Касьцяк калёны (усяго ў Беларусь прыехала 15 расейскіх «Начных ваўкоў») паедуць у Польшчу сёньня днём, пасьля таго, як ускладуць кветкі да помніка загінулых у Берасьцейскай крэпасьці.
«Польскія актывісты, якія сочаць за сытуацыяй, паведамілі пра паасобныя матацыклы з расейскімі нумарамі, якія перасякалі мяжу. Аснова калёны рухаецца згодна з плянам — сёньня ўскладаюць кветкі ў Берасьцейскай крэпасьці і рухаюцца ў бок польскай мяжы. Але, відаць, тыя, хто спалохаўся абнуленьня візаў у складзе арганізаванай калёны „Начных ваўкоў“, перасеклі мяжу паасобку», — паведаміў Мікіта Семяненка.
— Як вы ацэньваеце бесьперашкодны праезд калёны «Начных ваўкоў» па Беларусі? Нягледзячы на заявы пра фізычны супраціў, які беларускія байкеры, футбольныя фанаты і дэмакратычныя актывісты абяцалі аказаць расейцам, калёну ўрачыста сустрэлі на дзяржаўным узроўні.
— Гэта паказала, на чыім баку знаходзіцца ўлада Беларусі, якая зрабіла даволі нечаканы крок, у выніку якога абураныя і незадаволеныя праездам расейцаў беларусы ня мелі аніякай магчымасьці сустрэць кавалькаду каля Кургану Славы. Відавочна, што ўлады адмыслова нагналі людзей, тых жа актывістаў БРСМ, каб была яўная колькасная перавага.
— З кім былі дамоўленасьці наконт супраціву «Начным ваўкам»?
— Туды зьбіраліся 25-30 беларускіх футбольных фанатаў, але ў апошні момант яны мне сказалі: «Выбачай, дзядзька, але там столькі міліцыі, там адміністрацыя прэзыдэнта. Мы нічога зрабіць ня можам. Калі „ваўкі“ едуць разам з уладамі, з ДАІ, то які можа быць супраціў? Нас проста ўсіх пазабіраюць і пасадзяць на суткі. Нам такое не патрэбна». Вядома, трэба адзначыць, што калі я зьвярнуўся да фанатаў, то яны вельмі ахвотна адгукнуліся, паабяцалі дапамогу, але адзначылі, што калі калёна будзе суправаджацца ДАІ і ўладнымі структурамі, то адкрыты фізычны супраціў будзе немагчымы.
— Чаму ўлады пайшлі на такі крок? Усё ж гэта не міністры прыехалі, а клюб байкераў.
— Улады зразумелі, што ёсьць незадавальненьне ў грамадзтве і зрабілі выгляд, што «ваўкі» — іх найлепшыя сябры. Я лічу, што для нашых украінскіх суседзяў стане зразумела: людзей, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях і падтрымліваюць анэксію ўкраінскіх тэрыторый, у Беларусі сустракаюць з хлебам-сольлю. Адразу стала зразумела, на чыім баку Аляксандар Лукашэнка і яго адміністрацыя.
— А што будзе з «Начнымі ваўкамі» ў Эўропе, калі яны ўсё ж бесьперашкодна перасякуць мяжу з Польшчай?
— Яшчэ ня ўсё зразумела з ануляваньнем візаў. Нейкія паасобныя людзі, якія першы раз едуць за мяжу, напэўна, праскочуць. А тыя, хто ўтварае касьцяк калёны і вядомыя як расейскія актывісты, могуць сапраўды атрымаць штампы пра абнуляваньне візаў. Кепска, што пачуўшы заявы ад польскіх і нямецкіх уладаў пра абнуляваньне візаў, эўрапейскія актывісты расслабіліся. Была наіўнасьць з боку міжнародных актывістаў, бо яны паспадзяваліся, што ўсім «Начным ваўкам» не дадуць заехаць у Эўразьвяз.