Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лейтэнант міліцыі: «Генпракурор? Пайшоў вон!»


Міліцыя не пускае генпракурора Васіля Шаладонава ў Дом ураду, 12 красавіка 1995 г. Фота з газэты "Свабода".
Міліцыя не пускае генпракурора Васіля Шаладонава ў Дом ураду, 12 красавіка 1995 г. Фота з газэты "Свабода".

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты новай кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты». У гэтым разьдзеле — пра рэакцыю кіраўніцтва Вярхоўнага Савету і Генэральнай пракуратуры на зьбіцьцё дэпутатаў апазыцыі БНФ.

А 6-ай раніцы 12 красавіка агляд у «лечкамісіі» зьбітых у Авальнай залі дэпутатаў Апазыцыі БНФ быў завершаны; лекары юрыдычна зафіксавалі ў нас «цялесныя пашкоджаньні».

Абмеркаваўшы сытуацыю, вырашылі пачаць з інфармаваньня пра падзеі кіраўніцтва Вярхоўнага Савета. Мы (Зянон Пазьняк, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, аўтар гэтых радкоў і яшчэ два дэпутаты, не памятаю хто канкрэтна) пайшлі да старшыні Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба.
Гутарылі мы хвілін пятнаццаць (здаецца, у кабінэце знаходзіўся і віцэ-сьпікер Іван Бамбіза, але дакладна быў генэральны пракурор Іван Шаладонаў).

У асноўным, гаварылі мы, а нашы твары з кровападцёкамі і драпінамі падмацоўвалі нашыя словы.

Расповед зрабіў вельмі моцнае ўражаньне і на Грыба, і на Шаладонава.
Генэральны пракурор заявіў, што яго ўжо праінфармавалі пра наш начны зварот у пракуратуру і ён пачынае крымінальную справу (у гэтай справе адбылося нават паседжаньне калегіі Генэральнай пракуратуры).
Грыб, памятаю, назваў тое, што адбылося, дзяржаўным злачынствам і вырашыў тэрмінова сабраць Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету.
Мы былі на гэтым паседжаньні Прэзыдыюму (пасьля яго правялі прэсавую канфэрэнцыю ў вялікай залі на першым паверсе). Нават нашыя традыцыйныя апанэнты зь ліку былой камуністычнай намэнклятуры, пачуўшы пра начныя падзеі ў Авальнай залі, сядзелі прыгнечаныя.

Член Прэзыдыюму, старшыня парлямэнцкай Камісіі па экалёгіі Барыс Савіцкі (той самы, чый подпіс сфальсыфікавалі ў «лісьце 74-ох» да Лукашэнкі з просьбай правесьці рэфэрэндум), заявіў, што пасьля зьбіцьця дэпутатаў ў Вярхоўнага Савета ёсьць толькі два магчымых варыянты. Альбо распачаць працэдуру адстаўкі Лукашэнкі, альбо — самараспусьціцца.

«Беларусь яшчэ ніколі гэтак блізка не падыходзіла да мяжы грамадзянскай вайны» — заявіў Грыб.

На Прэзыдыюме была выказана прапанова не праводзіць пасяджэньне ў Авальнай залі Дому ўраду, а сабраць дэпутатаў у будынку, дзе ў той час месьціўся Вярхоўны Савет (раней тут быў ЦК КПБ, пазьней — адміністрацыя прэзыдэнта), у той самай залі, дзе праводзіліся пленумы ЦК, а ў апошнія гады — нарады дэпутатаў. Аднак прагучала меркаваньне, што ў залі няма электроннай сыстэмы галасаваньня.

Тут шмат што залежала ад Грыба — у яго было дастаткова паўнамоцтваў, каб прыняць рашэньне. Алё ён яго не прыняў і вырашыў абмеркаваць гэта на сэсіі Вярхоўнага Савета, якая паводле пляну, канешне ж, павінна была адбывацца ў Авальнай залі (натуральна, ніякага рашэньня сэсія, якая праходзіла ў аточаным спэцназам Доме ўраду, не прыняла. Пра вынікі гэтай нерашучасьці сьпікера і — пазьней).

На нашай прэсавай канфэрэнцыі, якая сабрала дзесяткі беларускіх і замежных журналістаў, мы расказалі падрабязнасьці начных падзеяў і заявілі, што ў Беларусі адбыўся ўзброены прэзыдэнцкі путч, альбо, іншымі словамі — дзяржаўны пераварот.

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі мы пайшлі ў Дом ураду, які ўжо знаходзіўся ў аблозе міліцыі. На плошчы былі невялікія купкі актывістаў Беларускага Народнага Фронту, якіх міліцыя цясьніла да выхаду з мэтро і далей, у сквэр. Міліцыянты вырывалі з рук «фронтаўцаў» і рвалі бел-чырвона-белыя дзяржаўныя сьцягі.

Плошча зелянела ад колеру людзей у форме, езьдзілі грузавыя аўтамабілі з закратаванымі вокнамі, раўла сырэна. Было поўнае адчуваньне, што цэнтар сталіцы акупаваны войскамі варожай краіны.

Мы паспрабавалі прайсьці ў Дом ураду, аднак ў правае крыло будынку (дзе быў 363-ці пакой Апазыцыі БНФ) нас не пусьціла ахова. Дэпутацкія пасьведчаньні не падзейнічалі. Тады накіраваліся ў пад’езд насупраць — так званы «урадавы» ( менавіта ў тым крыле будынку месьціўся Савет Міністраў). Тут ужо сабраліся журналісты, і міліцыі было паболей, у тым ліку былі і АМАПаўцы.

Нас проста фізычна спынялі, не даючы прайсьці.

Міліцэйскі начальнік нам паведаміў, што дэпутатаў прапускаюць толькі па сьпісе — у якім нашыя прозьвішчы адсутнічалі. Хто падпісаў гэты сьпіс — сказаць адмовіліся.

«Пакажыце мне загад, я — дэпутат Вярхоўнага Савета. І мяне не пускаюць у залю паседжаньняў,» — захаваўся відэазапіс патрабаваньня Уладзімера Заблоцкага да міліцыянтаў.

У гэты момант на ўваходзе зьявіўся генэральны пракурор Васіль Шаладонаў. Але і яго не было ў сьпісе (ён і не павінен быў там быць, у сьпіс уносілі толькі дэпутатаў).

Шаладонаў паспрабаваў прайсьці, але яго схапілі за рукі. «Генэральны пракурор? Пайшоў вон!» — лейтэнант міліцыі быў катэгарычны, і генпракурору давялося прыкласьці немалыя фізычныя намаганьні, каб вырвацца з рук ахоўнікаў.

Згрупаваўшыся, мы ўсё ж прарвалі ланцуг аховы і пайшлі ў бок Авальнай залі. Вакол нас бегалі нейкія людзі з рацыямі — але нас не кранулі. Разам з намі прарваліся некалькі журналістаў, але іх у Авальную залю не пусьцілі.
Прыблізна у 12 гадзін 20 хвілінаў Мечыслаў Грыб вярнуўся зь перамоў з Лукашэнкам.

Газэта «Зважнай» надрукавала ягоныя адказы журналістам адразу пасьля той сустрэчы: калі іх чытаеш — бачыш, што гэта ўжо зусім ня той чалавек які яшчэ пару гадзін таму казаў пра небясьпеку грамадзянскай вайны. Асноўны лейтматыў выкладзенай Грыбам уласнай пазыцыі — пошук кампрамісу з тым, з кім шукаць яго было ўжо бессэнсоўна.

«Кар. : Спадар Цесавец сьцьвярджае, што вы санкцыянавалі эвакуацыю дэпутатаў?

Я казаў, што калі існуе рэальнае небясьпека жыцьцю, патрэбна эвакуяваць, а калі не — хай застаюцца.

Кар. : Якую пазыцыю на пасяджэньні Прэзыдыюма занялі асабіста Вы?

Як заўсёды, ўзважаную. Я не схіляюся ні да аднаго з бакоў, а зараз імкнуся разабрацца ў сытуацыі, якая склалася. Мая галоўная мэта — не дапусьціць кровапраліцьця. Мы апынуліся на самым краі. Я і ў прэзыдэнта быў, і зь Сініцыным размаўляў. Прэзыдэнт кажа, што будынак Дома ўраду — яго рэзыдэнцыя, і што ён нікому не дазволіць парушаць парадак у ёй, нават дэпутатам. Прэзыдэнт таксама гаворыць, што ён быў у курсе ўсіх начных падзей, яму дакладалі.

Кар. : Парлямэнт прыме якое-небудзь рашэньне па начным інцыдэнце?

Грыб: На Прэзыдыюме мы вырашылі падрыхтаваць палітычную заяву з характарыстыкай палітычнай сытуацыі ў краіне напярэдадні выбараў.

Кар. : Але, калі Лукашэнка заяўляе, што ён аб усім ведаў, і вырашыў не дапусьціць парушэньняў ў сваёй рэзыдэнцыі, то бомба тут ні пры чым?

Грыб: Так, сапраўды, гэтае пытаньне вельмі важнае, але лепш пацікавіцца ў самога прэзыдэнта.

Кар. : Пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце зьбіцьця ці выкрыцьця бомбы?

Грыб: Як я зразумеў з адказу Шаладонава на прэзыдыюме ВС, справа ўзбуджаная па факце зьбіцьця. Аднак я лічу, што сам факт магчымасьцяў выкрыцьця бомбы ў будынку Дома ўраду — ужо крымінальны.

Кар. : Спадар Шаладонаў заявіў, што званок паступіў не ад ананіма, а па ўнутраным тэлефоне...

Грыб: Так, генэральны пракурор сказаў менавіта так.

Кар. : Сёньня ў Авальную залю не пускалі журналістаў. Чаму?

Грыб: Прэзыдэнт мне заявіў, што такіх распараджэньняў ён не даваў. Як толькі я да яго зьвярнуўся, пытаньне было зьнятае.

Кар. : А дэпутатаў ад Апазыцыі?

Грыб: Прэзыдэнт заявіў, што парушылі ўчора парадак. А калі яны будуць сябе весьці так, як іншыя дэпутаты, дык нічога супраць гэтых парлямэнтарыяў прэзыдэнт ня мае..»

Гэта вельмі дзіўныя словы з вуснаў сьпікера парлямэнту, які абавязаны кантраляваць выкананьне закону (і, не забудзем, чалавека з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй — Грыб быў генэрал-лейтэнантам міліцыі). Дэпутаты маюць права (і абавязак) працаваць на сэсіі паводле Канстытуцыі і законаў, незалежна ад таго, як яны «будуць сябе весьці», а не паводле жаданьня прэзыдэнта (які, між іншым, абавязаны быць галоўным гарантам Канстытуцыі). У Грыба проста не хапіла мужнасьці сказаць Лукашэнку ў твар тое, што ён мусіў бы яму сказаць: што гэтае начы адбылося дзяржаўнае злачынства, што — мяркуючы па сьведчаньнях дэпутатаў — адказнасьць за гэта нясе сам Лукашэнка, адказнасьць як мінімум палітычную. Варта прызнаць, што генэральны пракурор Шаладонаў у той дзень выявіў куды большую сьмеласьць.

«Кар. : Ці ня выключаеце вы магчымасьць пастаноўкі пытаньняў прэзыдэнцкага рэфэрэндуму на паўторнае галасаваньне парлямэнтарыяў?

Грыб: Прэзыдыюм абмяркоўваў гэтыя пытаньні і прыйшоў да высновы, што ставіць на перагаласаваньне пытаньне рэфэрэндуму ня варта.

Кар. : Прэзыдэнт зноўку настойвае на правядзеньні рэфэрэндуму па чатырох пытаньнях?

Грыб: Так, сапраўды. Прэзыдэнт настойвае на правядзеньні рэфэрэндуму па чатырох пытаньнях, прычым яны будуць насіць абавязковы характар».

Пазьней Алег Трусаў наступным чынам патлумачыць мэтазгоднасьць правядзеньня сэсіі ў будынку Вярхоўнага Савету (а ня Дому ўраду):
«У сваім доме і сьцены дапамагаюць. Будынак Дому ўраду ўжо не належаў Вярхоўнаму Савету., ён належаў прэзыдэнту і ўраду. А будынак на Карла Маркса, 38 яшчэ быў Вярхоўнага Савета. І той мог прыняць рашэньне праводзіць закрытае пасяджэньне, без усялякай дадатковай аховы, але з допускам прэсы, на той час яшчэ шматлікай. І гэта было б вельмі важным стрымліваючым фактарам супраць паўтору начной акцыі. Бо калі б сярод белага дня ў залю пасяджэньняў уварваліся б людзі ва ўніформе, то інакш, як разгонам парлямэнту, адкрытым пераваротам, відавочным для ўсяго сьвету, гэту акцыю патлумачыць было б цяжка. Вакол Дому ўрада, у самім будынку пасьля той ночы знаходзілася безьліч людзей у форме».

І рэч ня толькі ў тым, што перанос пасяджэньня з Дому ўраду дазволіў бы запабегчы паўтору сілавой апэрацыі. Ўсё магло б адбыцца па-іншаму і ў справе рэфэрэндуму.

На пасяджэньні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету (і гэта пацьвердзіў у вышэй цытаваным інтэрвію Мечыслаў Грыб) было вырашана не перагаласоўваць прапанаваныя Лукашэнкам на рэфэрэндум пытаньні. Гэта азначала, што рэфэрэндум, калі б Лукашэнка яго ўсё ж правёў, адбываўся б з парушэньнем прадугледжанай законам працэдуры прызначэньня (зрэшты, ужо само зьбіцьцё дэпутатаў зрабіла плебісцыт нелегітымным).

Можна толькі ўявіць, што адбылося б, калі б Грыб заняў рашучую пазыцыю і, як пра гэта заявілі дэпутаты Апазыцыі БНФ, а таксама нават некаторыя члены Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета — запатрабаваў пачаць працэдуру імпічмэнту Лукашэнкі.

У Авальнай жа залі панаваў страх. Дэпутаты былі вымушаныя працаваць фактычна пад ціскам — псыхалягічным, маральным, ды й сілавым. І падзеі наступных сутак гэта пацьвердзілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG