Выданьне безьліч разоў зазнавала жорсткія рэпрэсіі, давялося друкавацца ў эміграцыі — Смаленску і Вільні, шмат разоў газэту штрафавалі на салідныя сумы, выкідвалі зь «Белсаюздруку», выносілі папярэджаньні. Але насуперак усяму газэта выжыла. Нязьменны галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч напярэдадні юбілею раскрыў Свабодзе сакрэты даўгалецьця выданьня, распавёў пра свае ўзаемаадносіны з уладамі і кіраўніком краіны, пра тое, як працуе па 18 гадзін на суткі.
«У 1988-м Сакалоў і Дземянцей знайшлі самародка на Шклоўшчыне»
— Распавядзіце пра вашы адносіны з кіраўніком дзяржавы. Вы ж пазнаёміліся нават не ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, а значна раней, калі Аляксандар Лукашэнка яшчэ ўзначальваў саўгас «Гарадзец»?
— Так. Я, можа, і ня ведаў тады, што ёсьць такі дырэктар саўгасу ў Шклоўскім раёне, хоць я і прапоўз на жываце працэнтаў 70 калгасаў і саўгасаў краіны, працуючы ў «Сельскай газеце». Мы ж не вылазілі тады з камандзіровак па 300 дзён у год, і матэрыялы перадавалі з пошты, па міжгорадзе. Стэнаграфістка ў рэдакцыі прымала, а мы ехалі ў другі раён.
1988 год. Я працаваў ужо намесьнікам галоўнага рэдактара «СБ». Быў званок з ЦК КПБ, патэлефанаваў другі сакратар Мікалай Ігруноў і сказаў, што першы сакратар ЦК Яфрэм Сакалоў і адказны за сельскую гаспадарку Мікалай Дземянцей знайшлі самародка на Шклоўшчыне, і яны туды ўжо накіравалі групу з ЦК, каб тыя падрыхтавалі разгорнутыя матэрыялы пра ініцыятыву гэтага самародка. Хто ён такі, я тады ня ведаў. Я ўзяў фотакарэспандэнта Аляксандра Шаблюка. Гэта была першая сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, у невялікай каморцы — меншай за мой сьціплы кабінэт. Каля каморы стаяла вядро з вадой, і да гэтага вядра на ланцугу быў прывязаны вялікі медны кубак.
Мы падрыхтавалі цэлую паласу за подпісам Лукашэнкі. Зьмясьцілі вялікі здымак: шмат людзей стаіць, а наперадзе, як правадыр, Аляксандар Рыгоравіч. Дарэчы, я лічу, што мелі тады рацыю і Сакалоў, і Дземянцей, таму што трэба было шукаць нейкія новыя падыходы ў сельскай гаспадарцы. І гаспадарчы падрад ім падаўся крокам наперад, хоць потым гэта і ня спраўдзілася. Гэта было першае маё знаёмства з Лукашэнкам. Сам ён быў вельмі задаволены публікацыяй, паабяцаў прыехаць з пляшкай самагонкі, але абяцаньня так і ня выканаў...
А потым пяць гадоў у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня засядалі разам. Мне розьніцы няма: Сідараў, Іваноў на галоўнай пасадзе, хто ён — былы дырэктар саўгасу ці былы першы сакратар. Галоўнае — каб дзяржава разьвівалася ў цывілізаваным кірунку.
«Ня самую лепшую справу зрабіў Мілінкевіч з праграмай Каліноўскага»
Сёньняшнія ўлады будуць адказваць не за спазьненьне рэформаў, а за расчалавечваньне чалавека.
— Сёньняшнія ўлады будуць адказваць не за спазьненьне рэформаў, а за расчалавечваньне чалавека. Калі б не расчалавечылі чалавека, людзі б выбіралі такіх кіраўнікоў, якія б здолелі весьці краіну па цывілізаваным шляху. Трэба даць магчымасьць асобе адчуць, што яна асоба. А сёньня з краіны зьехалі дзясяткі тысяч маладых людзей, яны навучаюцца па ўсім сьвеце, але не вяртаюцца сюды. Гэта трагедыя.
Мы далі ў мінулым нумары падборку па Казахстане. Назарбаева дэмакратам назваць цяжка. Але ўлады Казахстану знаходзяць у самых аддаленых аулах здольных хлопчыкаў і дзяўчат, за дзяржаўны кошт накіроўваюць вучыцца за мяжу ў лепшыя ўнівэрсытэты сьвету, а потым гарантуюць ім па вяртаньні добрую пасаду. Спачатку ім няпроста, але ў іх падмурак закладзены. Абнаўленьне ідзе. А ў нас што? Тусуюць гэтых перастарэлых кіраўнікоў, перасаджваюць з аднаго крэсла ў другое. Я лічу, што ня самую лепшую справу зрабіў Мілінкевіч з праграмай Каліноўскага, дый іншыя праграмы адсюль забралі лепшую моладзь. А колькі чалавек вярнулася? Чаму ніводзін чалавек не прыйшоў пасьля Кракаўскага ці Бэрлінскага ўнівэрсытэтаў і не папрасіўся на працу ў «Народную Волю»? Максымум, на што яны здольныя, — гэта застацца на «Белсаце» ў Варшаве. А астатнія прыстасоўваюцца. Моладзь стала прыстасаванцамі. Калі ў краіне няма маладой будучыні, гэта катастрофа.
«Я вымушаны быў напісаць артыкул пра апазыцыю «Што, мову адняло?»
— Вось на апошняй прэсавай канфэрэнцыі выступілі з вострай прамовай. І напрошваліся на сустрэчу з Лукашэнкам. Так і не дамовіліся? Ён адмовіў?
Улады яшчэ не адзін раз нагадаюць, што была магчымасьць пагаварыць, але ж апазыцыя сама не захацела.
— Не, ён не адмовіў мне. Проста я не сьпяшаюся выкарыстаць ягоную згоду. Але няхай пройдуць выбары (вядома, чым яны скончацца), і я абавязкова скарыстаю гэтую магчымасьць. У мяне ёсьць пра што пагаварыць, але гэта не пытаньні, якія тычацца мяне асабіста... Як я магу прасіцца сёньня на інтэрвію, калі тое, на што ён даў згоду, праігнаравала наша бясслаўная апазыцыя? Ён сказаў на прэс-канфэрэнцыі: «Калі ласка, зьбірайце круглы стол, я дзяржсакратара Рады бясьпекі прышлю, іншых». Здаецца, што далей? Далей ужо справа не рэдактара «Народнай Волі», а палітыкаў. Я думаў, што раніцай у мяне чарга будзе з прадстаўнікоў палітычных партыяў, грамадзкіх рухаў, ініцыятываў, а атрымаўся пшык. Я лічыў, што гэта будзе пачатак так званага «польскага дыялёгу», калі ў свой час грамадзтва вымусіла ўрад Польшчы сесьці за круглы стол перамоваў. Калі б у нас знайшлося 50 суб’ектаў, я б пайшоў у тую ж адміністрацыю прэзыдэнта і сказаў, што ў рэдакцыі няма магчымасьці разьмясьціць такі круглы стол, тым больш што аргкамітэт узначальвае ўжо не рэдактар «Народнай Волі», а вельмі сур’ёзныя, адданыя Беларусі людзі, дайце магчымасьць нам сабрацца ў Палацы Рэспублікі ці іншым памяшканьні. Той круглы стол, пра які я казаў, павінен быў стаць пачаткам сур’ёзнага дыялёгу, ён мог бы цягнуцца і месяц, і два, гэта ня тое, што сабраліся на тры гадзіны, пагаманілі і разышліся. Я вымушаны быў напісаць артыкул «Што, мову адняло?» Дык пра што сёньня гаварыць? Я ўпэўнены, улады яшчэ не адзін раз нагадаюць, што была магчымасьць пагаварыць, але ж апазыцыя сама не захацела.
— Набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары. Стаяць ужо ў вашай прыёмнай у чарзе патэнцыйныя кандыдаты?
— Часы, калі ў рэдакцыі стаялі чэргі, скончыліся пасьля таго, як памёр Генадзь Карпенка, зьнік Віктар Ганчар, зьнік Юры Захаранка. Апазыцыя разьлічвала, што «Народная Воля» будзе зазіраць ім у рот. Мы не рабілі гэтага, нават калі быў жывы Карпенка... Мы даем магчымасьць выкарыстаць старонкі «Народнай Волі» любой партыі, але не ў сваіх карысьлівых мэтах, ня дзеля піяру, а для сур’ёзных рэчаў. І цяпер я прытрымліваюся прынцыповай пазыцыі: прынёс лідэр партыі артыкул — пытаюся: «А ты падпісчык „Народнай Волі“? Пакажы квіток». Аднойчы Лябедзька вымушаны быў пайсьці на пошту і падпісацца.
— А калі Гайдукевіч, які дамогся ад вас вялікага штрафу, прыйдзе з квітком, апублікуеце?
— Добра, што ўзгадалі: літаральна ў аўторак пад рубрыкай «Выкрыцьцё» апублікаваная цэлая падборка, прысьвечаная Гайдукевічу. Мы знайшлі нашу падшыўку, артыкулы, дзе Гайдукевіч паліваў уладу, выступаў супраць Лукашэнкі, прыводзім цытаты. Мы паказалі, хто такі Гайдукевіч. І сёньня мы можам даць яму магчымасьць выступіць, але мы сваю пазыцыю таксама выкажам. Асабліва пасьля таго, як ён не заплаціў ніводнай капейкі падатковай інспэкцыі за нафту Садама Хусэйна. І з нас яшчэ — з дапамогай спэцслужбаў, спэцслужбаў — я перакананы, — хацеў «прыхлопнуць» газэту, спагнаць з нас 100 мільёнаў штрафу (тады гэта было 50 тысяч даляраў). І я вымушаны быў хадзіць з шапкай па кругу па ўсёй краіне.
— У сувязі з набліжэньнем выбараў штосьці зьменіцца ў канцэпцыі газэты, рэдакцыйнай палітыцы?
Калісьці мы перастараліся і шмат гадоў падтрымлівалі тых, хто пазыцыянаваў сябе выратавальнікамі краіны.
— Абсалютна нічога. Зьмянілася ў канцэпцыі толькі адно за апошнія гады: калі мы перастараліся і шмат гадоў падтрымлівалі тых, хто пазыцыянаваў сябе выратавальнікамі краіны. Давалі цэлыя палосы, спэцвыпускі. Але як я магу сёньня рабіць нацыянальных герояў з Казуліна ці Саньнікава, калі яны зьніклі з палітычнага поля? Шчыра скажу: спрабавалі мы вярнуць Казуліна ў палітыку. Але ён адмовіўся. Я зь ім падтрымліваю добрыя чалавечыя адносіны, але сёньня маліцца, ні на Казуліна, ні на Мілінкевіча, ні на Лябедзьку, ні на Саньнікава — ні на кога ня будзем. Будзем проста ў першую чаргу выконваць тую місію, якую выконваюць незалежныя сродкі масавай інфармацыі ва ўсім сьвеце: адлюстроўваць тое, што адбываецца ў грамадзтве, у дзяржаве. А сваю пазыцыю мы маем права выказваць, але спачатку трэба даць магчымасьць выказацца людзям.
«Мы ня молімся ні на Лукашэнку, ні на тых, хто яго падтрымлівае ці крытыкуе»
— І ўсё ж — 21 год пры ўладзе ў краіне адзін і той жа кіраўнік (гэта нават больш, чым узрост «Народнай Волі»). Кажуць, няма іншага лідэра. Дзе яго шукаць, няўжо сапраўды ў амаль 10-мільённай Беларусі няма годных, здольных людзей?
— Па-першае, мы ня молімся ні на Лукашэнку, ні на тых, хто яго падтрымлівае ці, наадварот, крытыкуе. Мы асьвятляем тое, што ёсьць. Па-другое, людзей разумных, таленавітых, здольных у Беларусі хапае. Тым больш, наша краіна заўсёды адзначалася высокім інтэлектуальным узроўнем людзей. Вяртаемся да таго, пра што я ўжо некалькі разоў казаў. І гэта самая вялікая трагедыя — што сёньня чалавек, які здольны выцягнуць нашу краіну і ў нацыянальным пляне, і ў эканамічным, і ў культурным, забіўся ў сваім куточку: «я баюся, я магу трапіць за краты, магу страціць кар’еру, перашкодзіць будучыні сваіх дзяцей». Гэта пра што гаворыць? Пра бездухоўнасьць тых жа інтэлектуалаў. Ці ёсьць сёньня ў нас інтэлігенцыя? Па вялікім рахунку, няма. Я сёньня малюся за тое, каб тая эвалюцыйная палітыка, якая на ўзбраеньні ўладаў, не прывяла да рэвалюцыі. Баюся, што рэвалюцыя наступіць хутчэй за эвалюцыю. Таму што колькі гадоў можа паўгалодны рабочы трактарнага заводу эвалюцыянаваць? Калі, ня дай бог, сытуацыя пагоршыцца да такога стану, што ў таго ж рабочага ў кішэні будзе пуста...
Сёньня з добрай ласкі нашага ўсходняга суседа мы яшчэ маем падтрымку, а калі там працэсы пойдуць іншым шляхам (а яны маюць такую тэндэнцыю) і калі ім будзе не да нас? Вось гэтая палітыка заігрываньня з усходнім суседам і адначасова з Эўропай, у аснове якой ляжыць не сумленнасьць, ня шчырасьць — гэта ня выхад.
«Сёньня, каб выжыць, працаваць трэба па 18 гадзін у суткі»
— Дом вы пабудавалі, дрэва, думаю, пасадзілі не адно, сына выгадавалі, дачка падрастае. Дом патрабуе догляду, мужчынскіх рук. Як вас цярпіць сям’я?
Я ня раз казаў апазыцыі: «Калі вы будзеце працаваць па 18 гадзін у суткі, вы прыйдзеце да ўлады».
— Ведаеце, у колькі я быў ужо на сваім участку? А 5-й раніцы, і, шчыра прызнаюся, змагаўся з каларадзкім жуком. А сёмай я ўжо стаяў пад душам, а палове на восьмую сустракаўся з адным уплывовым чыноўнікам. Я ня раз казаў апазыцыі: «Калі вы будзеце працаваць па 18 гадзін у суткі, вы прыйдзеце да ўлады». Сёньня, каб выжыць, працаваць трэба па 18 гадзін.
— Больш за 40 гадоў у журналістыцы... Не стаміліся працаваць у такім шалёным рытме?
— Я 20 гадоў ня быў у адпачынку. Максымум выкарыстоўваў 5 працоўных дзён плюс выходныя. А як жа кінуць газэту, калі расправа за расправай? Калі ўлады ўбачылі, што мы ўжо 70% сабралі сродкаў, каб заплаціць штраф Гайдукевічу, прычапіліся да Элеаноры Язерскай, якая сказала, што ў тым, што некаторыя супрацоўнікі скончылі жыцьцё самагубствам, вінаватае кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі, якое стварыла невыносныя ўмовы людзям. Гэта было яе меркаваньне, яна ж доўга там працавала. Нас аштрафавалі на шалёную суму, а неўзабаве Ягора Рыбакова, які не пасьпеў стаць начальнікам, а ўжо пачаў красьці, пасадзілі на 11 гадоў у турму. Добра, што яго спынілі, але ж да сёньняшняга дня ўсе грошы не вярнуў. Але мы разоў трыццаць людзям нагадалі пра яго...
Пазыцыя газэты нязьменная, пачынаючы зь першага нумару. У цэнтры — свабода слова, даць магчымасьць выказацца ўсім, хто мае рацыю, мае пазыцыю, не губляючы прыстойнасьці.
Мы ня ставілі задачы таргавацца з уладамі альбо зьмяніць палітыку газэты, тэматыку. Не. Як вы бачыце, пазыцыя газэты нязьменная, пачынаючы зь першага нумару. У цэнтры — свабода слова, даць магчымасьць выказацца ўсім, хто мае рацыю, мае пазыцыю, не губляючы прыстойнасьці. І на сёньняшні дзень, думаю, сапраўды «Народная Воля» можа быць узорам для нармальнай дэмакратычнай журналістыкі.
— А як вытрымліваеце ў такім шалёным рытме працаваць?
— Я і тыя людзі, якія вакол мяне, — мы многае страцілі. Мы страцілі частку здароўя, мы страцілі некалькі гадоў жыцьця. Таму што працаваць у такіх катастрафічна іржавых умовах вельмі цяжка. Мы шмат чаго страцілі, але сёньня гэта ўсё апраўдваецца.
Я хацеў не надаваць увагі гэтаму юбілею, але калі шмат людзей падставілі плячо ў самы складаны, у самы цяжкі час, не сказаць ім публічна «дзякуй» я не магу.