Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія войскі ўзялі ў палон спэцназаўцаў ГРУ


Украінскія салдаты патрулююць дарогу паміж Луганскам і Славянскам, недалёка ад Славянску, 2014 год
Украінскія салдаты патрулююць дарогу паміж Луганскам і Славянскам, недалёка ад Славянску, 2014 год

У Кіеве заяўляюць аб затрыманьні кадравых вайскоўцаў ГРУ Расеі, сэпаратысты ж называюць іх сваімі міліцыянтамі.

Украінскія ўлады паведамілі пра затрыманьне ў Луганскай вобласьці на кантраляванай імі тэрыторыі двух вайскоўцаў Галоўнага выведвальнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Міністэрства абароны Расеі. У Маскве гэтую інфармацыю пакуль ніяк не камэнтуюць, а прадстаўнікі самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі», якія прызналі сам факт існаваньня такіх людзей і іх палону, называюць затрыманых мясцовымі народнымі міліцыянтамі.

У нядзелю сьпікер адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны па пытаньнях Антытэрарыстычнай апэрацыі Андрэй Лысенка пацьвердзіў інфармацыю аб затрыманьні ўкраінскімі войскамі ў Луганскай вобласьці ў раёне населенага пункта Шчасьце двух вайскоўцаў-спэцназаўцаў з Расеі. Дэталі ж апэрацыі расказаў прадстаўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Уладзіслаў Селязьнёў.

Як паведамілі ў Кіеве, гэта адбылося 16 траўня падчас бою з расейскай выведвальна-дывэрсійнай групай, якая пракралася на кантраляваную ўкраінскімі войскамі тэрыторыю. У выніку ў палон, як сьцьвярджаецца, трапілі афіцэр і сяржант тальяцінскага спэцназу ГРУ, абодва яны былі параненыя. Паведамленьні аб тым, што спэцназ з Тальяці быў перакінуты ў Луганскую вобласьць, ва ўкраінскай прэсе зьявіліся яшчэ ў сакавіку 2015 году, аднак пацьверджаньняў гэтаму не было.

Упершыню аб затрыманьні пад Шчасьцем расейскіх вайскоўцаў паведаміў яшчэ 16 траўня на сваёй старонцы ў Facebook валянтэр украінскага інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурсу InformNapalm Раман Бурко.

На наступны дзень пра палоненых расейскіх спэцназаўцаў распавёў украінскі лекар з зоны АТА Рыгор Максімец. На сваёй старонцы ў Facebook ён, у прыватнасьці, напісаў:

«Спэцназ РФ атакаваў з акупаванага Луганска ўкраінскі горад Шчасьце. Са слоў двух параненых палонных расейцаў з Самары (в/ч спэцназа з г. Тальяці, раскватараваных у Луганску), дастаўленых у мэдслужбу батальёна „Айдар“ і 59-га шпіталя — іх увяло ў зман камандаваньне, паведаміўшы, што батальён „Айдар“ выведзены са Шчасьця, пакінуў ТЭС, і яны хацелі паглядзець — ці так гэта». Далей Рыгор Максімец распавёў пра некаторыя дэталі аказаньня параненым мэдычнай дапамогі і апублікаваў іх фатаграфіі.

Рыгор Максімец таксама назваў імя і прозьвішча расейскага сяржанта — паводле ягоных слоў, гэта Аляксандар Аляксандраў. Пазьней у сетках зьявіўся відэазапіс, якая суправаджаўся наступным камэнтаром:

«Допыт палоннага дывэрсанта — сяржанта 3 гв. ОБрСпН ГРУ ГШ МА РФ выведнікамі ОРР 92 амбр ВСУ ў г. Шчасьце Луганскай вобласьці, Украіна. 2015/05/16 байцамі 5 роты 1 бтг ў раёне разьмяшчэньня „фасада“ — мост праз р. Северскі Данец н.п. Шчасьце — затрыманыя двое вайскоўцаў РФ сяржант Аляксандраў Аляксандр Анатольевіч і капітан Ерафееў Яўген Уладзіміравіч. Непасрэдна перад гэтым яны забілі нашага Вадзіка Пугачова — шасьцю кулямі. У выніку агню ў адказ параненыя і захопленыя ў палон».

Расейскае міністэрства абароны пакуль ніяк не камэнтуе паведамленьні аб затрыманьні ў Луганскай вобласьці кадравых спэцназаўцаў ГРУ. Прадстаўнікі ж так званай «Луганскай народнай рэспублікі» прызналі факт палону Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева, аднак назвалі іх народнымі міліцыянтамі «ЛНР».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG