Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Пятро Парашэнка таксама будуецца ў «Царскім сяле»


У выніку сямігадовай бізнэс-камбінацыі Парашэнка набыў участак ў ахоўнай зоне Кіева і выкарыстаў свой уплыў, каб замяць справу пра будаўнічыя парушэньні.

Да такой высновы прыйшлі аўтары расьсьледаваньня ўкраінскай службы Радыё Свабода.

У двух рэпартажах, якія выйшлі ў эфір у тэлепраграме «Схемы» ўкраінскай рэдакцыі, гаварылася пра тое, як Парашэнка набыў зямельны надзел плошчай больш за гектар ў Пячэрскім раёне Кіева. Калі ў выніку будаўніцтва быў пашкоджаны аб’ект XVIII стагодзьдзя, судовае расьсьледаваньне скончылася нічым.

Парашэнку так і не ўдалося паменшыць уплыў алігархаў на ўкраінскую палітыку

Гэтыя зьвесткі сталі здабыткам галоснасьці ў момант, калі на адрас Пятра Парашэнкі раздаецца ўсё больш гучная крытыка. Прэзыдэнта абвінавачваюць, з аднаго боку, у тым, што ён застаецца ўладальнікам буйной кандытарскай бізнэс-імпэрыі, а з другога — у тым, што яму так і не ўдалося паменшыць уплыў прадпрымальнікаў-алігархаў на ўкраінскую палітыку. Адзін з такіх алігархаў, Дзмітры Фірташ, які паўстаў нядаўна перад аўстрыйскім судом, заявіў на мінулым тыдні, што гэта ён быў «рэжысэрам» узьлёту Парашэнкі на вяршыню ўлады.

Прыхільнікі Парашэнкі, аднаго з самых багатых людзей Украіны (яго маёмасьць ацэньваецца на 750 млн даляраў), называюць яго «прэзыдэнтам дэалігархізацыі». Аднак ён так і ня выканаў перадвыбарчага абяцаньня прадаць свае актывы. Гэтаксама і новыя факты пра яго маёмасьць выклікаюць усё больш пытаньняў наконт таго, ці сапраўды Парашэнка імкнецца аддзяліць украінскую палітыку ад буйнога бізнэсу.

Добры адрас побач з лаўрай

Вуліца Радыяльная — зусім невялікая, яна знаходзіцца ў адным з самых прыгожых месцаў Кіева. Гэта прыемны зялёны квартал, вядомы як «Царскае сяло». Тэрытарыяльна ён належыць Пячэрскаму раёну, разьмешчанаму на заходнім беразе Дняпра. Тут знаходзяцца знакамітыя гістарычныя аб’екты — сабор сьв. Сафіі і Кіева-Пячэрская лаўра, занесеныя ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА. У ахоўную зону ўваходзіць і навакольле славутых аб’ектаў, буфэрная зона вызначаная на плошчы 220 гектараў.

У Царскім сяле на адрасе Радыяльная, 5, разьмешчаны два землеўладаньні. Адзін з гэтых участкаў, незабудаваны і завалены сьмецьцем, належыць Пятру Парашэнку. Уладальнік другога ўчастку — Ігар Кананенка, адзін з найбліжэйшых сяброў і дзелавых партнэраў украінскага прэзыдэнта. На гэтым участку ўжо узьведзены дом з тэнісным кортам.

Ігар Кананенка на сёньня — дэпутат Вярхоўнай Рады ад Блёку Пятра Парашэнкі. Яго часта называюць «шэрым кардыналам» прапрэзыдэнцкай фракцыі ва ўкраінскім парлямэнце. У 2009 годзе, аднак, Кананенка ўваходзіў у адміністрацыю Кіева, быў саюзьнікам тагачаснага мэра Леаніда Чарнавецкага. Менавіта пры ім гарадзкая рада ўхваліла перадачу зямельных участкаў на адрасе Радыяльная, 5, кампаніі, суўладальнікам якой быў Кананенка. Перадачу бясплатную.

Доўгатэрміновы плян?

Як магло здарыцца, што зямля, якая належала дзяржаве, знаходзіцца на ахоўнай тэрыторыі і якая каштуе на рынку больш за 25 млн даляраў, была бясплатна перададзена малавядомай фірме кіеўскага дэпутата?

Дакумэнты кажуць пра тое, што Кананенка паклаў вока на «Царскае сяло» яшчэ ў 2003 годзе. Менавіта тады ён заснаваў фірму «Зяленбудсэрвіс-К», якая ўзяла пад кантроль ляндшафтныя паслугі і добраўпарадкаваньне тэрыторыі ў Пячэрскім раёне. Служба, якая займалася гэтымі працамі, мела ў сваім распараджэньні некалькі цяпліц і складоў, якія знаходзіліся — што было зручна — зусім недалёка ад кляштарнага комплексу, а менавіта на адрасе Радыяльная, 5. Аднак на працягу пяці гадоў фірма перасяліла склады і цяпліцы ў іншае месца, далей ад Лаўры, у адзін з прамысловых раёнаў Кіева.

Фотаздымкі з Google Earth, якія адносяцца да 2008 году, пацьвярджаюць месцазнаходжаньне цяпліц і складоў на адрасе Радыяльная, 5. Потым гэтыя аб’екты зьнікаюць, саступаючы месца дому Кананенкі і пакуль яшчэ пустому ўчастку Парашэнкі.

Простая камбінацыя

У інтэрвію праграме «Схемы» Кананенка адкрыта прызнае сваю ролю ва ўсёй камбінацыі: «Я сапраўды займаўся гэтым пытаньнем ад 2004 году», — кажа ён, дадаючы, што знайшоў новае месца для разьмяшчэння службы па добраўпарадкаваньні тэрыторыі не па сваёй ініцыятыве, а па распараджэньні Аляксандра Амельчанкі — папярэдніка Леаніда Чарнавецкага на пасадзе мэра Кіева.

Ігар Кананенка
Ігар Кананенка

Але пакуль участкі на Радыяльнай вызваляліся, фірма «Зяленбудсэрвіс-К» паступова зьмяніла свой статус. Яна перастала быць прыватнай, а перарэгістравалася ў якасьці будаўнічага каапэратыву. У выніку, згодна з украінскім Зямельным кодэксам, «Зяленбудсэрвіс-К» атрымаў ва ўласнасьць участкі на Радыяльнай, 5, бясплатна, што і было ўхвалена большасьцю галасоў дэпутатаў Кіеўскай рады ў красавіку 2009 году.

Грамадзянскі актывіст Аляксандар Дзядзюк кажа, што пік такога роду зьдзелак па перадачы нерухомасьці быў якраз пры Чарнавецкім. Ён больш вядомы пад мянушкай Лёня Космас — эксцэнтрычны мільянэр, які неяк заявіў, што мае намер зьлётаць у космас са сваім катом. «Менавіта такім спосабам — праз фальшывыя каапэратывы — знайшлі новых уладальнікаў буйныя і вельмі каштоўныя зямельныя ўчасткі, — адзначае Дзядзюк. — Набыцьцё зямлі на Радыяльнай, 5, можна лічыць найбуйнейшай зьдзелкай такога роду ў Кіеве».

Гэтую зьдзелку суправаджалі шматлікія парушэньні. Ніхто з 12 сяброў каапэратыву «Зяленбудсэрвіс-К» не знаходзіўся ў чарзе на атрыманьне жытла, а гэта неабходная ўмова пры бясплатным выдзяленьні зямлі. З гэтых 12 чалавек як найменей шасьцёра вядомыя сваімі цеснымі сувязямі зь Пятром Парашэнкам і Ігарам Кананенкам. У іх ліку — сястра Кананенкі і палітычны дарадца Парашэнкі.

Але самае сур’ёзнае падазрэньне, што Парашэнка мог выкарыстаць свой уплыў для закрыцьця справы аб выкарыстаньні ім зямлі на Радыяльнай.

«Няма чаго капаць»

У 2012 годзе супрацоўнікі Кіева-Пячэрскай гісторыка-архітэктурнай рэзэрвацыі былі занепакоеныя распачатым на Радыяльнай будаўніцтвам з выкарыстаньнем экскаватараў. Дырэктар рэзэрвацыі Любамір Міхайліна накіраваў у Міністэрства культуры Ўкраіны ліст, выказваючы заклапочанасьць тым, што капаюць ня проста на тэрыторыі, якая ахоўваецца ЮНЭСКА, але за некалькі мэтраў ад крэпасьці пачатку XVIII стагодзьдзя.

Будаўніцтва на гэтай ахоўнай тэрыторыі не забаронена, але павінна строга рэгулявацца. Пачаць працу можна толькі атрымаўшы два дазволы: ад дэпартамэнту культурнай спадчыны Мінкульту Ўкраіны і ад экспэртаў-археолягаў Нацыянальнай акадэміі навук. Спэцыялісты накіравалі ліст непасрэдна Парашэнку (тады яшчэ не прэзыдэнту), паінфармаваўшы яго пра пагрозу, якую ўяўляе сабой будаўніцтва для старой крэпасьці. Работы былі спыненыя толькі ў пачатку 2013 году. Але да таго часу адзін зь люнэтаў крэпасьці быў пашкоджаны.

На момант пачатку будаўнічых работ у Парашэнкі не было дазволу ні ад Мінкульту, ні з Акадэміі навук. (Апошняе ён нарэшце атрымаў, але толькі ў сьнежні 2012 году). Пракуратура Пячэрскага раёну распачала крымінальную справу ў сувязі шкодай, нанесенай крэпасьці, — у адпаведнасьці з законам аб ахове помнікаў гісторыі і архітэктуры. Аднак 6 лістапада 2014 году — празь пяць месяцаў пасьля прэзыдэнцкай інаўгурацыі Пятра Парашэнкі — справа была закрытая. Алёна Яхно, прэс-сакратар Кіеўскай пракуратуры, заявіла, што ніякіх парушэньняў закону знойдзена не было. Менш чым праз тры тыдні, 24 лістапада, Парашэнка падаў новую заяву аб аднаўленьні будаўніцтва. (Пакуль, праўда, ніякіх новых работ на ўчастку не вядзецца.)

Ні сам Парашэнка, ні яго прэс-сакратар Святаслаў Цаголка не пагадзіліся асабіста растлумачыць сытуацыю праграме «Схемы». Аляксандр Луцкі, былы віцэ-мэр Кіева (пры Чарнавецкім), упаўнаважаны даць інфармацыю ад імя прэзыдэнта, перадаў Радыё Свабода копію пададзенай Парашэнкам заявы аб будаўніцтве, але пры тым сказаў журналістам: «Вы капаеце там, дзе няма чаго капаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG