Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія байкеры ня маюць намеру адмаўляцца ад мотапрабегу па Эўропе


Прадстаўнікі “Начных ваўкоў” на байкерскім фэстывалі ў Менску, 19.04.2015
Прадстаўнікі “Начных ваўкоў” на байкерскім фэстывалі ў Менску, 19.04.2015

Расейскія байкеры з клюбу «Начныя ваўкі» ня будуць адмаўляцца ад правядзеньня мотапрабегу «Дарогі Перамогі», нягледзячы на забарону ўладаў Польшчы і Чэхіі. Пра гэта ў інтэрвію расейскай радыёстанцыі «Коммерсант FM» заявіў лідэр клюбу Аляксандар Залдастанаў (Хірург). http://www. kommersant. ru/fm/

Сам Аляксандар Залдастанаў — ініцыятар руху «Антымайдан» і ўваходзіць у лік грамадзянаў Расейскай Фэдэрацыі, якія трапілі ў сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу.

«Я не хачу камэнтаваць, як мы абыдзем забарону, — заявіў „Коммерсанту FM“ Залдастанаў. — Яны адмаўляюцца даць нам дазвол праяжджаць калёнай, значыць паедзем паасобку».

Пляны расейскіх байкераў праехацца па краінах Эўропы выклікалі нэгатыўную рэакцыю ў Польшчы і Чэхіі. 24 красавіка МЗС Польшчы перадаў у амбасаду Расеі ў Варшаве ноту, у якой адмовіў групе расейскіх байкераў ва ўезьдзе на польскую тэрыторыю. Міністэрства замежных справаў Чэхіі адмовіла Расеі ў аказаньні дапамогі пры праезьдзе байкераў з клюбу «Начныя ваўкі» праз Чэхію.

У Беларусь калёна расейскіх байкераў плянуе прыбыць позна ўвечары 25 красавіка і наведаць Курган Славы. У нядзелю яны зьбіраюцца прыбыць у Хатынь і Брэсцкую крэпасьць. Мяжу Эўразьвязу «Начныя ваўкі» плянуюць перасекчы 27 красавіка.

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік менскага аддзяленьня «Начных ваўкоў» Аляксей Вакульчык, беларускія байкеры сустрэнуць расейцаў на беларуска-расейскай мяжы і будуць суправаджаць іх да мяжы з Эўразьвязам.

Паводле Вакульчыка, удзельнікі мотапрабегу атрымалі вусную згоду ад ДАІ Менску і Менскай вобласьці на перасоўваньне калёны па Беларусі: «Калі нам задалі пытаньне, ці будзем мы заяжджаць у Менск, мы сказалі, што ня будзем, тады нам сказалі, што калі праезду калёны па горадзе не будзе, то ўзгадняць пісьмова нічога ня трэба», — распавёў Вакульчык.

Беларускія грамадзкія актывісты арганізавалі ў сацыяльных сетках кампанію «Не — праезду расейскіх байкераў-тэрарыстаў празь Беларусь!» Арганізатар кампаніі Мікіта Семяненка, распавёў, што шмат патрыятычна настроеных беларусаў гатовыя сустрэць расейскіх байкераў у пэўных месцах, каб «спыніць праезд гэтай бандыцкай групоўкі па тэрыторыі Беларусі і зрабіць усё магчымае, каб яны не адчувалі сябе, як дома».

Увечары 24 красавіка ў цэнтры Менску, каля парку Чалюскінцаў, назіралася вялікая колькасьць матацыклаў з расейскімі нумарамі. У будынку па адрасе праспэкт Незалежнасьці, 84а, месьціцца салён «Harley-Davidson», у якім у пятніцу адбылося мерапрыемства «Адкрыцьцё мотасэзону „Harley-Davidson“ у Менску».

У сярэдзіне красавіка члены расейскага клюбу «Начныя ваўкі» абвясьцілі аб правядзеньні з 25 красавіка да 9 траўня мотапрабегу да 70-годзьдзя перамогі над фашызмам з Масквы ў Бэрлін празь Менск, Берасьце, Уроцлаў, Брно, Браціславу, Вену, Прагу ды іншыя эўрапейскія гарады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG