Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радаўніца ў Чарнобыльскай зоне: «Мы не баімся радыяцыі, бо тут пахаваныя нашы бацькі» ФОТА


На Радаўніцу на могілкі выселенай вёскі Наўхавічы Чачэрскага раёну зьехаліся перасяленцы з Гомеля, Чачэрску, Менску, Віцебску.

Прыйшла сюды і 90-гадовая бабуля Эўфрасіньня Сьцепанцова, апошняя жыхарка гэтай вёскі. Дакладней, яна нават не прыйшла — прывёз яе на аўтамашыне пляменьнік Мікалай. Маленечкая, яшчэ жвавая бабулька з кіёчкам апавядае, што раней жыла ў Наўхавічах зь сёстрамі, але яны ўжо ляжаць тут, у бярозавым гаёчку:

«Вось тут пахаваныя: адна сястра, другая, а пасярэдзіне — сын мой. Мужа ў мяне не было. А сыну было толькі 24, як ён памёр. Нават не памёр, а забілі яго на гулянцы. Малады яшчэ быў. А гэта дзьве сястры: адна памерла ў 90 гадоў, іншая — у 82. На Радаўніцу вось прыехалі, прыбралі, пасядзелі, памянулі. Тут у нас гавораць, калі памрэ чалавек і яго на могілкі вязуць, то нябожчыкі бачаць усіх. Мы іх ня бачым, а яны нас бачаць. А ёсьць такое ці няма, Бог яго ведае».

Падарунак памерлым - велікоднае яйка, чарачка гарэлкі
Падарунак памерлым - велікоднае яйка, чарачка гарэлкі

На твары Эўфрасіньні выразна бачна калецтва — вырваная левая наздрына. Старая кажа, што гадоў зь дзесяць таму яе пакусаў сабака. Старая дажывае адна, а высяляцца ніколі не хацела і ня хоча. Кажа, што безь яе вёска дарэшты сканае. А вёска яшчэ з часоў Рэчы Паспалітай. Ды жыцьцёвая філязофія ў бабулі даволі пераканаўчая:

«Мне прапаноўвалі, а я сказала, што не паеду. Бо куды я ні паеду, я ўсё адно адна. Там людзей багата, а я ўсё адна. Адна! Пакуль змагу адна жыць, буду тут жыць. А як не змагу, няхай тады пляменьнік забірае».

Могілкі выселенай вёскі Наўхавічы Чачэрскага раёну
Могілкі выселенай вёскі Наўхавічы Чачэрскага раёну

Памянуць Ўльяну Жаранаву, а таксама загінулых на апошняй вайне дзядулю, дзядзькоў, чые магілы раскіданыя далёка ад Наўхавіч, прыехалі з Гомеля тры яе дачкі са сваімі дарослымі дзецьмі, унучкамі бабулі.

Валянціна: «Тут нашыя карані, і мы не павінны іх забываць. Мы будзем сюды прыяжджаць, колькі б гадоў не прайшло. Мы й сваіх дзяцей да гэтага з маленства прывучаем. Заўсёды паказваем, што тут нашы карані, тут пачалося наша жыцьцё».

Бабуля Эўфрасіньня
Бабуля Эўфрасіньня

На Чачэршчыне, у тым ліку і ў выселеных вёсках, прыжылася такая традыцыя. Напярэдадні Радаўніцы, каму ня вельмі далёка, людзі прыяжджаюць, парадкуюць магілы, а на саму Радаўніцу ладзяць супольны велікодны стол. На магільны грудок для памерлых кладуць пачастункі — фарбаваныя яйкі, лустачкі пірага, цукеркі і наліваюць чарачку гарэлкі. Падсілкоўваюцца і самі. І таксама п’юць чарку за памерлых.

Дочкі і ўнучкі Ульяны прыяжджалі прыбіраць магілы сваякоў у мінулую суботу. Шукалі месца ў тутэйшай вёсачцы Беліца, дзе стаяла бабуліна хата. Ледзь знайшлі, бо спэцыялізаванае прадпрыемства «Палесьсе» ня так даўно закапала хаты, пакінутыя пасьля Чарнобылю.

Кветкі на магільны грудок
Кветкі на магільны грудок

Бабулі і хаты нямашака, а ўспаміны засталіся.

Унучка: «На Радаўніцу памерлыя нас ня толькі чуюць, але і бачаць — яны нас бачаць».

Дачка: «А пасьля 12 гадзінаў яны нас толькі чуюць. І толькі сёньня, на Радаўніцу. Наша бабуля заўсёды фарбавала яйкі ў чырвоны колер. Мы хадзілі ў школу ў Наўхавічы, а яна на Радаўніцу прыходзіла сюды а восьмай раніцы. І дзень была сярод магілаў, хадзіла тут. А калі мы, малыя, ішлі са школы, яна ўжо на магілцы сваёй маці пасьцеліць абрус і пакладзе ўсе пачастункі. Мы ўжо бяжым, пачастуемся і разам ідзём дахаты».

Радаўніца ў радыяцыйнай зоне — гэта яшчэ і сустрэчы людзей, якіх чарнобыльская навала раскідала па ўсёй Беларусі.

Памінальны стол
Памінальны стол

Апавядае Валянціна Лябедзька, ураджэнка Слабодкі:

«Прыяжджаем кожны год, каб і яшчэ пабачыцца — з кім поруч жылі, вучыліся. Ведаеце, раднейшых людзей ужо й нямашака, бо мы зь імі столькі часу правялі, маладосьць сустрэлі. Вось Валер — мы зь ім са Слабодкі. Есьць тут і з Зары. Езьдзім, прыяжджаем — радзіма ж адна. Калі радыяцыя здарылася, бацька мой яе не перажыў. Як гэта родны кут пакінуць? Так у шэсьцьдзесят адзін год і памёр. Продкі нашы ўсе тут. У мяне тут пахаваны дзед, баба, маці, бацька».

Ганна Старавойтава прыехала на наўхавіцкія могілкі зь Віцебску. Тут пад белымі бярозамі навечна сьпяць бабуля, дзядуля, бацькава сястра, а ў недалёкай Дубраўцы — бацькі:

«Мы не баімся радыяцыі, бо тут пахаваныя нашы бацькі. Таму мы ідзём сюды».

Тое кажа і Валер Васіленка з Гомеля:

«Ёсьць тут радыяцыя ці няма яе, але калі тут бацькі пахаваныя, то нас усё адно сюды цягне. Мы б сюды ехалі і ехалі. І будзем ехаць — тут ужо нічога ня зробіш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG