Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Над ракой Котрай гіне ўнікальны драўляны маёнтак


Так выглядае былы маёнтак пана Блаўдзевіча ў стылі драўлянага гратэску. Вёска Кашубінцы Гарадзенскага раёну
Так выглядае былы маёнтак пана Блаўдзевіча ў стылі драўлянага гратэску. Вёска Кашубінцы Гарадзенскага раёну

У вёсцы Кашубінцы Гарадзенскага раёну на беразе Котры разбураецца і раскрадаецца драўляны маёнтак канца ХVIII — пачатку ХІХ стагодзьдзя. Ёсьць ахвотныя выкупіць яго ў мясцовага сельгаспрадпрыемства, каб аднавіць і наладзіць у маляўнічым месцы агратурызм. Але дамовіцца з кіраўніцтвам гаспадаркі на працягу многіх гадоў не ўдаецца.

Маёнтак у Кашубінцах — рэдкасьць ня толькі для Гарадзеншчыны, але і для ўсёй Беларусі. Паводле гісторыкаў, у вобласьці да Другой сусьветнай вайны было больш за дзесяць маёнткаў з элемэнтамі ў стылі драўлянага гратэску. Да нашых дзён дажыў толькі адзін.

Ужо знадворку маёнтак у Кашубінцах мае сумны выгляд: зарослыя старыя ліпавыя прысады, зьдзічэлы парк і асушаныя ставы, пабітыя вокны ў занядбаным доме — здранцьвелыя ад дажджоў элемэнты гратэску гніюць, вокны паразьбіваныя, на дзьвярах няма замкоў.

Дэталі драўлянага гратэску хутка таксама згніюць
Дэталі драўлянага гратэску хутка таксама згніюць

Мясцовы жыхар і краязнаўца Ўладзімер Трахімчык з сумам заўважае, што ўсярэдзіне яшчэ горш. Мы заходзім у будынак праз адчыненыя дзьверы. Лесьвіца на другі паверх з аўтэнтычнымі балясінамі паламаная, у пакоі па-барбарску абадраныя камін і печ, рэшткі старой кафлі захаваліся толькі з бакоў. Пад нагамі выпілаваная падлога. Яшчэ стаіць пах смалістай дошкі — відаць, злодзеі выпілоўвалі падлогу ня так даўно ...

Мой праважаты распавядае, што пасьля вайны ў панскім маёнтку жылі людзі, але зь цягам часу калгас будаваў дамы, і паціху адсюль разьяжджаліся. Пустуе маёнтак недзе з канца 60-х. Толькі ў бакавой прыбудове жыве яшчэ адна бабуля, бо калгас так і ня здолеў забясьпечыць яе асобным жытлом.

Уладзімер Трахімчык кажа, што зацікавіўся маёнткам яшчэ гадоў 15 таму, калі перабраўся жыць у суседнюю вёску. Даведаўся пра ягоную гісторыю, гаспадароў. Да таго ж вельмі вабіла прыгожае навакольле. Некалькі гадоў таму, калі ў краіне пачалі разьвіваць агратурызм, ён зьвяртаўся да мясцовага кіраўніка калгаса і ў сельсавет, каб зрабіць у маёнтку экалягічны турыстычны цэнтар. Але на ягоныя прапановы толькі махалі рукой.

Уладзімер Трахімчык, мясцовы краязнаўца
Уладзімер Трахімчык, мясцовы краязнаўца

Трахімчык: «Быў нават момант, калі я запісаўся на прыём да старшыні аблвыканкаму, яшчэ быў у нас Шапіра (Сямён Шапіра — старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму ў 2010–2013 гг. — РС). Прачакаў тры месяцы. Мне хацелася яму распавесьці пра гэты маёнтак, пра тое, што ён нішчыцца, і што можна тут зрабіць. А атрымаў ад яго адказ за паўхвіліны: маўляў, што я табе, пастаўлю тут міліцыянта, каб ён ахоўваў? Хапае ў нас такога дабра... Ну вось на гэтым і размова скончылася, і маем цяпер тое, што маем...»

У суседняй вёсцы жыве Мікалай Каршакоўскі, які вельмі добра памятае яшчэ даваенны маёнтак. У трыццатыя гады ён жыў тут дзіцем разам з бацькамі, гуляў зь дзецьмі, нават хадзіў з панам на паляваньне.

Ён вельмі цікава і шмат распавядае пра пана Блаўдзевіча — інтэлігентнага, адукаванага чалавека, пра тое, як той ставіўся да местачкоўцаў, як яго шанавалі людзі і нават не пабаяліся НКВД, а заступіліся за свайго пана, калі яго арыштавалі. Я слухаю спадара Каршакоўскага, якому амаль 90 гадоў, і разумею, што пра гэты маёнтак і ягоных жыхароў павінна быць напісана асобная кніга. Зь любасьцю спадар Каршакоўскі ўзгадвае, як у тыя часы выглядаў маёнтак.

Мікалай Каршакоўскі
Мікалай Каршакоўскі

Каршакоўскі: «Вось там за домам быў бярозавы гай, які быў абсаджаны ліпамі па квадраце. Далей — чатыры ставы, і так цікава, што ў першы вясной запускалі ваду, там было шмат рыбы. Далей сьцежка вяла ўніз, да другога ставу. А там быў перакідны мосьцік, яны хадзілі туды адпачываць. Там быў нават тэнісны корт, абнесены сеткай. Там і нам не забаранялі гуляць — мы ўвесь час бегалі ў тым парку, рабілі арэлі. І рэчка ж побач, прыйдзе лета — мы зь яе не вылазілі...»

Спадар Мікалай цяжка ўздыхае, вочы наліваюцца сьлязьмі:

«Мне душа баліць, я ж усё памятаю, я тут столькі пражыў. Сьлёзы вунь льюцца, калі гляджу на гэта ўсё. Такі дом быў...»

І праўда, цяпер ні ставоў, ні парку, ні клюмбаў з кветкамі. Маёнтак развальваецца і раскрадаецца на вачах. Уладзімер Трахімчык кажа:

«Вось мы сядзім тут, чуем, колькі птушак, тут нейкі вырай. Ні машынаў не чуваць. Тут чалавеку адзін раз пабыць — то зарадзіцца энэргіяй на год і зноў і зноў сюды вернецца. А калі яшчэ праплыць па Котры, паглядзець тыя прыгажосьці, пафатаграфавацца — што яшчэ патрэбна для адпачынку? У Эўропе такіх мясьцін — адзінкі».

Усярэдзіне будынку
Усярэдзіне будынку

Спадарыня Валянціна тры гады таму прапанавала кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства прадаць ёй занядбаны маёнтак. Яна склала дзеля гэтага бізнэс-плян, гатовая была прыцягнуць сродкі, распавяла, што хоча яго аднавіць і разьвіваць агратурызм, у будучым праводзіць рыцарскія турніры, адчыніць музэй мясцовага рамяства. Але гэтыя прапановы таксама не зацікавілі начальства, кажа спадарыня Валянціна:

«Тры гады я ўжо зь імі змагаюся. Падрыхтавала дакумэнты, зрабіла гістарычную даведку, якой яны карыстаюцца. Там ужо ўсё разрабавалі, павыносілі печкі, павыпілоўвалі падлогу, і ўсё ідзе ўніз. Мне тлумачаць, што няма дакумэнтацыі, але я знайшла ў БТІ даведкі нават з 1976 году. І вось ня ведаю, у чым справа...»

Яшчэ спадарыня Валянціна распавяла гісторыю пра тое, як адзін ейны калега хацеў набыць побач з маёнткам вадзяную вежу, каб адрэстаўраваць і адкрыць там кавярню. Ужо кіраўнік гаспадаркі паабяцаў яму падпісаць пагадненьне. А вось што адбылося потым:

«Прыяжджае ён ад яго, і ўвесь твар бялюткі — старшыня гаспадаркі Аўтка сказаў, што ў яго такога аб’екта няма. Два тыдні людзі з пэрфаратарамі разьбівалі гэтую вежу і зраўнялі яе зь зямлёю — мэтровыя сьцены былі!»

Я спрабаваў датэлефанавацца да кіраўніка філіялу «Скідзельскі» ЧПУП «Скідзельаграхарч» Аляксандра Аўткі — гэта ягоная арганізацыя распараджаецца маёнткам у Кашубінцах. Але безвынікова. Сакратарка ўсё адказвала: «Яго няма», «Будзе», потым ізноў — «Няма, ня ведаю»...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG