Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Дашук: «Прафэсія кінадакумэнталіста — адна з найлепшых на зямлі»


Вольга Дашук: Калі памірае твой герой, гэта тое самае, што згубіць блізкага чалавека
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:20:07 0:00

Вольга Дашук — сярод найбольш вядомых у сьвеце дакумэнтальнага кіно беларускіх рэжысэраў.

Яе фільмы дэманструюцца на многіх міжнародных кінафэстывалях і атрымліваюць узнагароды. У бальшыні сваёй героі фільмаў Вольгі Дашук — людзі драматычных лёсаў, якія змагаюцца з наканаванымі ім няшчасьцямі і годна нясуць свой крыж. Яны застаюцца людзьмі.

Фрагмэнты перадачы

Вячаслаў Ракіцкі: З майго гледзішча, Вольга Дашук у сваёй творчасьці аддае перавагу фільмам-партрэтам, ня робіць фільмаў эпічных, маштабных, на глябальныя тэмы. А вось жа ў вашым фільме пра кінааматара я ўбачыў ня толькі яго, а ўвогуле шырокі партрэт сучаснай беларускай вёскі, якая дажывае, вымірае, насельнікі якой у глыбокай, безнадзейнай самоце чакаюць сьмерці. Мае словы — камплімэнт вам ці крытыка?

Вольга Дашук: Мяркую, што гэта вашы думкі з нагоды гэтага фільму, і я зь імі згодная. Але гэта толькі адна плашчына фільму. Перадусім я здымала гэты фільм пра працу кінадакумэнталіста на прыкладзе 82-гадовага кінааматара з Талачына. Па тым, як ён сутыкаецца зь людзьмі, відаць, наколькі цяжкая наша справа — што можа чакаць чалавека, які прыходзіць да людзей і хоча іх зьняць.

Ракіцкі: Вы здымалі фільм «Кінааматар. Восеньскі сон» і пра сябе ў тым ліку?

Дашук: Зразумела. У адным з эпізодаў 92-гадовая бабуля кажа, што яе здымаць — тое самае, што пра яе жыцьцё напісаць вялікую кнігу, а таму яна і гаварыць нічога ня будзе. Вось тут праблема нашай прафэсіі.

Ракіцкі: Тады — што самае галоўнае ў працы рэжысэра-дакумэнталіста, прафэсіянала, а не аматара?

Дашук: Па-першае, павінен быць прафэсіяналізм, у той ці іншай ступені. Па-другое, патрэбная нейкая ўдача, якая можа здарыцца ці ня здарыцца. А па-трэцяе, трэба мець жалезнае здароўе.

Ракіцкі: Што вам як чалавеку дае гэтая праца, якой, нягледзячы на яе цяжкасьці, вы займаецеся? Што даюць вам сустрэчы з рознымі людзьмі, найперш — складаных лёсаў? Чаму вы ў сваіх герояў, магчыма, навучыліся? А можа, і не навучыліся, проста паводле інэрцыі і ў межах сваіх прафэсійных навыкаў здымаеце людзей? І ўсё...

Дашук: Навучылася. Я хачу вам сказаць, што прафэсія кінадакумэнталіста — адна з найлепшых на зямлі, калі разглядаць гэты аспэкт. Таму што твой чалавечы вопыт надзвычай пашыраецца, дзякуючы тым людзям і тым сытуацыям, у якіх ты апынаесься. Ты бачыш нешта іншае, чаго не выпадае бачыць людзям іншых прафэсіяў. Кожны чалавек з галерэі тых, каго я здымала, даў мне нешта новае, перадаў частку свайго жыцьцёвага досьведу. Калі бачыш, што людзям давялося перажыць, дык адчуваеш магутны прыток энэргіі. Ты разумееш, што ёсьць больш важныя каштоўнасьці, чым тыя, якімі жывеш звычайна. Яны робяцца абсалютна яснымі. Таму я рада, што займаюся гэтай прафэсіяй.

Ракіцкі: Вы працягваеце кантактаваць са сваімі героямі, пасьля таго як фільмы выходзяць на экраны?

Дашук: Так, калі яны не паміраюць. На жаль, некаторыя мае героі ўжо памерлі, і гэта тая траўма, якая з табой застаецца. Гэта тое самае, як губляеш блізкага чалавека.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG