Віцябляніна Міхаіла Жамчужнага вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — 376 (часткі 1, 2), 375 (частка 1) і 431 (часткі 1, 2) — у наўмысным раскрыцьці зьвестак, якія ўтрымліваюць службовую таямніцу, незаконным набыцьці (вырабе) сродкаў для непублічнага атрыманьня інфармацыі, якая ўяўляе сабой службовую таямніцу, і ў даваньні хабару.
Міхаіла Жамчужнага арыштавалі ў Віцебску ў жніўні 2014 году, з тае пары яго ўтрымлівалі ў СІЗА. Паводле крымінальных артыкулаў, што яму інкрымінуюцца, заснавальніку «Плятформ інавэйшн» пагражае пазбаўленьне волі да 10 гадоў.
Паводле арганізацыі, Міхаіл Жамчужны заснаваў яе разам з Андрэем Бандарэнкам некалькі гадоў таму. І затрымалі спадара Жамчужнага неўзабаве пасьля арышту Андрэя Бандарэнкі.
Пакуль ён знаходзіўся за кратамі, афіцыйнай інфармацыі па справе Міхаіла Жамчужнага нідзе не публікавалася. З прыватнай перапіскі вядома, што ён адмовіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які дазваляе грамадзяніну адмовіцца ад любых сьведчаньняў, бо яны могуць быць выкарыстаныя супраць яго самога.
Былы дацэнт Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, кандыдат тэхнічных навук 59-гадовы Міхаіл Жамчужны куды больш вядомы ў акадэмічным асяродзьдзі, чым як грамадзкі дзеяч. Ён першы ў Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве, падчас працы ва ўнівэрсытэце ён сабраў калектыў навукоўцаў, зь якімі працаваў над атрыманьнем вадароду дзеля выкарыстаньня ў прамысловасьці.
У 2008 годзе на Жамчужнага завялі крымінальную справу за эканамічныя злоўжываньні і асудзілі. Пасьля вызваленьня ў 2012 годзе ён заявіў, што справа супраць яго была сфабрыкаваная. Міхаіл спрабаваў абскардзіць свой прысуд, аднак справа была задужа складанай: яна тычылася навуковых распрацовак і вымагала вялікіх грошай на адвакатаў. Таму ад ідэі рэабілітаваць сваё імя спадар Жамчужны адмовіўся, але на працу ва ўнівэрсытэт, дзе яго абвінавацілі, прынцыпова не вярнуўся.
Пасьля адбыцьця тэрміну ён і вырашыў далучыцца да праваабаронцаў з «Плятформ інавэйшн». Да яго зьвярталіся людзі, зь якімі ён раней быў за кратамі. Яны паведамлялі яму пра тыя ці іншыя праблемы ў месцах пазбаўленьня волі. Паколькі ў Віцебску ён ня меў блізкіх сваякоў, пра ягонае апошняе затрыманьне і арышт стала вядома не адразу.
У лютым гэтага году, ужо знаходзячыся пад вартай, Міхаіл Жамчужны напісаў адкрыты ліст Лукашэнку, адрасаваўшы допіс на 10 аркушах у «Народную волю». Ён паведаміў пра гэта ў лісьце да Тацьцяны Севярынец, віцебскай каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні БХД. А ў лісьце да грамадзкай актывісткі Ганны Шапуцькі ён напісаў: «Матэрыялы справы — спрэс фальсыфікацыя і супярэчнасьці. Паспрабую ў часе суду гэтым скарыстацца».