Прынамсі тры ўдзельнікі клюбу «Начныя ваўкі», які польскія ўлады не ўпускалі на тэрыторыю Польшчы, зьявіліся каля мэмарыялу Аўшвіц.
Яны далучыліся да польскіх байкераў з клюбу «Катынскі шлях», якія падтрымліваюць мотапрабег «Начных ваўкоў» па Эўропе — пра гэта паведамляе Gazeta Wyborcza.
Трое «Начных ваўкоў» трапілі ў Польшчу не на сваіх матацыклах. Адзін зь іх прыляцеў з Масквы ў Прагу самалётам і даехаў у Польшчу на пазычаным матацыкле. Двое другіх прыехалі на аўтамабілі.
28 красавіка ў ЖЖ «Начных ваўкоў» зьявіўся відэазварот Залдастанава, у якім ён абвяшчае старт удзельнікаў мотапрабегу зь Белавескай пушчы.
27 красавіка групе «Начных ваўкоў» забаранілі ўезд у Польшчу на памежным пераходзе «Тэрэспаль».
28 красавіка ў Берасьце прыбыў лідэр клюбу Аляксандар «Хірург» Залдастанаў, які на прэсавай канфэрэнцыі ў расейскім консульстве заявіў, што мотапрабег па Эўропе будзе працягнуты, аднак адмовіўся паведаміць, якім чынам удзельнікі трапяць за мяжу.
28 красавіка стала вядома, што памежныя службы Літвы не прапусьцілі церазь мяжу ЭЗ чатырох байкераў — грамадзянаў Расеі і Беларусі. За папярэднія два дні Літва не прапусьціла яшчэ 8 расейскіх байкераў.
Байкерскі клюб «Начныя ваўкі», які вядомы фанатычнай прыхільнасьцю да расейскага прэзыдэнта, плянаваў даехаць да Бэрліна, каб там адсьвяткаваць 70-годзьдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.