Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Валодзіна: Беларуская вусна-паэтычная творчасьць не саступае ніякім гжэлям


Тацяна Валодзіна: Беларуская вусна-паэтычная творчасьць не саступае ніякім гжэлям
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:15:28 0:00
Наўпроставы лінк

Тацяна Валодзіна — доктар філялягічных навук, загадчыца аддзелу фальклярыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Нацыянальнай акадэміі навук — расказвае пра свае апошнія дасьледаваньні народнай мэдыцыны, пра тое, як у народных уяўленьнях трактавалася цела, пра запатрабаванасьць фальклёру і традыцыяў у сучасным грамадзтве і пра стан сучаснай беларускай этнакультуралёгіі.

Фрагмэнты перадачы

Вячаслаў Ракіцкі: Прызнаюся, што сёлетняй вясной у мяне даволі моцна балела паясьніца, ці, як кажуць старыя людзі на маёй радзіме, на Глыбоччыне, сярэдзіна. Мазі ня вельмі дапамагалі. Якія рэцэпты ад радыкуліту, люмбага вы параілі б з пачутага ў сёлетняй экспэдыцыі?

Тацяна Валодзіна: На той жа Глыбоччыне гэты радыкуліт назвалі б «прытка». І вось бабуля паклала б вас на парог, паклікала б малое дзіця (першае ў сям’і або апошняе), каб тое патупала босенькімі ножкамі па вашай сьпіне. А на ўсходзе Беларусі гэтую больку завуць «уцін». І там ужо, паклаўшы хворага на парог, бяруць сякеру і сякерай гэтай уцін са сьпіны высякаюць: тук-тук-тук.

Ракіцкі: Штодня дакучаюць людзям і іншыя болі, асабліва зубоў і галавы. Што раіць народная мэдыцына?

Валодзіна: Калі баляць зубы, дык раяць знайсьці тое дрэва, у якое ўдарыў пярун. І трэсачкай ад дрэва хворы зуб трэба крыху пакалупаць. Але цяпер ужо, на жаль, фактычна ня вылечыш зубы ў бабулі, бо яны кажуць, што калі ты хоць раз схадзіў да зубнога лекара, дык да бабулі ня йдзі.

Ракіцкі: А ўвогуле, ці варта гэтыя рэцэпты выкарыстоўваць, прыслухоўвацца да бабуляў? Мо народная мэдыцына ўяўляе цікавасьць толькі як плашчына традыцыйнай народнай культуры, якая ня мае ніякага практычнага сэнсу?

Валодзіна: Гэта плашчына і культуры, і практычнага сэнсу. Гэта тая сфэра традыцыйнай народнай культуры і жыцьця наагул, якая праіснавала на парадак разоў больш, чым афіцыйная мэдыцына, і назапасіла такі багаж і мэтадаў, і сродкаў, што яны могуць дапамагчы пры любой хваробе. Іншая справа, што мы яшчэ не дайшлі да таго ўзроўню і ведаў, і адчуваньня, каб патлумачыць гэты фэномэн народнай мэдыцыны.

Ракіцкі: Нядаўна зьявілася інфармацыя, што ў школу вяртаецца прадмет «Сусьветная мастацкая культура». І да сусьветнай культуры дадаецца айчынная культура. З вамі, вашым аддзелам раіліся распрацоўшчыкі праграмы і адпаведнага падручніка, якія зьявы традыцыйнай беларускай культуры варта вывучаць у школах?

Валодзіна: На вялікі жаль, да нас не зьвярталіся.

Ракіцкі: Пратачылася інфармацыя, што ў падручніку будзе вывучацца шэраг зьяваў і артэфактаў культуры расейскай. Пісьменьнік Віктар Марціновіч на сайце «Нашай Нівы» паставіў пытаньне: «Чым абараніцца ад гжэлі?» Чым, Тацяна? Што абавязкова павінна вывучацца ў школах з традыцыйнай народнай культуры беларусаў?

Валодзіна: Мусіў бы быць разьдзел, прысьвечаны асаблівасьцям сьветасузіраньня беларусаў. І ня толькі ў пляне ведаў, а нават і для таго, каб нашы дзеці павучыліся гарманічным узаемінам чалавека і прыроды. Павінен вывучацца наш каляндар, які неверагодна і багаты, і архаічны ў сьвеце. Наагул, скарбніца беларускай вусна-паэтычнай творчасьці сваёй прыгажосьцю, эстэтыкай і багацьцем не саступае ніякім гжэлям.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG