выклікае зьдзіўленьне група судзьдзяў — выходзіць, што іх памілаваў Брусэль. Працуюць судзьдзі цяпер або не працуюць — гэта ня важна. Людзі ж тыя самыя. Але іх Брусэль памілаваў, а палітзьняволеныя засталіся. Па-другое, з „чорнага сьпісу“ выдалены шэраг вучоных — рэктараў навучальных устаноў. Але я б адзначыў яшчэ аднаго вучонага — генэрала Мальцава (дарэчы, ён кандыдат сацыялягічных навук, а можа ўжо і доктар). Што тычыцца яго, то гэта такі своеасаблівы прэзэнт з Брусэля, бо Мальцаву на гэтым тыдні спаўняецца 65 гадоў і шмат хто чакае, што ён сыдзе на пэнсію па ўзросьце. Але падкрэсьліваю: гэта залежыць асабіста ад Лукашэнкі», — кажа экспэрт.
Такім чынам, на думку Якаўлеўскага, выключэньне Мальцава з «чорнага сьпісу» — гэта своеасаблівы прэвэнтыўны крок з разьліку на ягоны хуткі сыход на пэнсію.
«Я б таксама падкрэсьліў, што там ёсьць яшчэ адзін генэрал — генэрал-лейтэнант Нявыглас. Дык вось ён адзіны з гэтага сьпісу, хто адрэагаваў на гэты крок Брусэля — ён сказаў, што гэтае рашэньне Эўразьвязу сьведчыць пра тое, што нібыта ў Эўропе паразумнелі. Я б хацеў адзначыць, што, гледзячы на гэты сьпіс, з такім меркаваньнем Нявыгласа вельмі цяжка пагадзіцца», — адзначыў палітычны аглядальнік.
Паводле слоў Якаўлеўскага, цяжка сказаць, на што разьлічвае Эўразьвяз, скарачаючы «чорны сьпіс».
«Паводзіны брусэльскіх камісараў і іншых чыноўнікаў адносна Беларусі ствараюць уражаньне, што Эўразьвяз пагаджаецца на ўмовы, якія выстаўляе Лукашэнка. Такое ўражаньне, што яны нічога ня могуць зрабіць з Лукашэнкам і таму ідуць на такія кампрамісныя, як ім падаецца, крокі. Але забываюць, што Лукашэнка любы кампраміс расцэньвае як слабасьць другога боку», — падкрэсьлівае ён.
Балёнскі працэс дапамог
Той факт, што з-пад санкцыяў выведзены кіраўнікі беларускіх навучальных устаноў, большасьць экспэртаў зьвязваюць з далучэньнем Беларусі да Балёнскага працэсу.
З гэтым згодны сябра Грамадзкага Балёнскага камітэту, прафэсар Уладзімер Дунаеў:
«Ну канечне, гэта зьвязана з уступленьнем у Балёнскі працэс. Таму што раней наяўнасьць пяці рэктараў ВНУ ў сьпісе чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЭЗ, была такой бачнай перашкодай, сьведчаньнем наяўнасьці рэпрэсіяў. За прамінулы час мала што зьмянілася ў частцы акадэмічных свабодаў. Але, мабыць, дзеля таго, каб зрабіць удзел Беларусі больш эфэктыўным і паўнавартасным, эўрапейцы вырашылі даць гэтым рэктарам права выкарыстоўваць магчымасьці мабільнасьці».
Між тым Дунаеў падкрэсьлівае, што выключэньне рэктараў беларускіх ВНУ з санкцыйнага сьпісу зусім не было абавязковай умовай, каб далучыць Беларусь да Балёнскага працэсу.
«Гэта ўсё ж такі дзьве розныя Эўропы — адна вялікая (ад Лісабона да Ўладзівастока — гэта Балёнскі працэс), другая малая (Эўразьвяз). Аднак зразумела, што для таго, каб Беларусь уключылася ў Балёнскі працэс, у Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі, была неабходная воля і згода з боку ЭЗ», — кажа ён.
«Фактычна гэтыя рэктары паступова выбывалі са сьпісу, — працягвае прафэсар. — Спачатку са сьпісу быў выдалены рэктар Брэсцкага ўнівэрсытэту — у сувязі з тым, што ён пакінуў свой пост. Потым, з натуральных прычын, — рэктар Пэдагагічнага ўнівэрсытэту (рэктар БДПУ Пётар Кухарчык памёр у 2014 годзе. — РС). Таму сьпіс ужо зьменшыўся. Зь іншага боку, тут ёсьць некаторы элемэнт несправядлівасьці, зьвязаны з фармалізмам гэтага сьпісу, таму што ў гэтым сьпісе не было тых, хто найбольш адзначыўся апошнім часам у рэпрэсіях супраць акадэмічнай супольнасьці (студэнтаў або выкладчыкаў). Тады, напэўна, трэба было б не скарачаць, а ўключаць у гэты сьпіс рэктара Гарадзенскага ўнівэрсытэту, які адзначаецца адмысловымі рэпрэсіямі — аднак жа гэтага не адбывалася».
На думку Дунаева, эўрапейцы сёньня ўзялі на курс на тое, каб ужо не выкарыстоўваць санкцыі, каб неяк уплываць на беларускія ўлады і на рэктараў з мэтай прымусіць іх выконваць нейкія каштоўнасьці і мэты Балёнскага працэсу.
Дунаеў таксама спадзяецца, што больш эфэктыўным мэханізмам узьдзеяньня на ўлады будзе «дарожная мапа», якая б абавязвала Беларусь правесьці адпаведныя рэформы ў сфэры адукацыі дзеля паўнавартаснага ўваходжаньня ў Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі.