У паліцыі Радыё Свабода паведамілі, што сямёра затрыманых зьвярнуліся па мэдыцынскую дапамогу, трое зь іх былі шпіталізаваныя.
Падчас апэрацыі пацярпелі і атрымалі раненьні 11 супрацоўнікаў паліцыі.
Сёньня на досьвітку паліцыя з ужываньнем фізычнай сілы і спэцсродкаў разагнала мірную акцыю пратэсту супраць падаражэньня электраэнэргіі на праспэкце Баграмяна ў цэнтры Ерэвана, арганізаваную ініцыятывай «Не рабунку!»
Учора ўвечары, у 19:00, скончыўся тэрмін ультыматуму, вылучанага ўладам ініцыятывай «Не рабунку!», якая выйшла на барацьбу супраць павышэньня тарыфу на электраэнэргію, і пратэстоўцы, нягледзячы на папярэджаньні паліцыі, рушылі ад плошчы Свабоды, дзе на працягу чатырох дзён праводзілі сядзячую забастоўку, да Баграмяна 26 — рэзыдэнцыі прэзыдэнта Армэніі. Паліцыянты перакрылі праспэкт Баграмяна, ня даўшы ім магчымасьці дайсьці да прэзыдэнцкага палаца, і пратэстоўцы вырашылі пачаць сядзячую забастоўку наўпрост на праезнай частцы праспэкту. Пасьля цягнуліся некалькі гадзінаў перамоваў, калі актывісты адмовіліся вызваліць праспэкт, на якім праводзілі спантанную сядзячую акцыю пратэсту, паліцыянты папярэдзілі, што мерапрыемства зьяўляецца незаконным, і прыгразілі «ва ўстаноўленым законам парадку» ўжыць сілу, а пасьля, у 5:30 раніцы, рушыла ўсьлед сілавая апэрацыя з ужываньнем вадамётаў і спэцтэхнікі.