Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі адгаворваюць ушаноўваць памяць ахвяраў


У вёсцы Фралова Гарадоцкага раёну чыноўнікі правялі сход, каб адгаварыць вяскоўцаў ад ідэі ўшанаваць памяць удзельнікаў антыбальшавіцкага паўстаньня.


З ініцыятывай ўсталяваць мэмарыяльны крыж дзеля памяці землякоў-паўстанцаў, растраляных карнікамі НКУС у лістападзе 1918 году выступіў гарадоцкі апазыцыянэр Леанід Аўтухоў. Ён даслаў у райвыканкам ліст з подпісамі тых, хто падтрымаў ягоную пра панову, у тым ліку і некалькі дзесяткаў подпісаў жыхароў вёскі Фралова, каля якой адбыўся масавы растрэл.

Пакуль актывіст чакаў адказу ад чыноўнікаў, тыя вырашылі самі паехаць у вёску ды сустрэцца з тымі, хто падпісаўся пад лістом спадара Аўтухова. Загадчык ідэалягічнага аддзелу Леанід Пронін, які да 1991 году працаваў у райкаме партыі, тлумачыў вяскоўцам, што паўстаньне супраць савецкай улады распачалі бандыты, і таму ўшаноўваць іх памяць ня варта. Старшыня Стадалішчанскага сельсавету Мікалай Башкіраў прапанаваў вяскоўцам даслаць у райвыканкам новы ліст – пра тое, што людзі адмаўляюцца падтрымліваць ідэю апазыцыянэра, а раней падпісаліся пад ягоным лістом толькі таму, што недакладна зразумелі беларускую мову Леаніда Аўтухова.

Нягледзячы на тое, што ўлады не падтрымалі ягоную ініцыятыву, апазыцыянэр па-ранейшаму зьбіраецца ўвасобіць яе ў жыцьцё -- ўсталяваць крыж з надпісам “Змагарам за СВАБОДУ” у гонар растраляных паўстанцаў.

Дарэчы, гэта ўжо другая спроба Леаніда Аўтухова ўшанаваць памяць землякоў: летась ён ужо ставіў крыж каля вёскі Фралова, выдаткаваўшы на гэта каля 200 даляраў уласных грошай. Але праз некалькі дзён крыж быў скрадены невядомымі злодзеямі, якіх дагэтуль ня можа знайсьці міліцыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG