Пасьля абвяшчэньня выбараў ну як прарвала. Рэдакцыя Свабоды атрымала мноства лістоў ад працоўных, мясцовага начальства і проста лайдакоў, а таксама жанчын, прадпрымальнікаў і іншых асобаў сумнеўных прафэсіяў. Усе рэжуць праўду-матку, дзе б яна не хавалася, бо душа гарыць і ў роце перасохла. Будзем друкаваць як напісана, бо праўды не заглушыш.
Ліст 2.
Дарагі і адзіны любімы прэзыдэнт назаўсёды,
Пішу вам як чалавек, які шмат для каго прадстаўляе сабой кропку на зямлі, бо больш дробнай адзінкі ў сьвеце ўявіць немагчыма.
Але не для Вас, і я гэта ведаю і ў гэта веру. Бо ўся Ваша палітыка ці праграма, ці як яшчэ сказаць, пастроена на галоўным прынцыпе — каб было чыста. Каб было чыста і ў думках, і ў справах, і на банкаўскіх рахунках. Каб было чыста на Зямлі. І дажа ў космасе, куды мы паслалі спутнік Белку, толькі яна не даляцела. За гэта нас паважаюць і завідваюць многа гдзе. Ну, можа ня там, гдзе ана ўпала.
Нямнога аб сабе. Я працую на перадавой барацьбы за чысьціню. У самым пекле, дзе наша служба ні відна, дні і ночы. Факцічаскі баец нявідзімага фронту, як кажа наш начальнік ЖРЭУ, бо, кажа, не відаць, як ты працуеш. Вы здагадаліся, што я — малодшы дворнік, і займаю гэтую пасаду ўжо дваццаць год. Как гаварыцца, ўсё для фронта, служба дні і ночы.
Так сталася, што пасьля Перабудовы я згубіў усё: сям’ю, кватэру, пасаду і званьне.
Прызнаюся, я піў, і шмат, і нават цяпер п’ю, але ўжо не ад безвыходнасьці як раней, а ад упэўненасьці ў заўтрашнім дні, патамушта заўтра будзе лучшэ чым учара.
Я веру ў вас, мой Прэзыдэнт, хоць ніводнага разу мне так і не давялося за Вас прагаласаваць, бо калі я ў суботу альбо пятніцу выпіў, то наступны дзень мінае мяне, і я адразу прачынаюся заўтра ці нават пасьлязаўтра, у панядзелак, і з радасьцю сустракаю доўгачаканую навіну: Вы ізноў наш Бацька! Вы ізноў за стырном нашага вялікага карабля як хрустальны сасуд! І я адразу куляю кілішак! Ваша здароўе!
Сам па сабе я чалавек добры, можа быць крыху рамантык, і схільны да перабольшаньня, але гэта ў ва мне гавораць матчыны гены, яна заўсёды хацела, каб я стаў міліцыянэрам, бо ім даюць форму і матацыкл з каляскай, у якой чатыры мяхі бульбы зьмяшчаюцца.
Выбачайце, гаспадар наш, што вымушаны Вас турбаваць, але больш немагчыма маўчаць ад радасьці, якая мяне перапаўняе, быццам каналізацыю прарвала у дзевяціпавярховіку, а нашы сантэхнікі ўсе адзначаюць трэці тыдзень вашу перамогу! Я пільна сачу за Вашымі выступамі па тэлевізары, а калі не атрымліваецца паглядзець на Вас, то я слухаю радыё. А часам гляджу і слухаю адначасна. Гэта дажа стала адбівацца на выпіўцы — няма калі піць. І закусваць зусім ня трэба. Ня хочацца. Тым больш, што няма чым. У галаве як музыка грае і ў жываце таксама. Мне падабаюцца ўсе вашыя законы, і дэкрэты, і прычоска, і вочы, а асабліва голас. Я мог бы працягваць, але тут, как гаварыцца, ня час і ня месца.
Я адважыўся вам напісаць, бо думаю, як бы гэта каб яшчэ лепш, каб яшчэ больш арганізаваць двор, і вось я маю такую прапанову, бо акрамя Вас, больш ніхто не паймёць і не ацэніць, асабліва наш начальнік ЖРЭА.
Але перш жадаю Вам шчасьця і дабрабыту, успехаў у трудзе, а галоўнае здароўя! Ваша здароўе!
Таварыш прэзыдэнт!
Даўно хацеў напісаць вам пра чыстату ў гэты складаны перыяд. Надзеюсь, Вы мяне паймёце ня так, як наш начальнік ЖРЭУ, які ня ўмее мысьліць у дзяржаўным маштабе і дыхнуць не дае, бо чуць што, патрабуе «дыхні!».
Хачу зьвярнуць Вашу увагу вось на што: яшчэ рэдка ў нас выкідаюць сьмецьце праз вокны! Гэта ідзе ад недапаніманьня важнасьці гэтага рэсурсу.
Я патлумачу. Вось ідзе пятая калёна са сваімі лозунгамі, а на восьмым паверсе трохпакаёўку здымаюць тры студэнткі-сяброўкі. Пакурылі і папілі гарбаты ці кавы — вонкі. Паелі сасісак — вонкі абалонкі ад іх. Схадзілі ў краму — з форткі вонкі напампаваны сьмецьцем, добра завязаны, пакет! Гэта я лічу выдатна! Менш хадзіць пад вокнамі будуць, траву таптаць.
Але пакуль у гэтай справе шмат самадзейнасьці. Хто как хаціт, так і кідаіт. І што хаціт. І калі хаціт. І на каго хаціт.
Ня трэба раскідвацца. Трэба зьбіраць сьмецьце, берагчы яго, трэба яго любіць і шанаваць. А потым, пад час выбараў ці яшчэ якіх акцый пятай калёны, раздаваць яго адпаведна з дазволеным маршрутам.
Гэта стратэгічны запас і нацыянальная бясьпека. Правільна ў нас былі заварылі сьмецьцеправоды. Гэта павысіла выкіданьне сьмецьця з вокнаў. Але, магчыма, прыйшоў час разварыць і разьвярнуць — і пачаць закачваць сьмецьце зьнізу наверх. Бо зьверху далей ляціць.
І калі што — мы закідаем сьмецьцем усіх, хто супраць нас, і выганім іх із страны! А кагда усе нянужныя зьбягуць, мы зажывем яшчэ лепей!
Сьмецце — гэта наша будучыня, справа доблесьці і гонару, сьмецьце — гэта наша чысьціня!
Радавы нявідзімага фронту.
Ад рэдакцыі: І адрас, і арыгінал гэтага звароту захоўваецца ў надзейным месцы, і калі што, нічога нікому ня будзе. Прысылайце свой ліст, і мы яго абавязкова перадамо куды трэба (на кароткіх і сярэдніх хвалях і ў Інтэрнэце). Адрас svaboda@rferl.org