Пасьля абвяшчэньня выбараў ну як прарвала. Рэдакцыя Свабоды атрымала мноства лістоў ад працоўных, мясцовага начальства і проста лайдакоў, а таксама жанчын, прадпрымальнікаў і іншых асобаў сумнеўных прафэсій. Усе рэжуць праўду-матку, дзе б яна ні хавалася, бо душа гарыць і ў роце перасохла. Будзем друкаваць як напісана, бо праўды не заглушыш.
Дарагі Вы наш і адзіны!
З пачуццём глыбокага абурэння дазналіся мы, жыхары нашага дома, са сродкаў масавай інфармацыі пра выбары Прэзідэнта, якія маюць адбыцца сёлета. Нягледзячы на неаднаразовыя, настойлівыя, празрыстыя і адназначныя выяўленні волі нашага народа Цэнтральная выбарчая камісія чарговы раз, безапеляцыйна карыстаючыся службовым становішчам, самавольна абвясціла новыя выбары.
Дарагі адзіны! Цалкам магчыма, ад Вас хаваюць, што наяўнасць выбараў востра абражае пачуцці ўсіх грамадзян. Наш дом як частка вялікага дома-краіны таксама, ясная рэч, пагалоўна ўвесь зняважаны падобным рашэннем. А тут жа жывуць людзі з прапіскай і без, распісаныя і так, сабакаводы і каталюбы, адным словам, усе слаі нашай краіны без адрознення па нацыянальным, рэлігійным, звярыным і любым іншым прызнаку.
У гэтым, глыбока варожым для нашай Рэспублікі абвяшчэнні мы бачым спробу зніштожыць набыткі сувэрэннай дэмакратыі, г. зн. улады ад народа, і перакрэсліць шлях, што нашыя дзяды і бацькі агоралі за апошнія тысячу гадоў, у канцы якога яны ўрачыста паставілі тлустую кропку — пасля ўсебаковых і ўсенародных узважанняў спыніліся на канчатковым варыянце.
Звяртаемся да Вас з настойлівай просьбай адмяніць будучыя Прэзідэнцкія выбары раз і назаўсёды, а вінаватых у іх абвяшчэнні прыцягнуць да крымінальнай ды іншых адказнасцяў
Ці варта казаць, што наяўнасць выбараў кажа аб недаверы да звычайнага чалавека, дзікай недаацэнцы яго разумовых здольнасцяў? Ці ж не спрабуе Цэнтральная выбарчая камісія ўсякімі-рознымі здзеклівымі мерапрыемствамі, як то друкаванне партрэтаў кандыдатаў і іхніх праграм, выставіць наш свабодалюбівы і мудры народ паслухмянай шэрай масай, не здольнай без падказкі самастойна прыймаць адзінаправільнага рашэння? І навошта закрытыя кабінкі? Мы што, на пляжы?
Дарагі наш! Ужо на папярэдніх выбарах сталі відаць прыпіскі і фальсіфікацыі з боку ЦВК. Маўляў, «за» прагаласавалі 80 працэнтаў выбарнікаў. А дзе падзеліся астатнія 20, хочацца запытаць? Адказ просты — збагрылі за кардон, здалі ў лапы пятай калоне.
Тэму змарнаваных сродкаў на перадвыбарчую гонку і стратаў для гаспадаркі з гэтай прычыны не варта нават закранаць — яна відавочная нават каню з гэтай самай гаспадаркі. Хаця ёсць і тыя барыгі, якія пагрэюць рукі на гэтым маразме, называным «свабоднымі выбарамі». Бо навідавоку — злачынная змова Цэнтральнай выбарчай камісіі са школьнымі буфетамі, прадугледжаная артыкулам 211 Крымінальнага Кодэкса, якая цягне за сабой ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй усяго асартымента.
А каму акрамя надта вузкага кола мясцовых сургучаробаў выгадныя апячатаныя урны?
Такім парадкам, мы звяртаемся да Вас з настойлівай просьбай адмяніць будучыя Прэзідэнцкія выбары раз і назаўсёды, а вінаватых у іх абвяшчэнні прыцягнуць да крымінальнай ды іншых адказнасцяў.
Разам з тым, школьныя буфеты пры выбарчых участках, як паспяховую інавацыю, просім перавесці на круглагадзічную аснову, 24 гадзіны на суткі. Справа ў тым, што ў жыхароў нашага дома пры выглядзе высокаякаснай прадукцыі за нізкімі цэнамі буйнее вера ў моцную і квітнеючую будучыню.
З любоўю, надзеяй і верай у буфетную перамогу!
Усяго 200 ці 300 подпісаў, ЦВК ведае.
Ад рэдакцыі: І адрас, і арыгінал звароту жыльцоў дома Х па праспэкце Y гораду Z захоўваецца ў надзейным месцы, і калі што, нічога нікому ня будзе. Прысылайце свой ліст, і мы яго абавязкова перадамо куды трэба (на кароткіх і сярэдніх хвалях і ў інтэрнэце). Адрас svaboda@rferl.org