Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская мара і «Ўсходняе партнэрства»


Аўтару гэтых радкоў давялося быць на першым, устаноўчым саміце «Ўсходняга партнэрства», які адбыўся ў 2009 годзе ў Празе. Мне асабіста ён запомніўся адказам тагачаснага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі на маё пытаньне, ці не шкадуе ён, што на саміце не прысутнічае Аляксандар Лукашэнка. «Калі сказаць шчыра, дык шкадую,»- адказаў украінскі прэзыдэнт. І патлумачыў: «Я перакананы, што Беларусь павінна ўдзельнічаць у эўрапейскіх працэсах. Месца і роля Беларусі — вельмі важная. Я спадзяюся, што супраца Эўразьвязу зь Беларусьсю будзе актывізаваная».

Варта сказаць, што спадзяваньні Віктара Юшчанкі наконт ролі Беларусі ў эўрапейскіх працэсах спраўдзіліся толькі часткова. Беларусь і сапраўды ў іх удзельнічае — дастаткова прыгадаць «добрыя паслугі» афіцыйнага Менску ў наладжваньні дыялёгу паміж Масквой і Кіевам з нагоды канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Але што да прыняцьця Беларусьсю эўрапейскіх стандартаў і каштоўнасьцяў, то з гэтым сытуацыя прыкладна такая ж, як і 6 гадоў таму, падчас устаноўчага саміту «Партнэрства».

І справа, варта сказаць, не адно ў Беларусі, хаця і пераважна ў ёй. Ужо тады, у дні таго саміту, выглядала дзіўнаватым, чаму Эўразьвяз запрасіў у праграму Партнэрства такія розныя краіны, аб’яднаныя хіба агульнай савецкай гісторыяй і знаходжаньнем у геаграфічнай Эўропе. Хіба для некага ў Эўразьвязе тады было сакрэтам, што ў сэнсе палітычных і грамадзянскіх свабодаў паміж, скажам, Беларусьсю і Ўкраінай ці Азэрбайджанам і Грузіяй ляжыць прорва? Наўрад ці.

Паглядзеў, дарэчы, справаздачу Freedom House аб стане свабоды ў сьвеце за 2008 год, якая папярэднічала праскаму саміту Партнэрства. Армэнія, Грузія, Малдова, Украіна — часткова свабодныя, Азэрбайджан і Беларусь — несвабодныя, у кампаніі з Туркмэністанам і Паўночнай Карэяй. Дарэчы, у справаздачы таго ж Freedom House за мінулы год — тое самае.

Між іншым, той рэйтынг, пры ўсёй яго ўмоўнасьці, стаў амаль дакладным прагнозам таго, як краіны, запрошаныя ў Партнэрства, скарыстаюцца гэтай ініцыятывай. За выняткам Армэніі, краіны, часткова свабодныя ў 2008 годзе паводле Freedom House, падпісалі з Эўразьвязам дамовы аб асацыяцыі і зоне вольнага гандлю, несвабодныя тады Азэрбайджан і Беларусь засталіся несвабоднымі і далёкімі як ад стандартаў, гэтак і ад інстытутаў Эўразьвязу. Вынік мог быць і іншым, але не прынцыпова іншым. Чаму ж тады ў Партнэрства запрасілі шэсьць, а не чатыры ці нават ня тры краіны, чаму запрасілі ня толькі тых, хто сапраўды яшчэ тады рабіў эўрапейскі выбар, хто і тады быў гатовы ахвяраваць многім дзеля гэтага выбару?

Чаму ў Партнэрства запрасілі шэсьць, а не чатыры ці нават ня тры краіны, чаму запрасілі ня толькі тых, хто сапраўды рабіў эўрапейскі выбар, хто быў гатовы ахвяраваць многім дзеля гэтага выбару?

Часткова адказ сапраўды палягаў у сфэры геаграфіі, а дакладней — геапалітыкі. Варта прыгадаць, што ідэя Партнэрства ўзьнікла неўзабаве пасьля расейскага ўварваньня ў Грузію ў 2008 годзе, калі Масква прадэманстравала, што яе намер утрымліваць постсавецкія краіны ў сваёй арбіце можа мець ня толькі эканамічнае, палітычнае, культурнае, але і грубае ваеннае, сілавое вымярэньне. У адказ і нарадзіўся гібрыдны плян, які меў дзьве мэты — з аднаго боку, падтрымаць імкненьне эўрапейскіх суседзяў Расеі да большай незалежнасьці ад яе праз засваеньне імі эўрапейскіх стандартаў і пэўнае інстытуцыйнае збліжэньне з Эўразьвязам, а з другога боку — правесьці мяжу ступені гэтага збліжэньня, каб не злаваць Расею.

І ў гэтым сэнсе прысутнасьць у Партнэрстве Азэрбайджану і Беларусі служыла пэўным «якарам», дэманстрацыяй таго, што Партнэрства — ня шлях да паўнацэннага сяброўства ў Эўразьвязе, а замена яго.

Дарэчы, яшчэ тады прадстаўнікі Грузіі, Малдовы і Ўкраіны гэта выдатна зразумелі і не хавалі свайго расчараваньня і раздражненьня. «Шынэль» ад пачатку задумваўся як занадта прасторны для Менску і Баку, але занадта цесны для астатніх краін-партнэраў. Лукашэнку і Аліеву ня трэба было тады і ня трэба цяпер столькі.

Прысутнасьць у Партнэрстве Азэрбайджану і Беларусі служыла пэўным «якарам», дэманстрацыяй таго, што Партнэрства — ня шлях да паўнацэннага сяброўства ў Эўразьвязе, а замена яго

Грузіі, Малдове і Ўкраіне было катэгарычна мала таго, што прапаноўвала ім «Усходняе партнэрства». Яны-та хацелі ясную, хай і працяглую пэрспэктыву эўрапейскага шляху ня толькі ў сэнсе засваеньня, прыняцьця эўрапейскіх нормаў і стандартаў. У рэшце рэшт гэтых стандартаў датрымліваюцца, скажам, Канада і Японія, ЗША і Аўстралія. Але Тбілісі, Кішынёў і Кіеў хацелі пэрспэктывы інстытуцыйнай эўрапеізацыі, пэрспэктывы ўступленьня ў ЭЗ. І менавіта ў гэтым ім было адмоўлена. І тады і цяпер.

Вельмі жорстка напярэдадні сёлетняга саміту Партнэрства пра гэта сказаў прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Дональд Туск у інтэрвію нашаму радыё: «Вядома ж яны — я маю на ўвазе Грузію, Малдову і Ўкраіну — маюць права на мару, эўрапейскую мару. І я лічу гэта нашым абавязкам і адчуваю гэта сваім асабістым абавязкам — даць не пусты абяцанак, што гэта магчыма заўтра ці пасьлязаўтра, але сказаць, што шлях у Эўропу — магчыма, гэта ня значыць сяброўства ў Эўразьвязе ў прадказальнай будучыні — шлях да эўрапейскіх стандартаў, да нашай культурнай і палітычнай супольнасьці можа быць нефармальным у наступныя гады, але з гэтай надзеяй і з нашай дапамогай. Але, вядома ж, у іх ёсьць гэтае права».

Права на эўрапейскую мару ў названых краінаў ёсьць, але Зьвяз не абяцае ім зьдзяйсьненьня гэтай мары нават у агляднай будучыні.

Права на эўрапейскую мару ў краінаў Партнэрства ёсьць, але Зьвяз не абяцае ім зьдзяйсьненьня гэтай мары нават у агляднай будучыні

Такі падыход вельмі кантрастуе з падыходам да іншага рэгіёну — да Бальканаў. Ужо пасьля ўтварэньня «Ўсходняга партнэрства» паўнацэннымі кандыдатамі ў чальцы Эўразьвязу сталі адпаведна ў 2010-м, 2012-м і 2014-м гадах Чарнагорыя, Сэрбія і Альбанія, дзьве з гэтых краінаў — Чарнагорыя і Сэрбія — ужо пачалі прадметныя перамовы наконт уступленьня ў Зьвяз. Сёлета дзіўны прамежкавы статус патэнцыйнага кандыдата ў чальцы Эўразьвязу набыла Босьнія.
Гэтыя краіны ня хваляць за эўрапейскую мару, ім не тлумачаць, што шлях у Эўропу — гэта ня тое, што шлях у Эўразьвяз, іх не зьбіраюць пад агульны «парасон» нейкага «Паўднёва-Усходняга партнэрства». Ім, кожнай асобна, даюць статус кандыдатаў менавіта ў ЭЗ, і з кожнай асобна вядуць канкрэтныя перамовы аб ўступленьні. Перамовы, магчыма, і нават напэўна, працяглыя, але перамовы менавіта пра сяброўства. Чаму?

Фармальнае тлумачэньне палягае, відаць, у тым, што 80 гадоў саветызму адбіліся на краінах былога СССР куды мацней, чым 40 гадоў значна больш «вэгетарыянскага» югаслаўскага камунізму. У постсавецкіх краінах самая «тканіна» сацыяльна-палітычнага жыцьця іншая, і тое, што дасягальна для рэспублік былой Югаславіі, недасягальна ў агляднай пэрспэктыве нават для «выдатнікаў» эўраінтэграцыі на постсавецкай прасторы.

Ня выключана, што і саміт, і самая праграма «Ўсходняга партнэрства» — у значнай ступені прарасейская, распрацаваная з улікам інтарэсаў Расеі

Тлумачэньне не пазбаўленае рацыі, але чамусьці ўяўляецца спрэчным, што, скажам, Малдова так ужо саступае ў сэнсе падрыхтаванасьці да сяброўства ў ЭЗ, скажам, Босьніі. Аднак для Босьніі вынаходзяць прамежкавы, але ўсё ж кандыдацкі статус, а для Малдовы — не.

Можна меркаваць, што пэўную ролю адыгрываюць гістарычна-культурныя чыньнікі: для Эўразьвязу Бальканы — гэта Эўропа, якая і была заўсёды Эўропай, а, напрыклад, з Украінай ці Грузіяй такога адчуваньня няма.

Нарэшце, можна прапанаваць і больш практычнае тлумачэньне. Напярэдадні рыскага саміту Партнэрства МЗС Расеі пасьпяшаўся назваць яго «антырасейскім». Але ня выключана, што і саміт, і самая праграма «Ўсходняга партнэрства» — у значнай ступені прарасейская, распрацаваная з улікам інтарэсаў Расеі. Яна ня тое, што прызнае права Расеі на эксклюзіўную «зону ўплыву», але ставіць бар’ер з боку Эўразьвязу на шляху праэўрапейскіх памкненьняў яе суседзяў.

Гэта не азначае, што так будзе заўжды, у рэшце рэшт ніхто ня ведае, якой будзе Расея гадоў праз 10-20. Але пакуль Расея такая, якая ёсьць, постсавецкім краінам прапануецца ня хай сабе ўмоўнае кандыдацтва, а безумоўнае «Ўсходняе партнэрства».

Гэта кепска для Грузіі, Малдовы і Ўкраіны, але гэта, магчыма, ня так і кепска для пэрспэктываў Беларусі. Давайце ўявім сабе больш ясную і пасьлядоўную альтэрнатыву — ў 2009 годзе Партнэрства ствараецца з Грузіі, Малдовы, Украіны і, магчыма, Армэніі. Беларусь (і Азэрбайджан) туды не запрашаюць, як не запрашаюць Узбэкістан, Туркмэністан і Казахстан. Ну, дык на ўзровень гэтых краінаў Беларусь і стаўленьне да яе і зьвялося б, гэтак яна і трактавалася б — як такі эўрапейскі Ўзбэкістан.

Некаторыя беларускія апазыцыйныя палітыкі мяркуюць, што ня варта было ўзнагароджваць Лукашэнку запрашэньнем у Партнэрства. Але яго ім узнагародзілі ці Беларусь?

Некаторыя беларускія апазыцыйныя палітыкі мяркуюць, што так і трэба было рабіць, што ня варта было ўзнагароджваць Лукашэнку запрашэньнем у Партнэрства. Але яго ім узнагародзілі ці Беларусь? Запрасілі — значыць прызналі ўсё ж прыналежнай да эўрапейскай цывілізацыі. Лепш было б, калі б з-за Лукашэнкі прызналі прыналежнай да іншай?

А так — ёсьць і магчымасьці, і, што ня менш важна — агульная рамка трактаваньня Эўразьвязам Менску як, так бы мовіць, кепскага Кішынёва, а ня добрага Ташкенту.

У практычным пляне гэта можа і няшмат што азначае. Але рамка задае даволі шырокае поле збліжэньня па шэрагу можа і непрынцыповых, але важных пытаньняў, як тое ж візавае. Як краіне Партнэрства, Беларусі Эўропа ўвесь час прапаноўвае і будзе прапаноўваць нейкія праекты, хаця б перайманьня досьведу і тых самых стандартаў, і неабавязкова ў палітычнай сфэры. Пераважную частку прапановаў адкінуць, нешта прымуць.

Ня надта натхняе? У параўнаньні з кім і з чым? З гіпатэтычным варыянтам зрынаньня Лукашэнкі і хуткага ўступленьня дэмакратычнай Беларусі ў Эўразьвяз? Ну, напэўна так, але ці ня надта гіпатэтычны такі варыянт?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG