Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пошуках трэцяй паловы


Выйшла дэбютная кніжачка Машы Лапо: чатыры навэлкі і адзін верш. Зрэшты, анатацыя паведамляе, што вы трымаеце ў руках «некалькі тэкстаў, якія хацелі быць вершамі, але не ўтрымаліся і сталі апавяданьнямі».

48 старонак на ўсё пра ўсё. Як жа надакучылі добрыя кнігі на чатыры станцыі электрычкі! Сумна. Хочацца большага. Томас Ман, убачыўшы такога памеру аповеды і такія празаічныя кнігі, напэўна, разрагатаўся б. І гэта ўжо становіцца пакрысе агульным месцам у новай беларускай літаратуры — пісаць коратка, але рэч ня ў тым, каб конча выпусьціць кнігу, ня маючы для яе дастаткова матэрыялу. Папросту новае пакаленьне вельмі самакрытычнае й нізавошта не аддасьць у друк сярэдненькі твор (цыкл вершаў, зборнік прозы). Яму ўжо ня сьвеціць ад публікацыі ні ганарар у суме гадавога прыбытку, ні кватэра, ні лецішча на Лысай гары, ні агітпералёт Уладзівасток-Ашхабад з трыццацьцю выступамі, ні згадка ў штогадовым дакладзе першага сакратара ЦК КПБ. Таму можна плюнуць на ўсё, ня бегаць па рэдакцыях, не шукаць пратэкцыяў — наагул нікуды не сьпяшацца і, маючы досыць часу на разважаньні, пабачыць тое, чаго бракуе прозе.

Лапо піша пра Беларусь па-руску, але ўніяты на гэты раз могуць спаць спакойна — бэатыфікацыя Вільгельма Кубэ ў кнізе «Сплошная среда» не адбываецца. Кніга Лапо вельмі нэрвовая й сучасная, напісаная ў рытме вялікага гораду і, можа, праз гэта ейныя аповеды сапраўды сям-там нагадваюць вершы ў прозе:

«Яна ідзе на кухню ставіць чайнік — ён раптоўна падрываецца і імчыць у ванную.
Яна ідзе ў ванную — ён імчыць у пакой.
Ён заходзіць у пакой — яна ідзе на кухню ставіць чайнік.
Мне здаецца, калі яны выпадкова судакрануцца рукавамі, яе тут жа званітуе.
Калі яна незнарок яго зачэпіць — ён яе ўдарыць.
Ён грыміць чайнікам,
Яна ссыпае ў шафе вешалкі,
Ён швыркае на палогу боты,
Яна адрывае распаленым прасам кавалкі кашулі» («Вайна»).

Нават графічна Лапо зрэдку ломіць адну фразу на два, тры, чатыры абзацы, і ты ўжо перастаеш часам разумець — верш чытаеш ці прозу.

Усе чатыры апавяданьні заснаваныя на двухполюснасьці, антыподавасьці. У тэксьце «Дарагія радыёслухачы», які адкрывае кніжку, сьвет падзелены на людзей, якія ходзяць, нацягнуўшы на галаву мех ад бульбы, і на «бязьмехавых» людзей. Мех засьцерагае людзей ад лішніх рухаў, думак, учынкаў і іншага кшталту безразважнасьці, а дакладней — ад поўнай унутранай свабоды. Аўтарка параўноўвае яе з адчуваньнем сэрцабіцьця, калі ты падаеш 11 верасьня 2001 году разам з 86-га паверха нью-ёркскага хмарачосу, а потым імгненна ўзносісься ў вышыню. Апавяданьне «Вайна» апісвае грамадзянскую вайну на тэрыторыі менскага мікрараёну Чыжоўка-6 — а менавіта ў адной звычайнай кватэры: паміж «левай радыкальнай партыяй Бацькі» і «правай умеранай партыяй Маці». Тэкст «Космас» — пра несупадзеньне сусьветаў дзьвюх сёстраў: мэтафізычнай Дашы і кансьюмэрысткі Олі, а вось у аповедзе «Капітан» антыпод толькі заяўлены, можа, нават прымроены, але нават і такі ён сур’ёзна перашкаджае хлопцу заваяваць дзяўчыну — менавіта таму, што хлопец народжаны не для вайны і капітанам быць не зьбіраецца. Нарэшце, верш «Сэкта», які, бадай што, таксама не ўтрымаўся і вельмі хоча стаць апавяданьнем, ставіць «лірычную гераіню» ў сытуацыю пратэсту супраць спажывецкага грамадзтва, вайны зь якім яна не вытрымлівае, бо пратэст сам сябе ўзнаўляе і пачынае гуляць па спажывецкіх правілах.

«Сплошная среда» — кніга больш пра асяродзьдзе, хоць вікіпэдыя й трактуе гэты фізычны тэрмін як «мэханічную сыстэму, якая валодае бясконцым лікам унутраных ступеняў свабоды». Адначасна праз асяродзьдзе спрабуе вылузнуцца вонкі, у іншы сьвет, каханьне. І ў яго, нават калі антыподы выкрасаюць электрычныя іскры, зьяўляецца плод: дачка дваіх палешукоў зь мяхамі на галовах ці сын з Чыжоўкі — яны спрабуюць знайсьці сябе, пакуль мужчыны й жанчыны змагаюцца з дабром і ліхам. Малодшая сястра багоміць старэйшую, марна спрабуючы выкленчыць у космасу ейную ўзаемнасьць. І Космас тут трэці — як плод каханьня ці любові. А можа, ён, Космас, той Капітан, ад якога чакаюць рашучых дзеяньняў. Так ці інакш, любоўная стандартная тэма вырашана ў аповедах Лапо нешараговым ходам падстаноўкі «Трэцяга» (але не каханкі (каханка), а Іншага, які не супадае з двума ўдзельнікамі дыялёгу).

Навэлістычная проза Лапо вельмі злосная, эмацыянальная, рытмічная, хвосткая — безь ніякіх рамантызмаў і клясыцызмаў. І аднак жа вывераная ў кожным радку, няхай нават ён і ня стаў паэтычным.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG