Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік беларускай дэлегацыі ў Хэльсынкі падтрымаў расейскіх дэпутатаў


Віктар Гумінскі
Віктар Гумінскі

Віктар Гумінскі — кіраўнік беларускай дэлегацыі на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая праходзіць у Хэльсынкі, асудзіў адмову ва ўезьдзе на тэрыторыю Фінляндыі сябрам расейскай дэлегацыі, уключна зь яе старшынём Сяргеем Нарышкіным.

Ён заявіў пра непрымальнасьць санкцыяў у міжнародных дачыненьнях. Спадар Гумінскі фактычна падтрымаў праект рэзалюцыі «Аб недапушчальнасьці выкарыстаньня санкцыяў адносна парлямэнтароў краін — чальцоў АБСЭ», які ўнесла на абмеркаваньне сэсіі Расея.

Аднак расейскі праект на сэсіі разглядацца ня будзе. Так пастанавіў Сталы камітэт Парлямэнцкай асамблеі, які рыхтуе парадак дня. А старшыня Парлямэнцкай асамблеі Ілка Канэрва патлумачыў:

«Такое рашэньне зьвязанае з адсутнасьцю на сэсіі расейскай дэлегацыі».

Кіраўніку Дзярждумы Сяргею Нарышкіну і яшчэ пяці грамадзянам Расеі ўлады Фінляндыі забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю. Яны патлумачылі гэта тым, што «названыя асобы ўключаныя ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу». У адказ уся расейская дэлегацыя адмовілася ехаць на сэсію Парлямэнцкай асамблеі.

Не знайшоў разуменьня ў бальшыні парлямэнтароў яшчэ адзін заклік Віктара Гумінскага. Ён зьвярнуўся да калегаў з прапановай устрымацца ад канфрантацыйных праектаў рэзалюцыяў, заяў і рашэньняў, якія «ня будуць садзейнічаць збліжэньню пазыцыяў, пошуку кампрамісаў. Прынамсі такіх, якія могуць перашкодзіць выкананьню менскіх дамоўленасьцяў па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне».

Аднак на наступны дзень пасьля выступу Віктара Гумінскага Агульны камітэт Парлямэнцкай Асамблеі, які займаецца справамі дэмакратыі, правоў чалавека і гуманітарнымі пытаньнямі, прыняў рэзалюцыю «Ўкраінскія грамадзяне, якія выкрадзеныя і незаконна ўтрымліваюцца ў Расейскай Фэдэрацыі». У гэтым дакумэнце адзначаецца, што Парлямэнцкая асамблея АБСЭ «рашуча асуджае выкраданьне ўкраінскіх грамадзянаў з тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку сябры парлямэнту Надзеі Саўчанкі, кінарэжысэра Алега Сянцова ды іншых асобаў, іх незаконнае перамяшчэньне праз украінска-расейскую дзяржаўную мяжу і далейшае ўтрыманьне ў Расейскай Фэдэрацыі».

Камітэт «шкадуе ў сувязі з тым, што, утрымліваючы ў зьняволеньні Надзею Саўчанку, Расейская Фэдэрацыя працягвае ігнараваць свае юрыдычныя абавязаньні па Генэральным пагадненьні аб прывілеях і імунітэтах Рады Эўропы». Справа ў тым, што Надзея Саўчанка са студзеня 2015 году — сябра дэлегацыі Ўкраіны ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.

Палітоляг Андрэй Фёдараў кажа Свабодзе, што яго не зьдзіўляюць заявы беларускай дэлегацыі:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

«Тут дзіўна іншае. Расейцы ў Хэльсынкі не паехалі, а нашы паехалі. Я памятаю, калі ў 1962 годзе ўлады ЗША не далі хакейнай камандзе ГДР візы на чэмпіянат сьвету, які праходзіў у Каларада-Спрынгс, мабыць, за ўзьвядзеньне Бэрлінскага муру, каманды СССР, Чэхаславаччыны ды яшчэ некалькіх камуністычных краінаў адмовіліся ехаць у Штаты і ўдзельнічаць у чэмпіянаце сьвету.

А заявы ў Хэльсынкі — стандартныя. Ну што гэтыя людзі могуць сказаць іншага, чым тое, што гаворыць наша першая асоба? Так што нічога дзіўнага ў гэткіх паводзінах няма».

У склад беларускай дэлегацыі, акрамя Віктара Гумінскага, уваходзяць таксама былы міністар замежных спраў Уладзімер Сянько, які цяпер ачольвае міжнародную камісію Савету рэспублікі, і сябра міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валянціна Лявоненка.

9 ліпеня сэсія ў Хэльсынкі завершыцца выбарамі новага старшыні Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Дэпутаты ўжо зьмянілі Генэральнага сакратара Парлямэнцкай асамблеі. Месца італьянца Лямбэрта Заньера, які ў чэрвені прыяжджаў у Менск і сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, зойме ягоны зямляк Раберта Мантэла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG