Прадукцыя купляецца слаба, пазыкі растуць, зарплаты невялікія, але народ гарбее, бо ўцёкі і «ахвота да перамены месцаў» ня ў нашых традыцыях. Раз на пяць гадоў прыяжджае з інспэкцыяй на фабрыку Сьвятлейшы Князь і ўчыняе разнос: ты разваліў маю вытворчасьць, падвёў, недамадэрнізаваў, адныя страты ад цябе, пад суд! Сядае дырэктар у турму, выходзіць праз год па амністыі і… прызначаецца дырэктарам той жа фабрыкі. А што рабіць? Больш ніхто на тое гіблае месца ісьці не жадае. Так ужо тры разы схадзіў туды-сюды. Але заўсёды вяртаецца: свае на сваіх не забываюцца, а гнеў манаршы – кароткі.
Сыстэма беларускай ці, дакладней, лукашэнкаўскай вэртыкалі: сьцярпеў, выцерся, адсмактаў валідол пасьля нарады, дачакаўся пэнсіі – і князь пакіне цябе ў спакоі адпачываць на зялёных ляўрах у драздоўскім маёнтку. Ці выправіць у які банкаўскі ці нафтагазавы савет дырэктараў загойваць нэрвы арманьякам. І стаіць гэтая сыстэма як нейкая магутная іржавая мэталаканструкцыя, амаль што Эйфэлева вежа: адусюль убачыш і зрабіць зь ёю нічога ня можна. Яна самадастатковая.
Я часта думаю, якім такім магнітам прыцягнула да сябе ржавая дурында некаторых маіх былых прыяцеляў. Што ў ёй такога прыўкраснага й прывабнага? Грошы, слава, павага, «Уласны Кабінэт»? Мабыць, найбольш – знаходжаньне на баку пераможцы, адчуваньне сваёй моцы, улады, пакорлівасьці і лісьлівасьці падначаленых. Пра тых, хто ўзьлез на тую вежу, у народзе кажуць «выбіўся ў людзі» альбо «цьвёрда стаіць на нагах». Хоць насамрэч ён проста вісіць і ў кожны момант можа грымнуцца вобзем. Балюча будзе, а вежа застанецца нават у самую страшную непагоду. Бо – разьбіраць яе няма як, надта працаёмкая штука. Ды і наагул гэта ж ужо «наша гісторыя», помнік архітэктуры, якому праз два леты на восень круглы стогадовы юбілей.
Савецкая бюракратыя і лукашэнкаўская вэртыкаль – натуральныя спарышы, няхай сабе ў новы цягнік 1994 году ўзялі далёка ня ўсіх. Аснова вэртыкалі – дзяржаўная манаполія на рэфлексію і тэрор у адносінах да іншадумства. Мэта яе – пазбавіць чалавека найменшых і найпрасьцейшых свабодаў: езьдзіць па сьвеце, публічна абмяркоўваць праблемы краіны, зьбірацца для пратэсту і гэтак далей, што там у канстытуцыі. А галоўнае – кіраваць самой вэртыкальлю.
Вэртыкаль кажа: не. Гэта немагчыма. Лінія нашая ў часіну выпрабаваньняў павінная быць простая, як школьны калідор. Ніякіх адхіленьняў і паслабленьняў у цяжкі для краіны момант (чыста ленінска-сталінская рыторыка). Зашпіліце паясы, надзеньце скафандры, засуньце ў горла дручок, слухайце маю каманду.
Але слухаць каманды выпадае адно чынушам. Выходзяць яны з выканкаму на вуліцу, а там – бруіць жыцьцё. У краме прадаюць тураўскую мацарэлу і маладзечанскі ракфор, па пераходах граюць Алексіса Корнэра. Чынуша падае за столік кавярні пад тэнтам і п’е капучына, адсопваючыся ад нарады.
На саміце Ўсходняга Партнэрства ў міністра замежных спраў пытаюцца пра палітвязьняў і ён, стоячы ў струнку, адказвае: «Я не разумею, пра што вы гаворыце». Прымаюць Беларусь у Балёнскі працэс, але дзе заявы міністра адукацыі пра тое, якія ў нас будуць цудоўныя акадэмічныя свабоды? (Сёньня, між іншым, зайсьці на прыём да рэктара можа выкладчык не ніжэйшы за дэкана факультэта, іначай – спагнаньне.) Сюрпрызаў ня будзе. Бо можна беларускаму чынушу жыць з вэртыкальным дручком у страваводзе і капучынам на губах нават і на вачах у эўрапейскай супольнасьці. І пры гэтым пераконваць усіх, што так і трэба, што так і варта жыць, і гэта наша апрычоная беларуская мадэль.
І сказаць бы яму, як у таго Дугласа Адамса, «don’t panic!», паглядзі, якое сёлета тысячагодзьдзе на двары, чаго стаіш, нібы слуп на падворку, дастань ты сваю вэртыкаль з горла – і дыхаць вальней будзе, і ніхто цябе за гэта ня зьесьць.
Ды хто ж скажа. Вакол толькі свае, у шэрых пінжаках. А вакол сваіх – небясьпечнае варожае мора: 300-даляравае насельніцтва, пятая калёна, НАТО на мяжы. Цыклічная мадэль сусьвету.