Старшыня канцэрну «Беллеспаперапрам» Юры Назараў плянуе 7 ліпеня наведаць Добрускую папяровую фабрыку і вывучыць сытуацыю пасьля пратэсту кітайскіх рабочых 2 ліпеня.
Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на крыніцу, якая адзначыла, што «там ня ўсё нармальна».
Раней Юры Назараў, старшыня канцэрну «Беллеспаперапрам», у склад якога ўваходзіць Добруская папяровая фабрыка, заявіў парталу tut.by, што ў дачыненьні да «завадатараў» акцыі можа быць прыменена дэпартацыя зь Беларусі.
У амбасадзе КНР заявілі, што пратэстоўцы вярнуліся на працу. На пытаньне пра імавернасьць іх дэпартацыі або іншых магчымых захадаў супрацоўнік амбасады адказаў, што «гэта пытаньне камэрцыйнага характару, якое закранае ўзаемаадносіны паміж наймальнікам і работнікамі».
«Мы сабралі рабочых і кіраўніцтва фабрыкі, каб яны пагутарылі, і ў нас ужо няма права ўмешвацца. Ведаю, што ў іх ёсьць пэўныя дамоўленасьці».
6 ліпеня стала вядома, што частка кітайскіх будаўнікоў ня выйшла на працу, а гуляла па горадзе.
Каля 200 кітайскіх рабочых, занятых на будаўніцтве Добрускага кардоннага камбінату, раніцай 2 ліпеня дайшлі пешшу ў Гомель, пратэстуючы супраць нявыплаты заробку.
Будаўніцтва вядзе кітайская карпарацыя Xuan Yuan Industrial Development Co., LTD, яна ж плаціць будаўнікам з КНР заробак, які, як сьцьвярджаюць рабочыя, яны не атрымлівалі цягам трох месяцаў.
Пратэстоўцы мелі намер ісьці пешшу да Менску, каб сустрэцца з кітайскім паслом. Пасьля размовы з дыпляматамі кітайскія будаўнікі вярнуліся з Гомеля ў Добруш. Пасьля зьявілася інфармацыя, што даўгі па заробках ім выплацілі.