Казахстан уступіў ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА). Расея, Кіргізстан, Армэнія зрабілі гэта значна раней. Атрымліваецца, што зь пяці удзельніц Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС) толькі Беларусь засталася па-за межамі гэтай арганізацыі. Што ў пэўным сэнсе дэманструе ступень міжнароднай ізаляцыі краіны, нягледзячы на вялікую дыпляматычную актыўнасьць афіцыйнага Менску апошнім часам. Дарэчы, толькі чатыры з постсавецкіх краін не далучыліся да УГА: Азэрбайджан, Беларусь, Туркмэністан і Ўзбэкістан.
Чаму так? Найперш, справа ў тым, што беларуская сацыяльная мадэль і сяброўства ў УГА — рэчы цяжка сумяшчальныя. Калі краіна далучаецца да гэтай арганізацыі, то бярэ на сябе абавязаньні зьнізіць мытныя тарыфы на імпарт прадукцыі іншых дзяржаў. І гэта значыць, што на ўнутраным рынку павінна зьявіцца нашмат больш замежных тавараў. Што стварае канкурэнцыю, ставіць у складаныя ўмовы нацыянальных вытворцаў. А беларуская эканоміка да канкурэнцыі ня звыклая. Бо канкурэнтаздольнасьць вытворцаў Беларусі невысокая. Калі тут зьявяцца трактары John Deere, то што будзе з МТЗ? Таму, каб уратаваць прадпрыемствы, улады вядуць пэрманэнтную барацьбу зь імпартам. Гэта адзін з галоўных кірункаў эканамічнай палітыкі ўраду Беларусі. Рэгулярна прымаюцца праграмы імпартазамяшчэньня, праца фірмаў-імпартэраў усяляк штучна абцяжарваецца, ставяцца ўсё новыя бар’еры на шляху замежных тавараў. Міністэрства гандлю зачыняе крамы за дамінаваньне імпартных тавараў і адсутнасьць там беларускай прадукцыі. І як з такімі падыходамі ўступаць ва УГА?
Другая прычына — менш сыстэмная, а больш псыхалягічная. Аляксандар Лукашэнка першыя два гады свайго прэзыдэнцтва патраціў на тое, каб ліквідаваць усялякі кантроль за сваёй уладай, дэмантаваць сыстэму стрымліваньняў і процівагаў унутры краіны. Гэтага ён урэшце дамогся ў выніку рэфэрэндуму 1996 году. На гэтым тле ўступленьне ў розныя міжнародныя арганізацыі азначала б усталяваньне нейкіх вонкавых абмежаваньняў ягонай аднаасобнай уладзе. І цалкам зразумела ягонае нэгатыўнае стаўленьне да сяброўства ў УГА, Радзе Эўропы, непрыняцьце парадаў МВФ, Усясьветнага банку і інш.
Умацаваньне незалежнасьці Беларусі ўсё больш трактуецца яе лідэрам як незалежнасьць ад міжнародных нормаў і стандартаў паводзін
І ўвесь 21-гадовы пэрыяд кіраваньня Лукашэнкі адзначаецца пагарджаньнем міжнароднымі нормамі, нежаданьнем прымаць правілы, якія існуюць ва ўсясьветнай супольнасьці, спробамі навязаць сьвету свае стандарты паводзін. Імкненьне да абсалютнай улады, усёдазволенасьці, ліквідацыя любых абмежаваньняў ягонай дзейнасьці лягічна і натуральна распаўсюджваецца і на міжнародную палітыку. Таму ўмацаваньне незалежнасьці Беларусі ўсё больш трактуецца яе лідэрам як незалежнасьць ад міжнародных нормаў і стандартаў паводзін. Прычым, каб апраўдаць нежаданьне прытрымлівацца ўсталяваных правілаў, вылучаецца аргумэнт, што гэтыя правілы несправядлівыя, што Захад, і перш за ўсё ЗША, навязалі іх усяму сьвету сілком.
А як жа тады патлумачыць сяброўства Беларусі ва ўсіх інтэграцыйных аб’яднаньнях на постсавецкай прасторы, спытаецеся вы? Ну, па-першае, Менск ня хоча псаваць адносіны з Расеяй, залежнасьць ад якой досыць вялікая. Па-другое, усе інтэграцыйныя постсавецкія саюзы вельмі рыхлыя, такое суцэльнае СНД. Усе абавязаньні, якія бяруць на сябе іх удзельнікі, можна беспакарана не выконваць. Што і адбываецца.
Калі вяртацца да УГА, то сяброўства ў ёй у пэўным сэнсе было б абмежаваньнем для ручнога кіраваньня эканомікай. Палітыку пратэкцыянізму, барацьбу зь імпартам трэба было б весьці па правілах, за парушэньне якіх краіны караюцца. Існуюць пэўныя абмежаваньні ў падтрымцы нацыянальных вытворцаў. Гэта значыць, урад ня змог бы падтрымліваць у цяперашніх памерах гіганты прамысловасьці, сельскую гаспадарку.
З гэтых прычын Беларусь і ня надта імкнецца да ўступленьня ў УГА, хоць перамовы вядуцца шмат гадоў.
Але і цяперашняя сытуацыя, калі Беларусь адзіная з ЭАЭС не далучылася да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, ня надта добрая. Бо Эўразійскі эканамічны саюз павінен дзейнічаць паводле правілаў УГА. Напрыклад, зьмяншаць мытныя тарыфы на імпартныя тавары. Па-першае, гэта зьніжае канкурэнтаздольнасьць беларускай прадукцыі на расейскім рынку. А па-другое, больш імпартных тавараў можа зьявіцца і на тэрыторыі Беларусі, бо ў межах ЭАЭС фармальна існуе адзіная эканамічная прастора.
А зь іншага боку, паколькі Беларусь — ня сябра УГА, яна ня можа скарыстацца гэтай арганізацыяй дзеля абароны сваіх вытворцаў, калі беларускай прадукцыі ў нейкай краіне чыняцца перашкоды. То бок Беларусь атрымлівае ўсе мінусы сяброўства ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, але ня можа скарыстацца плюсамі. Вынікі дзяржаўнай мудрасьці па-беларуску.