Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Круты мастак». Вандроўка на радзіму Язэпа Драздовіча.


Калі пад’яжджаеш да вёскі Ліпляні, у ваколіцах якой нарадзіўся касьмічны мастак Язэп Драздовіч і дзе на вясковых могілках ён пахаваны, дык міжволі чакаеш чагосьці незвычайнага. Незямнога. І першае, што бачыш на пад’езьдзе да вёскі, — высачэзнае выгінастае дрэва, ствол якога хаваецца ў лістоце. Стаіць сярод закінутага беларускага поля такі агромністы марсіянскі кактус. Далібог, такіх цудаў мне яшчэ бачыць не даводзілася.

Галіна Шантар, усьмешлівая гаваркая спадарыня, жыве ў Ліплянях на вуліцы Язэпа Драздовіча. Для яе гэтае імя — ня помнік на могілках, не карціны, а дзівак зь яе дзяцінства.

— Дзядзька быў добры, бедны. Блукаўся па лесе, дываны маляваў. Гэта пасьля вайны было. А потым захварэў, у Падсьвільскай бальніцы памёр. У прасьціне пахавалі небараку.

У 54-м годзе ніхто нават ня скінуўся на драўляную труну. Затое пасьля прызнаньня ў Драздовіча знайшлося нямала сваякоў. Гісторыя наколькі банальная, настолькі і вечная.

— Раней яго за радню ніхто не прызнаваў. А пасьля ўжо Чэська з Галубіч казала, што гэта «дзядзя наш»! Цяпер усе кінуліся. А раней ён як хадзіў? На галаве такі лямцавы чэпчык надзеты, доўгі, сьветлы плашч. Зь ляскай. Як у маленстве пойдзем у грыбы, дык каб ня ведаў яго, дык уцякаў бы ад яго. Што за дзед ходзіць? Выйдзе на двор. Усё на неба глядзеў. Нешта ён разьбіраўся, разглядаў усё. Якія зоркі, куды што якое...

Аказваецца, мастак быў яшчэ і фокусьнікам.

— Нас, дзяцей, зьбярэ, паставіць стол і на нас кажа: «Ну, дзеткі, кладзіце рукі на стол». Мы кладзем на стол. «Столік, падыміся!» І столік падымаўся. «Столік, апусьціся». Як ён гэта рабіў? Можа, у яго які загавор быў? Есьці сам сабе гатаваў. У салдацкім кацялочку варыў сабе, як сам казаў, «патраўку». Поліўку з грыбоў. Вельмі быў бедны. Нікому не патрэбны. Ніхто яго не прызнаваў, а цяпер адумаліся. Ён і на шафах маляваў. Да Мальвіны заедзьце.

Ліпля́ні
Ліпля́ні

Іншая ліплянка, Аліна Тышко, высокая спадарыня ў акулярах, расказала, што ў 50-я гады Язэпавы маляваныя дыванкі былі галоўным падарункам на вясельле.

— Сястра замуж ішла, дык маляваў ёй дыван. А мы, дзеці, глядзелі. Там былі заяц і лісіца. Пасьля зблоціўся ў яе. Выцьвіў. Сталі пад ногі падсьцілаць. Хадзіў Язэпка, блынтаўся. І яшчэ адна сястра замуж ішла. І ёй дыванок далі. І таксама, як не згадзіўся, сталі пад ногі класьці. Сталі багацейшыя. Нас, трох сёстраў, неяк пасадзіў і намаляваў. Падобныя былі. Як на фатакартачцы.

— І дзе той партрэт?

— У тым сшытку пасьля хлопцы малявалі. Усё пазьнікала. Ніхто не шанаваў.

— І ён за працу ня браў грошы?

— Не, грошы ён ня браў. Кармілі. «Дзядулька, пойдзем у грыбы!» Ён з намі і пойдзе. Круты, па лесе шыбка хадзіў.

— Што значыць «круты»?

— Шыбкі. Як кажуць: вось старая, але ж яшчэ крутая. Гэта значыць, яшчэ можэць.

Ліплянскі краявід
Ліплянскі краявід

Колькі ж ягоных дыванкоў і малюнкаў было зьнішчана! А іх жа ў ваколіцах Глыбокага былі сотні. Апошнюю працу нядаўна прадалі за бутэльку гарэлкі. Пасьля чаго яе ўладальнік па п’яні ўтапіўся.

— Неяк на могілках нейкі чалавек пытаецца: «А ці жыве ў Давыдках такі Гулда? У яго была карціна. Хацеў бы купіць». А Гулда памёр. Застаўся ўнук. І той унук ужо прадаў карціну за гарэлку. Там на ёй калодзеж быў намаляваны. І той унук езьдзіў у заробкі і недзе ўтапіўся.

І ўсё ж адну працу я знайшоў. У суседніх Малых Давыдках, у бабы Мальвіны стаіць шафа, расьпісаная Драздовічам. Дзьверкі ўпрыгожаныя блакітным і ружовым папугаямі на вінаградных гронках.

Унізе аўтограф мастака і дата. 1951 год. Год, калі яшчэ нават не ляталі спадарожнікі.

— Выйдзе, глядзіць на неба вечарам. І мы за ім выйдзем. Казаў: «Яшчэ празь мяне пагавораць! Яшчэ людзі ў космас будуць лётаць».

— А вы верылі?

— Сьмяяліся зь яго.

Мастаку не было дзе жыць. Сёньня ў Малых Давыдках з жыльлём праблемаў няма. Я ня мог не спыніцца каля зусім новенькага катэджа, але бяз вокнаў і безь дзьвярэй. Мясцовая спадарыня патлумачыла мне, што гэта ня проста дом. А прэзыдэнцкі дом!

— Гэты дом пабудавалі для нейкай канкрэтнай сям’і?

— Для калгаса. Што нехта прыедзе і будзе жыць. Але ж людзі ўцякаюць. Канкрэтнай сям’і не было. Там і сьвятло падвялі. Калі ласка, заяжджай і жыві. Застаўся бяз столі, безь перагародак, без разэтак. Гаспадарлівыя людзі ўсё разабралі.

Пётар Хацяновіч, 90-гадовы моцны дзед зь недалёкага Юркава, памятае мастака яшчэ па 37-м годзе!

— Ён у нас тыдзень жыў. На хутары. Дыван маляваў. У 37-м годзе. У нас там была замкавая гара. Неяк я зь ім пайшоў у арэхі. Ён тую гару абышоў, агледзеў і дыван намаляваў. Замак на гары. Прыгажосьць. Усё жывое! Але падчас вайны зьнік гэты дыван.

Чуеце, якая павага ў голасе на адрас мастака? Ніякіх «Язэпак», ніякіх сьмяшылак. Гэта рэха даваеннага, дасавецкага, дабядняцкага стаўленьня селяніна да чалавека мастацтва.

— Ён браў грошы ці за ежу працаваў?

— А як жа! Плацілі. Язэп Драздовіч. А як жа.

— Вы пра што-небудзь зь ім гаварылі ў 37-м годзе?

— Удзень працуе. Каб ніхто ні грукнуў, ні стукнуў. Ціхенька сядзем і здалёку глядзім. А ўвечары, калі месяц сьвеціць, ён нас выводзіў. «Пойдзем, раскажу вам». Паказваў і расказваў, як называюцца зоркі.

Дабраўся я ў той дзень і да Пунек. Былога засьценка, дзе нарадзіўся Язэп Драздовіч. У глыбіні непралазнага лесу я ўбачыў вялікую паляну. А на паляне закінуты калодзеж. Вады ў калодзежы ўжо няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG