Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кyky.org перамясьціўся на kyky.io


Скрыншот з сайту kyky.iо
Скрыншот з сайту kyky.iо

У рэдакцыі сайта спадзяюцца, што пасьля паходу ў Міністэрства інфармацыі стары дамэн адновяць. Але пакуль вымушаныя карыстацца альтэрнатыўным.

Папулярны моладзевы рэсурс kyky.org, доступ да якога заблякаваны на загад Міністэрства інфармацыі Беларусі, пераехаў на новы адрас, — kyky.io.

Тым ня меней, удакладняе дырэктарка сайта Дар’я Мацявіна, ранейшая пляцоўка застаецца — прынамсі за межамі Беларусі доступ на яе бесперашкодны:

Дар'я Мацявіна
Дар'я Мацявіна

«Мы захавалі хостынг і ён цалкам можа адчыняцца ў тых карыстальнікаў, якія знаходзяцца за мяжой, альбо ў тых, хто выкарыстоўвае ананімайзэры, проксі, Tor, Opera Turbo. То бок, хто мае магчымасьць скарыстацца абыходамі блякіроўкі. Але свой адрас мы захавалі і будзем спадзявацца, што пасьля паходу ў Міністэрства інфармацыі дамэн адновім, вернем яго назад. Але пакуль вымушаныя карыстацца альтэрнатыўным».

У рэдакцыйным артыкуле на kyky.io кіраўніцтва рэсурсу нагадвае, што 15 чэрвеня міністар інфармацыі Лілія Ананіч загадам № 233 абмежавала доступ да сайту kyky.org:

«У ведамстве лічаць, што публікацыямі на сайце мы нанесьлі шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Наколькі нам вядома, у Беларусі ў такой сітуацыі яшчэ не апынаўся ніхто. Kyky.org — першы з інфармацыйных сайтаў, які заблякаваны ў адпаведнасьці з фатальным падпунктам 1.3 пункта 1 артыкула 38 закону „Аб сродках масавай інфармацыі“. Медыя-аналітыкі зьвярталі ўвагу на тое, што вызначэньне „інфармацыі, распаўсюджваньне якой здольна нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь“, вельмі размытае, і падагнаць пад яго можна ўсё, што заўгодна».

У Міністэрстве інфармацыі рэдакцыі ўдалося даведацца, што прад’яўленыя прэтэнзіі да зьместу чатырох артыкулаў, апублікаваных на кyky.org. Гэта тэкст рэдактара Паўла Свярдлова «Парад перамогі над сабой» і тры калонкі бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча: «Пост дня. Подзьвіг аднаго — заўсёды злачынства іншага», «Чаму ня трэба хадзіць у царкву», «Мы яшчэ будзем рабіць трактары, але гэта ўсё ўжо будзе без эрэкцыі». Як удакладняе Дар’я Мацявіна, цяпер на згаданых артыкулах — «заглушкі»:

«Так, мы павесілі „заглушкі“, каб не было прэтэнзіяў ужо да нашага новага дамэну. То бок, ніякіх юрыдычных прэтэнзіяў у дадзеным выпадку зь іх боку быць ня можа. Мы захавалі адрасы гэтых публікацый, проста там вісіць тэкст, што яны зачыненыя з-за парушэньняў, выяўленых Міністэрствам інфармацыі».

Кіраўніцтва рэсурсу зьбіраецца шчыльна супрацоўнічаць зь кантрольным ведамствам, кажа Дар’я Мацявіна:

«Будзем дзейнічаць усімі даступнымі спосабамі, каб да чыноўнікаў максымальна хутка дайшла інфармацыя, якую мы хочам ім перадаць».

Як гаворыцца ў паведамленьні на сайце Міністэрства інфармацыі, у шэрагу публікацый, разьмешчаных на дадзеным інфармацыйным рэсурсе, утрымліваюцца «прыніжальныя выказваньні ў дачыненьні да дзяржаўнага сьвята Рэспублікі Беларусь — Дня Перамогі. Аспрэчваецца значнасьць гэтай падзеі ў гісторыі дзяржавы, тым самым скажаецца гістарычная праўда аб Вялікай Айчыннай вайне. Таксама ў матэрыялах на сайце kyky.org прысутнічае табуяваная лексіка, грэблівыя, а часам і абразьлівыя выказванні ў адрас прадстаўнікоў пэўных сацыяльных груп, нацыянальнасьцяў і рэлігійных канфэсій».

Тым часам у рэдакцыі рэсурсу ўпэўненыя, што меркаваньні аўтараў ня могуць нанесьці шкоду інтарэсам беларускай дзяржавы, паколькі kyky.org — сайт розных меркаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG