Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпардзьё нахвальвае Лукашэнку і падтрымлівае закон «Аб дармаедах»


Францускі актор Жэрар Дэпардзьё заявіў, што не разумее, чаму ў прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі дрэнная рэпутацыя на Захадзе.

У інтэрвію беларускаму тэлебачаньню Дэпардзьё адзначыў, што ня толькі пазнаёміўся з цудоўнай краінай, але і сустрэў выбітнага чалавека. Ён дадаў, што хоча ўсюды распавядаць пра тое, як беларусы ганарацца сваёй краінай і сваім прэзыдэнтам. «Гэта чалавек, які ўжо 20 гадоў знаходзіцца ва ўладзе і якога краіна любіць. Чаму дзесьці за мяжой у яго дрэнная рэпутацыя? Я не разумею», — заявіў Дэпардзьё. Ён адзначыў, што нэгатыўны вобраз Лукашэнкі ствараюць людзі, якія ня ведаюць рэальную сытуацыю ў Беларусі. Сам Лукашэнка, на думку Дэпардзьё, надзвычай разумны ў пытаньнях сусьветнай палітыкі.

Францускі актор падтрымаў увядзеньне ў Беларусі падатку з дармаедаў і паведаміў, што Францыя ператварылася ў краіну «сацыяльных утрыманцаў». «Там зрабілі так, што праца выклікае агіду ў людзей. Раней было добра, а зараз проста катастрофа, горш, чым у Грэцыі», — растлумачыў ён, дадаўшы, што ў Беларусі ня бачыў ні п’яніц, ні бамжоў, а ўначы на вуліцах бясьпечна. Усім, хто думае інакш, актор параіў асабіста пабываць у Беларусі. Ён таксама адзначыў, што да нэгатыўнага стаўленьня да сябе «Лукашэнку няма справы».

Паводле РИА-Новости і Вести.Ру

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG