Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане паратункам для «Гомсельмаша» перадвыбарчы крэдыт ад Лукашэнкі?


Няма збыту — няма грошай
Няма збыту — няма грошай

Днямі Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які мае стабілізаваць фінансава-гаспадарчую дзейнасьць найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі — МТЗ і холдынгу «Гомсельмаш». Абодва вытворцы, як і багата іншых беларускіх прадпрыемстваў, праз сур’ёзныя праблемы з рэалізацыяй вырабленай тэхнікі зазнаюць вялікія фінансавыя цяжкасьці. За год з «Гомсельмаша» і ЗЛІНа звольнены 1064 працаўнікі.

Абяцаную дапамогу дзяржавы сельмашаўцы ўспрымаюць як манну нябесную. Спэцыялістка прадпрыемства з інжынэрнага корпусу задаволеная такім рашэньнем:

«Нарэшце зажывём! Безь дзяржпадтрымкі вельмі кепска. Я на прадпрыемстве з 2008 году. Пры мне пару гадоў была такая падтрымка, і мы вельмі добра сябе пачувалі».

У спэцыялісткі сваё тлумачэньне, чаму камбайнабудаўнікі трапілі ў складанае становішча:

«Эканамічная сытуацыя ў краіне такая. Камбайны прадаюцца ня надта добра, не ў такіх аб’ёмах, як бы хацелася. Заробкі ў працаўнікоў скараціліся, усе на гэта жаляцца. Але што рабіць? Цярпім і чакаем паляпшэньня».

Паводле ўказу кіраўніка дзяржавы дапамога холдынгу «Гомсельмаш» пойдзе не наўпрост празь бюджэтную пазыку, а праз эмісію дзяржаўных аблігацыяў на суму да 425,8 мільёна даляраў — з паквартальнай выплатай крэдытору даходу ў памеры 7 адсоткаў гадавых. І сплачваць іх трэба будзе, пачынаючы ўжо зь лістапада.

Да 1 жніўня ААТ «Гомсельмаш» мае атрымаць да 296,9 мільёна даляраў, ЗЛіН — да 125,6 мільёна, завод спэцынструмэнту і тэхналягічнай аснасткі — да 3,3 мільёна даляраў. Пачынаць вяртаць пазыку сельмашаўцы мусяць з наступнага ліпеня, каб разьлічыцца поўнасьцю праз шэсьць гадоў.

Надпіс на будынку Гомсельмаша: «Самы галоўны капітал — наш згуртаваны і здаровы пэрсанал»
Надпіс на будынку Гомсельмаша: «Самы галоўны капітал — наш згуртаваны і здаровы пэрсанал»

Некаторыя працаўнікі аб’яднаньня зьвярнулі ўвагу на складаную схему крэдытнай падтрымкі сваіх прадпрыемстваў — праз эмісію дзяржаўных каштоўных папераў. Прадстаўнік інжынэрна-тэхнічнай службы, які назваўся Сяргеем, выказваецца гэтак:

«Сума немалая. Думаю, што такія грошы так проста зь бюджэту ня возьмуць».

Суразмоўца кажа, што з-за цяжкай фінансавай сытуацыі людзей скарачаюць. Іншыя й самі пакідаюць заводы, бо не жадаюць пастаянна хадзіць у вымушаныя адпачынкі і атрымліваць у такія дні дзьве траціны тарыфнай стаўкі:

«Сытуацыя цяжкая на заводзе, рэалізацыя тэхнікі слабая. Ёсьць даўгі ў завода — і заводу вінныя. Такая ж сытуацыя паўсюль у рэспубліцы. Скарачаецца колькасьць працаўнікоў. Заробкі ўпалі — гэта ўсіх тычыцца. Кагосьці скарацілі, хтосьці сам сышоў, бо нізкія заробкі. Камбайны — прадукцыя спэцыфічная, сэзонная. Рынак наш імі напоўнены. Плюс канкурэнты. Бо гэта ж не звычайны аўтамабіль, якіх патрэбны мільёны. Гэта спэцыфічная тэхніка, і яна зусім ня танная».

Усе склалды застаўлены камбайнамі
Усе склалды застаўлены камбайнамі

Абяцаная дзяржпадтрымка пакуль ніяк не адбілася на працоўным рытме прадпрыемстваў холдынгу — у ліпені тут па-ранейшаму скарочаны працоўны тыдзень:

«Пакуль усё тыя ж дзьве траціны — і чатыры працоўныя дні на тыдзень. У ліпені пакуль так».

Гомельскі незалежны эканаміст Мікалай Новікаў лічыць, што цяперашні крэдыт холдынгу «Гомсельмаш» праз эмісію дзяржаўных аблігацыяў — гэта такі шырокі жэст перад прэзыдэнцкімі выбарамі, бо такая падтрымка ня вучыць прадпрыемствы самастойнасьці:

«Дзяржава імкнецца ўсё трымаць у сваіх руках, але ж гэта немагчыма. І што яна ў крызіснай сытуацыі імкнецца як бы дапамагчы — гэта нармальна. Ненармальна тое, што ў пэрспэктыве гэта не дапаможа. Дзяржаве варта ствараць мэханізм, каб прадпрыемствы працавалі больш самастойна і мелі магчымасьць прыцягваць эканамічныя рэсурсы без удзелу дзяржавы. Аднак такога ў нас няма, і ў гэтым праблема. Яны самастойна і кроку зрабіць ня могуць безь дзяржавы. Дзяржава апякуецца імі, але такая апека не дае самастойнасьці, ня вучыць хадзіць на ўласных нагах».

Больш за тое, кажа эканаміст, дзяржава стварыла такую макраэканамічную сытуацыю, у якой прадпрыемствам наагул надзвычай складана разьвівацца:

Дзяржава прыкладае намаганьні, але яны на кароткі час. Яны не завязаныя на будучыню

«Ну як можа разьвівацца прадпрыемства, калі такія высокія працэнты банкаўскіх крэдытаў? Дзяржава прыкладае намаганьні, але яны на кароткі час. Яны не завязаныя на будучыню. Вось сёньня вырашым, а ў заўтра погляду няма. У гэтым хібнасьць сытуацыі. Цяпер нешта зробім, а заўтра нібыта ўжо ўсё само вырашыцца. Анічога само ня пройдзе: крызіс цяжкі, выкруціцца так проста за кошт нейкіх крэдытаў нельга. Гэта стварае ў будучыні пазыковы крызіс. Гэта пагроза ператварыцца ў Грэцыю».

Доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба ў інтэрвію інтэрнэт- газэце «Салідарнасьць» так пракамэнтаваў ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі аказаць дзяржаўную дапамогу МТЗ і холдынгу «Гомсельмаш»:

«Гэта кажа пра бязвыхаднасьць сытуацыі. Калі не дапамагчы гэтым прадпрыемствам, яны проста спыняць вытворчасьць. Няма выручкі, няма ранейшых аб’ёмаў у Расею, Украіну. Гэтыя прадпрыемствы і без таго закрэдытаваныя, яны ня ў стане разьлічыцца па ранейшых даўгах».

На даўгі «Гомсельмашу» некаторае сьвятло праліў сьпікер Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч, які апошнім часам выконвае ролю своеасаблівага пярунаадводу — агучвае тое, пра што кіраўніку дзяржавы казаць не з рукі. У лютым на «Гомсельмашы» Мясьніковіч заявіў:

«Каб абслугоўваць і разьлічвацца па старых крэдытах, прадпрыемству ў 2015 годзе трэба адшукаць 5,1 трыльёна рублёў. Калі ўлічыць, што аб’ём выпуску тэхнікі ў цэлым склаў 4,4 трыльёна, то можна ўявіць, што азначаюць суадносіны гэтых лічбаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG