БХД у супрацы зь іншымі палітычнымі сіламі будзе выкарыстоўваць фармальныя магчымасьці для агітацыі, каб зьбіраць подпісы за вызваленьне Мікалая Статкевіча і іншых палітычных зьняволеных.
«Мы заклікаем не хлусіць і не казаць, што тое, што цяпер адбываецца, гэта выбары. 30 чэрвеня быў дадзены старт ня выбарчай кампаніі ў Беларусі, а старт кампаніі чарговай інаўгурацыі вядомай асобы. Таму беларускія хрысьціянскія дэмакраты ня ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі, бо выбараў няма. Але пры гэтым мы будзем выкарыстоўваць усе фармальныя магчымасьці для агітацыі, якія дае перадвыбарчы пэрыяд. Мы падтрымліваем кампанію па вызваленьні ўсіх палітычных вязьняў і будзем працягваць зьбіраць подпісы за вызваленьне Мікалая Статкевіча, Яўгена Васьковіча, Мікалая Дзядка, Юрыя Рубцова і іншых палітычных зьняволеных, якіх сёньня рэжым катуе за кратамі. Мы будзем супрацоўнічаць з палітычнымі сіламі, якія выступаюць супраць легітымацыі рэжыму і ўдзельнічаюць у кампаніі назіраньня, бо для нас важная фіксацыя доказаў таго, што выбараў у Беларусі няма.
Нашу пазыцыю нельга называць байкотам, мы абіраем актыўныя дзеяньні, накіраваныя на дасягненьне нашых мэтаў — вызваленьне палітычных вязьняў, патрабаваньне рэформаў і інфармаваньне людзей пра тое, што выбараў у Беларусі няма. Мы ўжо заяўлялі, што БХД не падтрымлівае ніводнага з кандыдатаў у прэзыдэнты. Гэтая пазыцыя зьвязаная з тым, што беларуская апазыцыя ня здолела вылучыць адзінага кандыдата», — сказаў Віталь Рымашэўскі.