У жыхаркі прыгарада Віцебску Валянціны Дробышавай не засталося ніводнага фатаздымка бацькі. Усё зьнішчыла вайна, пакуль маці, старэйшыя сястра і брат і сама спадарыня Валянціна былі ў канцлягеры — за шмат кілямэтраў ад роднага пасёлку Лужасна, што ў Віцебскім раёне.
Усё, што памятае пра бацьку 87-гадовая спадарыня, малалетні вязень фашызму, — гэта апошні дзень, калі яго забіралі ў турму як «замежнага шпіёна».
«Я ўжо вучылася ў 2-й клясе і памятаю нават дзень — 7 сьнежня 1937 году. Было каля поўначы, калі да нас пастукаліся, зайшлі двое незнаёмых людзей і сказалі, што будуць у нас шукаць зброю. З мэблі ў нас амаль нічога не было — ложкі, стол, шафа... Дык яны адразу палезьлі ў шафу. Але нічога не знайшлі, ніякай зброі. Тады кажуць тату: «Зьбірайцеся, пойдзем. Паперы падпісаць трэба». Маці кажа: «Якія паперы? Вы яго забіраеце, значыць, ён больш сюды ня вернецца!»
Маці мела рацыю. Бацька пайшоў з хаты назаўжды. Спадарыня Валянціна памятае: потым маці даведалася, што бацьку пасадзілі ў віцебскую турму НКВД. Ягоная «віна» была хіба ў тым, што ён меў літоўскае прозьвішча Шпеліс, і ў тую самую ноч НКВДшнікі арыштавалі яшчэ некалькі мясцовых жыхароў з польскімі або літоўскімі прозьвішчамі. Усе яны трапілі пад хвалю «змаганьня з замежнымі шпіёнамі», сталі «ворагамі народу» па палітычных матывах. А для сям’і пачаліся бясконцыя зьдзекі, працягвае спадарыня Валянціна:
«Забралі ўсіх „замежнікаў“. А я памятаю, што бацька нават расьпісацца ня ўмеў — крыжык ставіў, прачытаць нічога ня мог! Які зь яго шпіён? Сястра была камсамолка — яе выключылі з камсамолу, брат быў піянэр — і яго выключылі зь піянэраў. Ад нас трымаліся далей, бо мы былі дзеці ворага народу, так лічылася.... Маці кудысьці хадзіла, пыталася пра бацьку, і ёй сказалі, што ён у турме. Мама пачала насіць туды перадачы. Прымалі сала ў турме і споднюю бялізну. І маці так перадачы насіла са сьнежня цягам паўгода. А бацька ў студзені ўжо быў расстраляны. Мне потым дакумэнты далі, калі расстралялі, у каторы дзень. Толькі сказалі, што не пакажуць месца, дзе ён расстраляны і пахаваны».
Спадарыня Валянціна мае пасьведчаньне, у якім прычынай сьмерці бацькі названы расстрэл. І мае пасьведчаньне пра ягоную рэабілітацыю. Цяпер у яе зьявілася мара, каб зрабіць хаця б сымбалічную магілу, куды можна было б прыйсьці і памянуць тату.
А потым лёс зьвёў сям’ю спадарыні Валянціны зь віцебскім сябрам КХП БНФ Янам Дзяржаўцавым. Спадар Ян займаецца дасьледаваньнем невядомага масавага пахаваньня каля вёскі Хайсы, што паблізу ад Лужасна. У тамтэйшым лесе грыбнікі знаходзяць чалавечыя парэшткі, сустракаецца і абутак з прамысловымі штампамі, выраблены ў 1936–37 гадах... Старажылы кажуць, што ў гэтым лесе перад вайной расстрэльвалі людзей. Іх прывозілі аднекуль на машынах, і па начах чуліся стрэлы. Сярод чалавечых парэшткаў дагэтуль знаходзяць чарапы з кулявымі адтулінамі.
Але звароты да ўладаў і ў Сьледчы камітэт пакуль не далі аніякага плёну: гэтае месца афіцыйна не прызнана пахаваньнем ахвяраў сталінскага тэрору. Тым ня менш Валянціна Антонаўна вырашыла: раз падобная сьмерць напаткала і ейнага бацьку, менавіта ў гэтым месцы варта ўзяць зямлі для сымбалічнага пахаваньня.
Ідэю ўзяліся ажыцьцявіць бліжэйшыя сваякі спадарыні Валянціны, якая ўжо ня мае здароўя далёка адыходзіць ад дому. У лес, дзе дагэтуль ляжаць непахаваныя чалавечыя парэшткі, паехала пляменьніца Ірына з сынам, нявесткай і малым унукам. Яны набралі зямлі з тых мясьцін, дзе знайшлі свой апошні спачын дзясяткі, а то і сотні бязьвінна забітых.
Завезьлі зямлю на могілкі і высыпалі побач з магілай маці Валянціны Дробышавай, якая страціла мужа ў гады сталінскага ліхалецьця. Для ўсёй сям’і гэта важна — каб было месца, дзе можна пакланіцца памяці блізкага сваяка, страчанага ў дзяцінстве бацькі, пасьля якога засталося адно толькі казённае пасьведчаньне аб сьмерці — з прочыркам у графе «месца пахаваньня».