Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча мадэрнізуе армію і павялічыць падтрымку для Ўкраіны: «Нам трэба новая палітыка без ілюзіяў у дачыненьні да Расеі»


Тэма Расеі і расейска-ўкраінскага канфлікту — адна з ключавых на Ўроцлаўскім Глябальным форуме, які распачаўся 11 чэрвеня ў Польшчы. Адкрываў форум прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі

«У сытуацыі розных крызісаў і шматлікіх выклікаў, такіх, як Украіна-Расея, эўрапейскі крызіс, праблемы інтэграцыі заходняга сьвету, варта казаць, што цяпер найважнейшай задачай ёсьць будаваньне і падтрымка салідарнасьці», — сказаў ва ўступным слове прэзыдэнт Камароўскі, з чыёй ініцыятывы ў Варшаве ў наступным годзе адбудзецца саміт НАТО.

Камароўскі адзначыў, што вельмі сымбалічная ідэя — сабраць лідэраў НАТО у будынку, дзе шмат гадоў таму з ініцыятывы СССР была падпісаная Варшаўская дамова ў адказ на пашырэньне Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Прэзыдэнт Польшчы сказаў, што чакае ад саміту НАТО ў Варшаве стварэньня нечага кшталту вайсковай «варты — гатовай сыстэмы ў непасрэднай блізкасьці ад патэнцыйнай небясьпекі».

Міністар замежных справаў Польшчы Гжэгаж Схетына сказаў, што Польшча прывядзе войска ў адпаведнасьць са стандартамі НАТО і павялічыць да 2% ВВП вайсковыя выдаткі:

«Мы спадзяемся, што іншыя краіны зробяць тое самае, — падкрэсьліў Схетына. — Мы будзем больш эфэктыўныя, калі будзем разумець, што перад намі».

Схетына адзначыў, што ва ўмовах агрэсіі з боку Расеі вельмі важна падтрымліваць Украіну:

«Украіна заслугоўвае лепшай будучыні, і яна патрабуе нашай салідарнасьці. Я чакаю дня, калі Ўкраіна далучыцца да Эўразьвязу як паўнацэнны сябра.

Схетына адзначыў, што Польшча не шукае канфлікту з Расеяй:

«Мы чакаем узнаўленьня нармальных стасункаў з Расеяй на аснове міжнародных нормаў».

Міністар абароны Польшчы Томаш Сямоняк лічыць, што цяперашні канфлікт у Расеі — гэта не інцыдэнт, гэта доўгатэрміновы крызіс, і ён патрабуе ад саюзьнікаў адаптацыі да новых выклікаў:

«Нам трэба новая палітыка ў дачыненьні да Расеі, пазбаўленая ілюзіяў. Раней яна будавалася на спадзяваньнях. <...> Сытуацыя патрабуе актыўнай падтрымкі усходніх партнэраў, Украіны, Малдовы, Грузіі, нам патрэбна мадэрнізацыя ўзброеных сілаў».

Уроцлаўскі Глябальны форум — штогадовая канфэрэнцыя, прысьвечаная трансатлянтычнай эканамічнай супрацы і палітычным сувязям паміж Эўрапейскім Зьвязам і Злучанымі Штатамі. Кожны год у панэльных дыскусіях, арганізаваных у межах гэтага мерапрыемства, бяруць удзел некалькі сотняў палітыкаў, дыпляматаў, экспэртаў і прадстаўнікоў бізнэсу, у першую чаргу з Польшчы, краін Эўразьвязу і ЗША.

У праграме сёлетняга форуму заплянаваны шэраг дыскусіяў, падчас якіх будуць абмяркоўвацца, у прыватнасьці, пытаньні, якія тычацца дзеяньняў Расеі на ўсходзе Украіны, будучыні Ўсходняга партнэрства, прагрэсу і праблемаў трансатлянтычнага партнэрства ў гандлі і інвэстыцыях. Уроцлаўскі Глябальны форум завершыцца ў суботу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG