• «Калі глядзіш на тыя твары, то міжволі падазраеш, што яны маглі нешта ўчыніць».
• «Затрыманьні функцыянэраў і чэмпіянаты сьвету 2018 і 2022 гадоў — гэта дзьве асобныя справы».
• «Мне б не хацелася, каб чэмпіянат сьвету 2018 году з Расеі перанесьлі ў іншую краіну».
— Анатоль Анатольевіч, наколькі этычна ў сытуацыі, калі арганізацыю скалынае беспрэцэдэнтны скандал, пераабірацца на чарговы тэрмін дзейнаму прэзыдэнту ФІФА Ёзафу Блатэру?
— Я не магу камэнтаваць сытуацыю, бо дакладна ня ведаю, што там на самой справе адбылося. Разумееце, хтосьці блытае гэта з усясьветнымі першынствамі 2018 і 2022 гадоў. А потым аказваецца, што там пытаньні мэдыя- і тэлеправоў падчас правядзеньня турніраў у Паўднёвай Амэрыцы. Таму з улікам таго, што мы не валодаем дастатковай інфармацыяй і плюс з улікам, што гэта пажаданьні пэўных амэрыканскіх структураў, пра нешта разважаць на адлегласьці не выпадае. Вось як будзе суд — тады ўжо стане зразумела, пра што гаварыць.
Мы ж ня ведаем сёньня, ці на самой справе там ёсьць нейкія злоўжываньні. Хоць калі глядзіш на тыя твары, то міжволі падазраеш, што яны маглі нешта ўчыніць. Бо гэта краіны, дзе футбольная карупцыя квітнее і пахне, уключна з Бразыліяй. З гэтай пазыцыі — так. Але зь іншага пункту гледжаньня, мы ж ня будзем разважаць у агульным трэндзе, што Амэрыка — гэта ўсё дрэнна. Шмат рэчаў Амэрыка апошнім часам рабіла для ўсеагульнага дабрабыту, а потым аказвалася, што ня ўсё так проста. Ня будзем нават браць блізкія канфлікты, паглядзіце, як сёньня палыхае арабскі сьвет. Таму ў мяне няма дакладна складзенага меркаваньня. Калі вінаватыя — павінны адказаць. А калі гэта проста нейкая палітыка перад выбарамі, тады гэта мярзотна.
— Увогуле як сталася, што карупцыйная «іржа» настолькі глыбока праела вярхушку ФІФА?
— Найперш, будзьце асьцярожныя ў ацэнках, бо тое, што я чытаў з апошняга, — швайцарская пракуратура дала на гэты конт свае камэнтары. Выглядае, што затрыманьні функцыянэраў і чэмпіянаты сьвету 2018 і 2022 гадоў — гэта дзьве асобныя справы. Швайцарская пракуратура якраз займаецца чэмпіянатамі сьвету, тады як Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў — пытаньнямі тэле- і мэдыяправоў, якія рэалізоўвала ФІФА, як я разумею, у амэрыканскім рэгіёне. Пры гэтым многія перамовы па матэрыялах, якія маюцца ў ФБР (зноў жа, са словаў швайцарскай пракуратуры) адбываліся на тэрыторыі ЗША. І яны гэтай справай як бы апраўдваюць свае дзеяньні ў Швайцарыі. Таму тут складана дакладна арыентавацца, бо шмат на гэты конт пайшло самых розных інсынуацыяў.
— Перад адлётам у Швайцарыю на збор канфэдэрацый УЭФА намесьнік старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Сафар’ян сказаў, што беларуская дэлегацыя падтрымае прынца Алі, не Блатэра.
— Ну, я не ў беларускай дэлегацыі і не магу нічога на гэты конт сказаць. Асабіста я ня ведаю ні аднаго, ні другога. Але магу сказаць адно: Блатэр — рэтраград. Вось гэта я магу сказаць дакладна. Тое, што беларуская дэлегацыя будзе галасаваць за прынца арабскай краіны — дык ня ведаю, карысна гэта будзе для беларускага футбола ці не. Я ведаю, што мы для карысьці беларускага футбола зьвярталіся ў ФІФА з нагоды трансфэрных вокнаў. Таму што ў Беларусі яны неразумныя з улікам нашых кліматычных умоваў і правядзеньня чэмпіянату краіны паводле прынцыпу «вясна-восень». Прыкладам, мы ня можам заяўляць гульцоў дастатковы пэрыяд улетку. Але на прапанову памяняць месцамі «летняе» і «зімовае» вокны рэтраграды з ФІФА не пайшлі, вось і ўсё. Таму я магу камэнтаваць толькі з гледзішча маіх уласных інтарэсаў. І з гэтага гледзішча тыя, хто былі на сваіх пасадах, нічога добрага не зрабілі. А тыя, хто на гэтыя пасады прэтэндуюць — нават не ўяўляю, зробяць ці не. Само сабой, маю на ўвазе не асабістыя інтарэсы, а інтарэсы клюбу БАТЭ.
— Лёгіка на карысьць прынца Алі нібыта простая: чалавек настолькі багаты, што ніякімі хабарамі і адкатамі яго не зацікавіш.
— Ведаеце, што я вам адкажу наконт «простай лёгікі» — што, маўляў, ён заможны, што ня будзе браць хабар. Але ў прынцыпе, калі абіраюць кіраўніка такой арганізацыі як ФІФА, напэўна, ад пачатку няправільна разглядаць такое пытаньне праз прызму таго, патрэбны ці непатрэбны хабар. Чалавек жа ідзе на пасаду, зыходзячы з таго, што ён будзе сумленным, прыносіць хай можа не клятву, але бярэ на сябе пэўныя абавязкі. Ніхто ж, калі абіраецца на падобную выбарную пасаду, не гаворыць, што я буду злоўжываць і напаўняць уласныя кішэні. Таму апрыёры ўсё мусіць быць сумленна, па справядлівасьці. А па-другое, усе чакаюць ня проста, што ён багаты і ня будзе браць хабар, усе разьлічваюць, што прынц усім дапаможа, так? Дык вось пра такія гарантыі я ня чуў.
— Вы дапускаеце, што насамрэч можа паўстаць пытаньне пра перанос футбольнага чэмпіянату сьвету 2018 году з Расеі ў іншую краіну?
— Мне б не хацелася, каб так адбылося. Па-першае, скажам так, ніколі няма сталых сяброў, ёсьць агульныя інтарэсы. Зразумела, што паралельна ідуць арабскія міжусобіцы, тыя ж Катар і Арабскія Эміраты — ня скажаш, каб моцна адзін аднаго любілі. Гэта тое, што я разумею ў палітыцы. Дык калі гэта ўсё пойдзе ў адным трэндзе — і карупцыя, і ўсё астатняе — і Катар таксама трэба пазбаўляць чэмпіянату сьвету. А ўжо ж усе пагадзіліся — нават такі магутны гулец як Нямеччына — з тым, што першынства пройдзе ў сьнежні месяцы і што гэта будзе менавіта ў Катары. Таму што Катар зацікавіў усіх, хто пагадзіўся, разумееце? Хіба толькі пераважаць нейкія палітычныя рашэньні, але гэта такое глупства, калі зьмешваюць у адну кучу палітыку, спорт ды іншае. Хоць зараз мяшаюць усюды і літаральна ўсе. І на Захадзе, і на Ўсходзе, на жаль, гэта адбываецца.