Дарагі і адзіны таварыш прафсаюзаў!
Зьвяртаемся да вас ад імя ўсё нашай федэрацыі, нават уключна зь нерэгулярнымі плацельшчыкамі ўзносаў, якіх яшчэ ёсьць.
Ужо колькі часу на нашай планеце побач з намі, почасту на аддалёных, дзікіх ускраінах сталіц, — жыве адна з самых сацыяльна неабароненых груп чалавецтва — прэзідэнты. Працавітыя, але паражоныя ў правах гаротнікі, загнаныя ў цесную рэзэрвацыю, якую памылкова называюць «рэзыдэнцыяй».
І за што, і пасьля чаго?! Ненармаваны працоўны дзень, пастаяннае парушэнне агульначалавечага права на прыватнае жыцьцё. Абмежаваная, як правіла, двума куцымі тэрмінамі пасада, прыкрая немагчымасць далейшага кар’ернага роста, не кажучы ўжо пра імпічмент і іншыя перашкоды з боку парламенцкіх гультаёў. Недатрыманне базавых правілаў гігіены пры частаванні хлебам-соллю ля загазаваных трапаў самалётаў у нецывілізаваных кутках планеты і цалаванні непрадэзінфікаваных немаўлят перад асьляпляльнымі ўспышкамі камер.
Гэта толькі малы сьпіс усіх сацыяльных несправядлівасьцяў, якімі «цывілізаваны» сьвет частуе сваіх пасынкаў, усенароднаабраных прэзідэнтаў. Цягамотныя расследаванні карупцыйных скандалаў і абуральныя прыводы ў паліцыю для дачы паказаньняў даўно сталі штодзённасьцю пост-прэзыдэнцкіх будняў.
За права ўсяго-толькі сесці на сваё законнае працоўнае крэсла прэзідэнтам почасту даводзіцца ладзіць доўгія выбарчыя кампаніі, якія ніякім чынам не залічваюцца ў працоўны стаж.
Нядаўна мы віталі Ваш новы дэкрэт пра спрашчэнні ўмоў для стварэння прафсаюзаў. Гэтым дэкрэтам у нашай краіны з’явіўся рэальны шанец прадэманстраваць усяму «цывілізаванаму» свету, што такое стопрацэнтная сацыяльная дзяржава, дзе дбаюць не толькі пра растлусьцелы сярэдні клас. Наша фэдэрацыі прапануе Вам стварыць першы ў свеце прэзідэнцкі прафсаюз, а дакладней, Прафсаюз Прэзідэнтаў, скарочана — «ПРАПРЭ».
Па-першае, ПРАПРЭ будзе мець права патрабаваць адмены тэрмінаў знаходжаньня на пасадзе для прэзыдэнтаў, якія яе ўжо займаюць. Гэтыя абмежаваньні супярэчаць усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і зьяўляюцца на самрэч формай забароны на прафэсію.
Па-другое, ПРАПРЭ зможа выступіць за увядзенне сістэмы гарантыяў для гарантаў.
Калі жыхарам краіны падабаецца малады спецыяліст, пасля выпрабаваўчага тэрміну ў пяць-сем гадоў, падчас якога стажор мусіў зарэкамендаваць сябе на займанай пасадзе, давесці прафпрыдатнасць, прадэманстраваць навыкі ў кіраванні масамі: скажам, распусціў парламент ці разагнаў шматтысячныя дэманстрацыі, — усё, чаго цягнуць, — калі ласка прымайце яго на пастаянную працу, стандартны пяцікадэнцыйны кантракт. Каб ні ў кога не балела галава: ні ў народа-працадаўцы, ні ў слугі народа.
Прэзідэнты павінны бачыць, што праз іх не пераступілі, абдарылі надзеяй, што у гэтай краіне ў іх ёсць працоўнае заўтра. Што тытул «лідэр нацыі» падмацаваны рэальным сацпакетам, а не паказнымі выгодамі як то лімузін ці залаты батон на працоўным стале, якія сёння ёсць, а праз год — канфіскавалі.
Трэба мець на ўвазе, што нельга губляць нашых людзей. Калі мы выкінем прэзідэнта, дык ён пойдзе захварэе, ці бронь божа, памрэ, ці чур нас, госпадзе — зноў падасца на выбары. А ўсе гэтыя сацыяльна значныя дзеянні вядуць да не абы-якіх дзяржаўных растрат або пазычэння жалобных лафетаў у больш спрактыкаваных у гэтай справе суседзяў. Ці варта казаць, што ўслед за пазычанымі лафетамі на нашу шматпакутную зямлю могуць прыйсці і суседзкія патрабаванні аб стварэнні артылерыйскіх вайсковых баз?
Разам з тым, прэзідэнты як перадавая частка нашага грамадства, самі маглі б паслужыць прыкладам для астатніх працаўнікоў краіны. Тут бачацца два шляхі. Як Вы цудоўна разумееце пасля сёлетніх выбараў пойдзе гутарка пра павышэнне пенсійнага ўзросту. Дык вось, адзін варыянт — ПРАПРЭ можа прапанаваць павысіць пенсійны ўзрост прэзідэнтам ужо сёння. У гэтым важным паказчыку прэзідэнты павінны ахвяраваць сабою і закласці высокую верхнюю планку для ўсяго грамадства. Дзевяноста пяць гадоў для мужчын-прэзідэнтаў, і дзевяноста — для жанчын-прэзідэнтак.
Другі варыянт — пэнсійны ўзрост не чапаць, але лічыць узрост прэзыдэнта ад моманту заняцьця пасады альбо зь любога іншага зручнага моманту.
Шмат якія іншыя задачы стаяць перад ПРАПРЭ — выпрацаваць палажэньне аб прыняцці ў прафсаюз дзяцей прэзыдэнтаў, правілы перадачы прафсаюзнага білета ў спадчыну, пытанне аб пажыццёвым вызваленні ад аплаты узносаў.
Пачаць можна са стварэньня першапачатковага аргаддзела ПРАПРЭ, з выдзяленьня офісных памяшканьняў у цэнтры і сотак у гарадзкой рысе, а крыніцай фінансаваньня павінен стаць новаствораны прафсаюз дармаедаў, бо хто не працуе, няхай ПРАПРЭ мацуе!
Жыве ПРАПРЭ!
Ваша назаўсёды фэдэрацыя.