Адкрыцьцё адбудзецца ў сераду, паведаміў Свабодзе намесьнік дырэктара музэя гісторыі Менска Пётар Ходзька:
«Лошыцкая сядзіба — гэта палацавы комплекс, які складаецца з самога сядзібнага дому, флігеля для прыслугі, дамку ахоўніка, вінакурнага заводу і млына. На сёньня сядзіба мае выгляд, які яна мела падчас апошняй перабудовы ў ХІХ стагодзьдзі, а дакладней — у 1897 годзе. Унутранае аздабленьне, мэбля і іншыя экспанаты музэю таксама адносяцца да гэтага пэрыяду. Навабуду ў інтэр’ерах палацавых будынкаў няма. Нават канторка для аховы музэю мае выгляд адпаведны таму гістарычнаму пэрыяду. Асноўная экспазыцыя разьмешчаная ў палацы і прысьвечаная ладу жыцьця гарадзкой знаці, якой былі ўладальнікі сядзібы Любанскія. Яшчэ адна экспазыцыя пад назвай „Кола часу“ разьмешчаная ў флігелі і дэманструе гарадзкую і сельскую культуру таго часу. Гэта прадметы побыту, сярод якіх самавары, грамафоны, швейныя машыны і іншыя прадметы».
Як паведаміў Пётар Ходзька, плянуецца, што гасьцёўня Лошыцкага палаца неўзабаве будзе таксама выконваць камэрцыйныя функцыі. Дзеля таго каб музэйны комплекс мог «зарабляць грошы» на сваё ўтрыманьне і разьвіцьцё, тут плянуюць праводзіць творчыя імпрэзы, выставы, фатасэсіі, ладзіць шлюбныя цырымоніі.
Лошыцкі палац разьмешчаны ў адным з найстарэйшых месцаў сучаснага Менску — Лошыцкім парку. Самая раньняя летапісная ўзгадка пра Лошыцкі палацава-паркавы комплекс датуецца 1493 годам. Паводле архіўных дакумэнтаў, сядзібай у розныя гады валодалі князі Талачынскія, Друцкія-Горскія, Прушынскія і Любанскія. Апошні зь Любанскіх, Яўстафі, у 1896 годзе перабудаваў сядзібу, дзе былі капліца, дом аканома, будынак сьпіртзаводу, вадзяны млын, гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку конезавод, быў закладзены ўнікальны парк. У 30-я гады сямейную капліцу-пахавальню Прушынскіх-Любанскіх узарвалі, а ў палацы разьмясьціліся органы НКВД. Пасьля вайны на базе Лошыцкага парку дзейнічаў беларускі філіял Усесаюзнага інстытуту расьлінаводзтва.