Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Ерафееў: «Пуцін хацеў зрабіць з Украіны другую Беларусь»


Віктар Ерафееў
Віктар Ерафееў

Пра гэта вядомы расейскі пісьменьнік Віктар Ерафееў заявіў у інтэрвію швэйцарскай газэце Neue Zuercher Zeitung.

«Пуцін жадаў не Данбас — ён хацеў ўсю Ўкраіну. Але гэта ў яго не атрымалася. Пуцін хацеў бы ператварыць Украіну ў другую Беларусь, гэта значыць, у паслухмяную дзяржаву зь ляяльным яму лідэрам», — мяркуе Ерафееў. Яшчэ ў 2008 годзе, па словах пісьменьніка, «ён сказаў Джорджу Бушу-малодшаму, што Ўкраіна не зьяўляецца самастойнай дзяржавай, а належыць Расеі». Расейская імпэрыя, як тлумачыць Ерафееў, «ня можа існаваць без Украіны: Украіна зьвязвае Расею з Эўропай і Поўднем, забясьпечвае яе лепшымі людзьмі, ды і ў цэлым яна нашмат больш пасьпяховая. Вось таму яна мае вялікае значэньне для Расеі».

Сам жа пісьменьнік, у адрозьненьне ад расейскага прэзыдэнта, перакананы, што Ўкраіна мае ўласную культурную ідэнтычнасьць. «Зразумела, яна ў яе ёсьць», — адказаў пісьменьнік, дадаўшы, што яго другая жонка была украінкай. «Самі па сабе ўкраінцы больш практычныя, чым расейцы, яны ўмеюць добра працаваць (...). Яны вырабляюць рэчы, якімі могуць зарабляць сабе на жыцьцё. Расейцы ж нашмат менш вераць у посьпех і менш абачлівыя ў пляне бясьпекі, прычым тычыцца гэта ня толькі інтэлігенцыі. Яшчэ ў савецкія часы зразумець, ці перайшоў ты мяжу паміж Украінай і Расеяй, можна было па ежы: ва Ўкраіне яна была нашмат лепшая».

«Тым ня менш, Пуцін не адчувае сябе няшчасным, паколькі, чым больш ён адважваўся ісьці наперад, тым лепш разумеў, наколькі слабы Захад, — упэўнены Ерафееў. — Я гутарыў зь вядучымі заходнімі палітыкамі і зразумеў, што ўсе яны ў разгубленасьці і ня ведаюць, што рабіць далей з Украінай. Яны не сьпяшаюцца з дапамогай, паколькі думаюць, што эканамічныя цяжкасьці залішне вялікія, а карупцыя занадта пашыраная, каб з усім гэтым можна было змагацца звонку. Пуцін жа, будучы былым афіцэрам КДБ, вельмі дакладна чытае гэтыя сыгналы. І ён ведае пра нерашучасьць і адсутнасьць арыенціраў у эўрапейцаў. Цяпер, хутчэй за ўсё, ён спыніць наступ на Данбасе, але пасьля гэтага ўсё роўна знойдзе спосаб працягваць наносіць цяжкую эканамічную шкоду Ўкраіне».

Таксама пісьменьнік выказаўся з нагоды магчымасьці ўстанаўленьня дэмакратыі ў Расеі і «памылкі Захаду» у гэтым пляне. «Цалкам дакладна, што дэмакратыя ўсё ж прыйдзе, і Расея рана ці позна стане эўрапейскай краінай. Цалкам магчыма, што гэта адбудзецца гадоў праз 50», — перадае яго словы выданьне.

Захад, на погляд Ерафеева, дапусьціў сур’ёзную памылку ў дачыненьні да Расеі. «Калі Пуцін толькі стаў прэзыдэнтам у 2000 годзе, ён ня ведаў, якая роля яму адведзена: ён быў акторам без сцэнара. Але Захад паводзіў сябе ганарыста і сьмяяўся з адсталасьці Расеі, у выніку расейцы адчулі сябе прыніжанымі — гэтак жа, як немцы пасьля Першай сусьветнай вайны. У выніку ў іх адбыўся мэтафізычны пераварот і яны адгарадзіліся ад матэрыялістычных заходніх грамадзтваў, якія страцілі веру ў Бога. У выніку ў Расеі зьявілася архаічнае племянное мысьленьне, у якім існуюць такія паняцьці, як „мы“ і яны ».

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны пераклад парталу Inopressa
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG