Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шарамет: У Беларусі ўсё можа зьмяніцца ў любы момант і не з таго боку, зь якога мы чакаем


Павел Шарамет
Павел Шарамет

Свой погляд на сёлетнюю выбарчую кампанію ў Беларусі выклаў у інтэрвію Свабодзе стваральнік інтэрнэт-рэсурсу «Беларускі партызан», вядучы перадачы «Дыялёгі» на ўкраінскім тэлеканале навінаў «24» Павал Шарамет. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

РС: У Беларусі абвешчаныя прэзыдэнцкія выбары, яны адбудуцца 11 кастрычніка. Як вы ў цэлым ацэньваеце будучую кампанію? Сьвятлана Калінкіна некалькі месяцаў таму апублікавала артыкул, у якім ахарактарызавала сытуацыю формулай — «На арэне клоўны». Вашая ацэнка такая ж пэсымістычная?

Шарамет: У мяне няма адназначнага адказу. З аднаго боку, я ня веру ў зьмену палітычнай улады ў Беларусі ў выніку гэтых прэзыдэнцкіх выбараў. Хутчэй за ўсё, вынік будзе такім самым, як і ўсе папярэднія, Лукашэнка намалюе сабе 80-85%.

Трэба сказаць дзякуй нармальным людзям, якія выкарыстоўваюць гэтую кампанію для ясных палітычных мэтаў

Але гэта не азначае, што трэба байкатаваць ці ігнараваць выбары. Гэта два розныя падыходы. Байкот — гэта актыўная пазыцыя, якая мусіць мець палітычны вынік. Але паколькі ніхто ў Беларусі ня здольны на актыўны палітычны байкот, то застаецца толькі ўдзел або ігнараваньне.

Зразумела, на арэне ёсьць клоўны, і іх вельмі шмат. Але, з другога боку, «безумству храбрых поём мы песню». Трэба сказаць дзякуй нармальным людзям, якія ўсё ж у гэтых выбарах удзельнічаюць і выкарыстоўваюць гэтую кампанію для ясных палітычных мэтаў. Напрыклад, рэклямы свайго руху ці партыі, пашырэньня базы сваіх прыхільнікаў, распаўсюду ідэяў апазыцыі сярод насельніцтва, барацьбы за вызваленьне палітзьняволеных.

Калі палітыкі ўдзельнічаюць у прэзыдэнцкай кампаніі не для таго, каб засвоіць нейкія бюджэты, не для таго, каб запісаць сабе радок у біяграфіі «экс-кандыдат у прэзыдэнты», а бачаць гэтую кампанію як частку нармальнай палітычнай працы, то ў прынцыпе нічога кепскага ў гэтай дзейнасьці я ня бачу.

РС: Ужо сфармаваная ініцыятыўная група па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Міколы Статкевіча. Лідзія Ярмошына яшчэ летась заявіла, што вязень ня будзе зарэгістраваны. Славацкі палітык Павал Дэмэш паведаміў у інтэрвію нашаму радыё, што да выбараў адбудзецца візыт Лукашэнкі ў Ватыкан, а напярэдадні ці пасьля паездкі будзе вызвалены Мікола Статкевіч. Як вы ацэньваеце сытуацыю са Статкевічам: ён будзе вызвалены, ён будзе зарэгістраваны?

Шарамет: Я дагэтуль не разумею, чаму Лукашэнка ня вызваліў палітвязьняў, уключна з Міколам Статкевічам. Бо гэта самы просты, разумны і зразумелы ўчынак, які ён мусіў зрабіць сёлета. Магчыма, ён проста перасьцерагаецца ўсплёску нейкай апазыцыйнай актыўнасьці, бо беларускія спэцслужбы, спрабуючы набіць сабе цану і атрымаць дадатковае фінансаваньне і пагоны, напэўна палохаюць прэзыдэнта пагрозай Майдану і рэвалюцыі.

Вызваленьне Статкевіча зараз унесла б яшчэ большы сумбур у апазыцыйную тусоўку

Хутчэй за ўсё Мікола Статкевіч будзе вызвалены пасьля таго, як скончыцца рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты, каб пазбавіць яго нават эфэмэрнай магчымасьці паўдзельнічаць у гэтых выбарах. Хаця з улікам развалу апазыцыйнай кааліцыі вызваленьне Статкевіча зараз унесла б яшчэ большы сумбур у апазыцыйную тусоўку.

Мне здаецца, што палітвязьні будуць вызваленыя, калі Лукашэнка разьлічвае, што прэзыдэнцкія выбары будуць прызнаныя Эўропай.

РС: Павал, вы ўжо шмат гадоў працуеце ва Ўкраіне. Як беларуская сытуацыя, у тым ліку і перадвыбарчая, выглядае з Украіны?

Шарамет: Ва Ўкраіне беларускія выбары цяпер наагул не абмяркоўваюцца, у кантэксьце палітычных дыскусій, якія ідуць ва Ўкраіне, Беларусь практычна не ўзьнікае. Выключэньне — калі ў Менску адбываюцца сустрэчы і кансультацыі наконт Данбасу. Але ўкраінская гісторыя многіх навучыла, што нельга апускаць рукі і меркаваць, што ўсё прадвызначана і нічога зьмяніць нельга.

Зьмены могуць адбыцца ў любы момант і зусім не з таго боку, зь якога мы чакалі

Зьмены могуць быць і мірнымі, у Польшчы за тыдзень да апошніх прэзыдэнцкіх выбараў ніхто не сумняваўся ў трыюмфальнай перамозе дзейнага прэзыдэнта Браніслава Камароўскага, а ў выніку ён з трэскам прайграў.

Гэтак жа і ў Беларусі: здаецца, што нічога зьмяніць нельга, хаця ў кантэксьце ўкраінска-расейскай вайны і паглыбленьня эканамічнага крызісу ў Расеі зьмены могуць адбыцца ў любы момант і зусім не з таго боку, зь якога мы чакалі.

Нездарма Лукашэнка, зьвяртаючыся да ЦВК і сілавых структураў, нядаўна сказаў: «Барані Бог, што вы будзеце рабіць розныя глупствы». Справа ў тым, што калі нават Лукашэнка ня будзе аддаваць крыважэрныя загады, вакол яго сабраўся натоўп крыважэрных і ня вельмі разумных чыноўнікаў, і сваімі дзеяньнямі яны могуць ізноў завесьці сытуацыю ў палітычны тупік.

Яны блякуюць сайты, хаця гэта наагул нікому не патрэбна. Міністар унутраных справаў забараняе людзям фатаграфаваць прыгожыя будынкі ў Менску. Я не выключаю, што нейкаму генэралу КДБ захочацца вялікага мэдаля і ён намалюе жахлівую карціну беларускага Майдану. І адбудзецца тое, што адбылося 19 сьнежня 2010 году, калі яны ад уласнага жаху спусьцілі на людзей «палканаў» і зладзілі брутальны разгон.

Ні Анатоль Лябедзька, ні Тацяна Караткевіч не складуць сур’ёзнай канкурэнцыі Лукашэнку, з другога боку, яны як сымбалі пераменаў, можа, і адыграюць станоўчую ролю ў гэтай прэзыдэнцкай кампаніі.

РС: Паводле леташняга апытаньня, праведзенага ва Ўкраіне, сярод усіх замежных палітыкаў найлепш украінцы ставіліся да Лукашэнкі. Чаму?

Шарамет: Сымпатыі ўкраінцаў да Лукашэнкі ні ў якай ступені не зьвязаныя зь іх стаўленьнем да палітычных працэсаў ва Ўкраіне. Высокі рэйтынг Лукашэнкі ва Ўкраіне тлумачыцца тым, што ён яўна не падтрымаў расейскую агрэсію і нават часам крытыкаваў прэзыдэнта Расеі Пуціна. Трэба прызнаць, што ўкраінцы надзяляюць беларускі рэжым і асабіста Лукашэнку тымі якасьцямі, якіх у іх няма: лічыцца, што ў Беларусі высокія заробкі, што ва ўсіх ёсьць праца, што там каўбаса больш смачная, і жыта лепш каласіцца.

Але галоўная ўдзячнасьць украінцаў Лукашэнку зьвязаная менавіта з тым, што Беларусь пакуль не задзейнічаная ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.

РС: Ну тады сымпатыі да Далі Грыбаўскайце мусілі б быць яшчэ большымі: яна Ўкраіну ўсяляк падтрымлівае і нават зброяй дапамагае. Лукашэнка ж адно балянсуе. Чаму ж тады на чале рэйтынгу ён, а не яна?

У палітычнай эліце Ўкраіны Лукашэнку не давяраюць

Шарамет: Таму што гэта суседзі. Беларусь бліжэй, чым Літва. Да Грыбаўскайце таксама вельмі добра ставяцца ва Ўкраіне. Лукашэнка больш прысутнічае ў мэдыйнай прасторы. Тут у адкрытым доступе тэлеканал «Беларусь-24», дзе ўвесь час ідзе лукашэнкаўская прапаганда. Вельмі блізкія сувязі паміж народамі, шмат украінцаў з памежных раёнаў езьдзяць на заробкі ці прадаваць нейкія тавары, вялікая колькасьць беларусаў едзе, скажам, з Гомеля ў Чарнігаў на закупы. Я мяркую, тут адыгрываюць ролю суседзкія сувязі.

Пры гэтым у палітычнай эліце Ўкраіны ўсе выдатна разумеюць, хто такі Лукашэнка і чаго ад яго можна чакаць. І ў палітычнай эліце Лукашэнку не давяраюць.

РС: А зараз зьвернемся да іншай суседкі Беларусі. Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў напрыканцы мінулага году публічна разважаў, ці пойдзе Лукашэнка на выбары. Гледзячы па ўсім, калі ў сьнежні Лукашэнка езьдзіў у Маскву, ён меў няпростую размову на гэты конт у Крамлі. А зараз — Масква вуснамі таго самага Сурыкава заявіла, што падтрымлівае на выбарах Аляксандра Лукашэнку. Як гэта адаб’ецца на кампаніі?

Лукашэнка ня хоча чакаць нават некалькі месяцаў, бо баіцца, што ўсё можа абрынуцца ў любую сэкунду

Шарамет: Наагул паслы, ў тым ліку і пасол Сурыкаў, не ўплываюць на выпрацоўку палітычнага курсу краіны. Пасол Расеі ў Беларусі знаходзіцца на пэрыфэрыі сур’ёзнай расейскай палітыкі. Ён часта робіць дзіўныя, супярэчлівыя заявы, я мяркую, што гэта вынік яго суб’ектыўных ацэнак і спробаў ухапіць настроі Крамля.

Але безумоўна, што цяпер у Маскве ніхто не разглядае ніякіх варыянтаў зьмены Лукашэнкі, паколькі Расея настолькі загразла ва Ўкраіне, у вайне, што ствараць канфліктную сытуацыю яшчэ і ў Беларусі проста немагчыма.

Нельга выключаць, што праблемы ў Лукашэнкі пачнуцца тады, калі расейская ўлада канчаткова страціць адэкватнае ўспрыманьне зьнешняга сьвету і цемрашалы, ваяўнічыя імпэрыялісты, праваслаўныя харугваносцы захопяць цалкам уладу ў Крамлі і Пуцін будзе дзейнічаць у рэчышчы гэтай цемрашальскай палітыкі. Тады ідэі «рускага сьвету» будуць распаўзацца і на Беларусь, і менавіта з гэтым я зьвязваю тое, што Лукашэнка хоча максымальна хутка правесьці выбары. Ён ня хоча чакаць нават некалькі месяцаў, бо баіцца, што ўсё можа абрынуцца ў любую сэкунду.

РС: Павал, цяпер ідзе інтэнсіўны дыпляматычны дыялёг паміж Беларусьсю і Захадам. Апазыцыя да Плошчы не заклікае і нават яе не плянуе. Наколькі рэальна, што вынікі выбараў 2015 будуць прызнаныя Захадам?

Шарамет: Захад расколаты па беларускім пытаньні. Калі меркаваць па маіх сустрэчах з заходнімі экспэртамі і палітыкамі, ёсьць вялікая група людзей, якія лічаць, што надышоў час адарваць Беларусь ад Расеі. І трэба весьці максымальна інтэнсіўныя перамовы з Лукашэнкам. Флягманам такой палітыкі зьяўляецца Польшча. У польскім МЗС вельмі актыўна прасоўваюць ідэю нармалізацыі адносінаў зь Менскам.

На Захадзе ёсьць вялікая група людзей, якія лічаць, што надышоў час адарваць Беларусь ад Расеі

Іншая, ня менш уплывовая група заходніх палітыкаў лічыць, што Лукашэнку верыць нельга, што ён шмат разоў падманваў і што пры зьмене заходняй палітыкі нічога кардынальна ня зьменіцца — ён атрымае грошы і ізноў падмане.

Тое, што ён дагэтуль не вызваляе палітвязьняў, дае дадатковыя аргумэнты скептыкам, што нічога ў Захада ў Беларусі пры Лукашэнку не атрымаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG