Кампанія, якая называе сябе нацыянальным здабыткам Расеі, церпіць паразу на ўсіх экспартных франтах. Пра гэта ў інтэрвію расейскай службе Радыё Свабода кажа партнэр і аналітык кансалтынгавай кампаніі RusEnergy Міхаіл Круціхін. Прапануем вам пераклад інтэрвію ў скароце.
РС: У апошні час «Газпром» зьдзівіў многіх некаторымі сваімі заявамі. У прыватнасьці, на эканамічным форуме ў Пецярбургу раптам паўстала тэма газаправоду «Паўночны паток-2», і нават нібыта бакі папярэдне дамовіліся аб яго будаўніцтве. На ваш погляд, наколькі рэальны гэты праект, зыходзячы хоць бы з цяперашняй загрузкі ўжо дзеючага «Паўночнага патоку-1»?
Круціхін: Гэты праект, вядома ж, мае чыста прапагандысцкую накіраванасьць — для Эўропы, для Нямеччыны, куды ён накіраваны, гэта зусім непатрэбны праект. Нават тыя дзьве ніткі «Паўночнага патоку», якія ўжо цяпер існуюць, не загружаныя цалкам, там загрузка прыкладна 65% у сярэднім. Брытанія фактычна адмовілася ўдзельнічаць у атрыманьні газу па новых трубах. Францыі, Бэльгіі, Нямеччыне дзеючага газаправода досыць, яны абвясьцілі, што не жадаюць атрымліваць новы газ. Таму ў Пецярбургу на ўзроўні кампаній быў падпісаны мэмарандум. Гэта не пагадненьне, не кантракт, не стварэньне сумеснага прадпрыемства. Проста некалькі кампаній выказалі згоду з ідэяй будаўніцтва новых труб.
Але адбываецца гэта зусім па іншай прычыне, і газ тут наогул не прычым. Па фінансавым пагадненьні «Газпрому» з удзельнікамі такіх кансорцыюмаў («Паўднёвы паток», «Паўночны паток») замежныя партнэры гарантавана атрымліваюць кампэнсацыю сваіх фінансавых укладаньняў у гэты праект плюс вельмі салідны прыбытак. Па адной простай прычыне: незалежна ад фізычных аб’ёмаў газу, які транспартуецца, гэтыя кампаніі атрымліваюць тарыфы за ёмістасьць трубы, а не за газ. Гэта вельмі выгадна. Можна дапамагчы «Газпрому» пабудаваць трубу і потым стрыгчы купоны з гэтай справы, не зьвяртаючы ўвагі на тое, ёсьць там газ або няма газу. Вось такая гісторыя з гэтым пашырэньнем «Паўночнага патоку».
РС: А што «Газпром» атрымае наўзамен?
Круціхін: А «Газпром» атрымае страты, ён будзе плаціць тарыфы за газ, які ён не транспартуе. Але ёсьць група асобаў у «Газпроме», якія атрымліваюць значны прыбытак. У гэтым кансорцыюме ёсьць і «Газпром». Кансорцыюм — гэта сумесная кампанія, у ёй 51% належыць газпромаўскай «дачцы», зарэгістраванай у Швэйцарыі. І вось гэтая газпромаўская «дачка», якая атрымоўвае грошы не за транспарціроўку газу, а практычна ні за што, акумулюе іх на швэйцарскіх рахунках. А куды потым гэтыя грошы сыходзяць? Верагодна, нейкія групы зацікаўленых асобаў у «Газпроме» пра гэта добра дасьведчаныя.
РС: Пяройдзем да «Турэцкага патоку» — праекту, які паводле плянаў «Газпрому» павінен замяніць «Паўднёвы паток», які не атрымалася збудаваць. У Пецярбургу на форуме раптам узьнікла Грэцыя, якая папярэдне дамовілася з Расеяй аб працягу «Турэцкага патоку» па тэрыторыі сваёй краіны. Але, наколькі я ведаю, нават з Турцыяй па гэтым газаправодзе яшчэ канчаткова не дамовіліся...
Круціхін: Ну, так. Як я ўжо казаў, большая частка дакумэнтаў, якія падпісваюць на такіх парадных форумах, як у Санкт-Пецярбургу, гэта мэмарандумы аб узаемаразуменьні ці нейкія рамачныя пагадненьні, або пагадненьні аб асноўных умовах, якія нікога ні да чаго не абавязваюць, але затое шырока падаюцца ў рэклямных мэтах. З Грэцыяй, сапраўды, падпісаны такі мэмарандум, але для таго, каб газ дасягнуў Грэцыі, трэба, каб ён прайшоў праз турэцкую тэрыторыю. А там цяпер стан справаў такі, што туркі толькі-толькі выдалі дазвол на інжынэрныя дасьледаваньні па апошнім участку трасы, няма ніякага дазволу на выхад на бераг, паколькі «Газпром» пра гэта да гэтага часу нават не папрасіў.
І галоўнае, няма ніякага ўяўленьня пра тое, хто гэтым турэцкім участкам будзе камандаваць, каму ён будзе належаць, і хто будзе гаспадаром будучага газавага разьмеркавальнага хаба на турэцкай тэрыторыі. І туркаў вельмі турбуе намер «Газпрому» пабудаваць разьмеркавальны хаб ў Грэцыі. Яны кажуць: «А мы тут якую ролю будзем гуляць? Нам нецікава прапускаць чыйсьці газ праз сваю тэрыторыю, каб грэкі раптам набылі статус газаразьмеркавальніка для ўсяго Эўразьвязу».
Гэта значыць тут велізарная колькасьць нявырашаных пытаньняў. «Газпром» цяпер губляе калясальныя грошы, паколькі на прыколе ў бухце Бургаса ў Баўгарыі стаіць арандаваны ў італьянцаў карабель-трубаўкладчык Saipem 7000, дапаможнае судна, і кожны дзень ідуць велізарныя сродкі за арэнду гэтых судоў. Цяпер ніхто ніякія трубы пакуль не пракладае, а ў «Газпроме» толькі надзімаюць шчокі і заяўляюць, што хутка Эўропа ўсё атрымае, мы тут з туркамі дамовімся, з грэкамі дамовімся, а эўрапейцы абавязкова пабудуюць свае трубы да гэтага грэцкага або турэцкага разьмеркавальнага хабу, якога яшчэ не існуе. Гэта значыць пар сыходзіць у сьвісток.
РС: На ваш погляд, ці магло ўсьведамленьне Масквой эўрапейскай газавай палітыкі стаць прычынай рэзкай зьмены расейскай пазыцыі па транзіту газу праз украінскую тэрыторыю? Бо спачатку «Газпром» заяўляў, што пасьля 2019 года, гэта значыць пасьля заканчэньня кантракту, які дзейнічае, увесь газ у Эўропу пойдзе толькі ў абыход Украіны, аднак не далей як на мінулым тыдні Уладзімір Пуцін зноў загаварыў пра магчымасьць такога транзіту.
Круціхін: Гэта радыкальны паварот. У сьнежні мінулага году Уладзімір Пуцін раптам абвясьціў, што зьмяняецца стратэгія «Газпрому» у Эўропе, і «Газпром» не настойвае на тым, каб быць манапольным апэратарам трубаў на эўрапейскай тэрыторыі — маўляў, падвядзем да мяжы газ і добра, хай эўрапейцы самі там распараджаюцца гэтым газам. Гэта радыкальны быў перагляд. А зараз раптам абвяргаюцца заявы газпромаўскага кіраўніцтва ў асобе Аляксея Мілера, і Пуцін раптам кажа: не, пасьля 2019 нам усё роўна давядзецца газ пампаваць праз Украіну.
Калі Пуціну давалі з «Газпрому» аптымістычныя даклады аб тым, што хутка-хутка мы Ўкраіну абыдзем, што Ўкраіна нам будзе не патрэбная, ён радасна рабіў такія заявы. А калі цьвярозыя галовы (кажуць, гэта быў дарадца Пуціна Андрэй Белавусаў) яму раптам патлумачылі, што без Украіны ніяк не абысьціся, што «Паўночны паток» і «Турэцкі паток» — гэта мітычныя пляны газпромаўскага кіраўніцтва, Пуцін, верагодна, без асаблівай радасьці быў вымушаны прызнаць, што без Украіны дзявацца няма куды.
РС: У Расеі ёсьць яшчэ адзін аргумэнт: маўляў, калі Эўропа не будзе купляць яе газ, то яна прадасьць яго на ўсход, у той жа Кітай. Наколькі вялікія посьпехі ў Расеі ў апошні час на гэтым кірунку?
Круціхін: Там трошкі сьмешна. Кітайцам, вядома, гэты газ патрэбен толькі на тых умовах, што ён будзе таньнейшы, чым газ з іншых крыніцаў. А гэта азначае, што кітайцы будуць купляць газ зь Якуціі і Усходняй Сібіры па газаправодзе «Сіла Сібіры» па цане ніжэй за сабекошт. А гэта значыць, што Расея будзе губляць велізарныя грошы, ня лічачы інвэстыцыйных выдаткаў на будаўніцтва калясальных трубаправодных сыстэмаў, на засваеньне радовішчаў, і плюс на будаўніцтва газаперапрацоўчага заводу ў Амурскай вобласьці.
Кітайцам (хоць яны і пачалі будаваць сваю галінку) зразумела, што велізарных аб’ёмаў газу адтуль чакаць не даводзіцца. Паабяцалі 38 мільярдаў кубамэтраў па «Сіле Сібіры», але якуцкія радовішчы больш за 25 мільярдаў нават на піку даць ня здольныя — значыць, трэба падключаць Кавыкцінскае радовішча ў Іркуцкай вобласьці, асвойваць яго, яшчэ 800 кілямэтраў трубы будаваць. Гэта значыць дай Бог, кітайцы атрымаюць свае 30-38 мільярдаў кубамэтраў у год з гэтага маршруту дзе-небудзь пасьля 2030 года, а то і пазьней. Гэта праект далёкай будучыні, і зусім невядома, які там будзе кошт на газ, тым больш што ён прывязаны да цаны нафты, якая таньнее. Гэта нявыгадны Расеі праект.
РС: Гэта значыць, атрымліваецца, што Расея цяпер усім фактычна навязвае свой газ, спрабуе ставіць пры гэтым нейкія ўмовы, але ў выніку ўсё дрэнна. І што з «Газпрамам» можа здарыцца ў далейшым пры такім раскладзе?
Круціхін: Калі мы бачым, што Пуцін трымае абсалютна некампэтэнтнага і няўмелага кіраўніка на «Газпроме», трываючы яго калясальныя, ні з чым не параўнальныя аклады і заробкі, я думаю, што і далей усё гэта будзе працягвацца. І «Газпром» будзе паразытаваць на нас, на падаткаплацельшчыках, і на фэдэральным бюджэце, як паразытаваў да гэтага часу.